Вострасучасны "чараўнік"

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Як дысгармонію ператварыць ў гармонію? Роздум пра творчасць Георгія Cкрыпнічэнкі

Каб адкрыць цікавага мастака, трэба зусім няшмат: даць магчымасць яму выставіцца, дазволіць выказаць сваё асабістае ўяўленне пра свет і чалавека. Георгій Скрыпнічэнка не мае такой патрэбы: ягонае імя вось ужо амаль паўстагоддзя вядомае не толькі ў Беларусі — ён удзельнічаў у выстаўках у розных краінах свету, ад Амерыкі да Еўропы, у тым ліку зладзіў свае персанальныя ў ЗША, Канадзе, Францыі. Памятаю і яго выстаўку ў Мінску пад назвай “Экспромт на мяжы тысячагоддзяў” напрыканцы 1990-х.

Аднак сёлетняя, юбілейная, — “Гармонія стагоддзяў” у Нацыянальным мастацкім музеі — асаблівая не толькі па колькасці твораў (каля ста!), але па глыбінным канцэптуальным выяўленні вобразна-пластычнай “аўтабіяграфіі” Майстра, яго каранёвых ідэй, яго шматлікіх духоўных пошукаў творчага шляху “да сябе”. У экспазіцыі “беларускага сюррэаліста”, як часта яго называюць, — работы розных гадоў. Сабраныя разам, яны дазволілі па-новаму ўбачыць выдатнага жывапісца, які здолеў захаваць вернасць, адданасць сабе, сваім прынцыпам у гады шырокага распаўсюджвання ў нашым мастацтве пластычнай абязлічанасці і кан’юнктурнай тэматыкі тады яшчэ ўстойлівага “сацрэалізму”…

/i/content/pi/cult/400/8124/1-2.jpeg

Я пасябраваў з Георгіем яшчэ ў сярэдзіне 1960-х і добра памятаю яго “сюррэалістычную” чорна-белую графіку, зробленую ну зусім не ў духу таго, як яго вучылі ці то ў Студыі выяўленчага мастацтва ў Слуцку, ці то ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Хаця сярод настаўнікаў па сваёй прыродзе высакародны Георгій заўсёды вылучае У.Садзіна, Л.Шчамялёва і А.Малішэўскага. Але ён не стаў іх “капіістам” і нават паслядоўнікам. Проста, як мне здаецца, яны далі яму магчымасць навучыцца самастойна мысліць ды разважаць, быць незалежным у мастацтве ад любых аўтарытэтаў, чужых меркаванняў і поглядаў.

Тым не менш, такая незалежнасць прымушала Скрыпнічэнку шукаць аднадумцаў не толькі ў мастацкім асяродку тагачасных “левакоў” (у тыя часы гэта былі А.Кішчанка, той жа Л.Шчамялёў, пазней — яго трохі маладзейшыя сябры М.Селяшчук, У.Тоўсцік, В.Славук ды іншыя). У гэты асяродак “трапілі” і І.Босх, С.Далі, М.Эрнст, Р.Магрыт, і многія “адраджэнцы”. Хаця, па вялікім рахунку, для Скрыпнічэнкі так і засталіся чужымі такія сюррэалістычныя рысы, як абсурднае супярэчлівае спалучэнне натуралістычных вобразаў праз калажы і тэхналогіі “рэдзі-мейд” (па М.Дзюшэну). Ад сюррэалізму Георгій выкарыстаў алюзіі ды парадаксальныя спалучэнні пластычных форм, і, такім чынам, вызначыў сваё мастацтва як галоўны інструмент вызвалення ад звыклых творчых ды ідэалагічных штампаў і бар’ераў, што існуюць у сучасным жывапісе. Лагічныя і звыклыя сувязі ён замяніў свабоднымі асацыяцыямі, дзе парадаксальнай алагічнасці і спалучэнню прадметаў ды з’яў віртуозна надаў бачную, прыкметную прадметна-пластычную і вобразную верагоднасць, напэўнасць, дакладнасць.

…Калісьці Георгій Сяргеевіч актыўна пачынаў з друкаванай графікі, кніжных ілюстрацый да беларускай літаратурнай класікі ды акварэлі, але ўжо з 1980-х цалкам перайшоў на жывапіс і ў гэтай галіне мастацтва стаў адным з самых значных, вострасучасных чараўнікоў новага вобразна-выяўленчага свету. Гэты свет мастака — добры і журботны, грацыёзны і таямнічы, пранізліва-рэальны і фантастычны, часам трагічны, калі гаворка ідзе пра Чарнобыль ці пра смерць чалавека і прыроды. Пры ўсёй празрыстай элегічнасці, у работах творцы ёсць ноткі настальгіі па тым, што адышло назаўжды, хвалюючае і трывожнае пачуццё тленнасці быцця. Быццам бы за ўсёй гэтай прасторай свету і паветра схавалася чароўная ноч…

Ён часта ўспамінае пра тое, што калісьці бачыў, што і каго любіў, але ўсё гэта даўно мінула. Так, свет Скрыпнічэнкі — выдуманы, сканструяваны, і стаўленне аўтара да адлюстраванай калізіі распазнаюцца не адразу: яны схаваны за апасродкаванасцю мастацкага мыслення і пастаянным імкненнем да іншасказання, за ўскладненасцю, “закадзіраванасцю” пластычнай мовы. Такі падыход да рашэння сваіх задач пазбаўляе творцу непасрэднасці, але затое дае прастору для фантазіі, уяўлення гледача. Метафарычная значнасць усіх элементаў формы — колеру, святла, прасторы, суадносін аб’ёмаў і г. д. — робіць такія творы разлічанымі на маштабнае ўспрыманне. У іх — тэкст і падтэкст, відавочная (і часцяком займальная) сюжэтная кампазіцыя ды прыхаваны сэнс, вонкавы, адкрыты “сюр” і ўнутранае напружанае выяўленне аўтарскага стаўлення да свету, адкрыты зварот да ўзораў мастацтва мінулага і пошукі самабытнай пластычнай мовы.

У рамках такой сістэмы выразнае месца адводзіцца іроніі: яна дапамагае схаваць гэтыя, часам пакутлівыя, пошукі формы светаўвасаблення і ўзнікае ад эмацыйнага аддалення мастака ад аб’екта адлюстравання ды нежадання адкрыта выявіць свае пачуцці. Іронія Скрыпнічэнкі дапускае інтэлектуальную ацэнку з’явы: спачатку — творцай, а потым — гледачом. Мастак прапаноўвае зірнуць на свет збоку, перш чым яго прыняць або адхіліць. Іронія прадвызначае многія глыбінныя ўласцівасці эмацыйнай структуры жывапісу, стварае пэўную дыстанцыю паміж мастаком і гледачом. Тут няма прамых і адкрытых эмацыйных адносін — іронія выклікае неабходнасць дашуквацца сапраўдных аўтарскіх пачуццяў, а не атрымліваць іх “з рук у рукі”.

/i/content/pi/cult/400/8124/1-3.jpeg

Георгій Скрыпнічэнка, як правіла, “да краю” запаўняе свае сюррэалістычныя палотны, прасякнутыя глыбока схаванай іроніяй ці сарказмам, пранізліва-шчаслівым святлом, які дае фігурам, прадметам ды іншым атрыбутам і аксесуарам адчуванне нейкага шматслойнага духоўнага Універсуму, дзе несумяшчальныя ў рэальным свеце рэчы, калізіі ды сітуацыі апынаюцца ў адзінай гульнявой і “знакавай” прасторы. Гэта бачна ў такіх палотнах, як “Гармонія стагоддзяў”, “З вякоў мінулых”, “З гісторыі чалавецтва” і “Вехі чалавецтва”, “Ланцуг жорсткасці”, “Напрамак адзін — адзіноцтва”, “Апакаліптычны вынік”, “Ружовы ўсход — пахаванне Еўропы”, “Сёння раніцай а дзявятай”, “Па шляхах жыцця”, “Нараджэнне”, “Мілая старонка”, “Свет уратаванай прыгажосці. Алегорыя міру”, “Спевы роднага краю”, “Рабі сваю справу”, “Не сумуй, Ганначка, заўтра вяселле! — У Чарнобылі свята” і “Забруджаная зямля”, “Смутак, прысвячаю Радзіме”, “Мудрагелістая Еўропа”, “Веснавая арытмія”, “Кола жыцця”, “Свята. Радаўніца”, “Непарушнае становішча”… Але ён і “чысты” рэаліст у найвышэйшым сэнсе слова, калі малюе беларускія краявіды або нацюрморты ў стылі галандцаў, як гэта бачна, напрыклад, у работах “Каля Мані”, “Бясконцасць часу”, “Паміж Валожынам і Вішневым”, “Вушаччына. Зямля Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна”, “Германавічы, спатканні. Зямля Язэпа Драздовіча”, “Вязынка”, “Успаміны”, “Нацюрморт з арэхамі”…

Вельмі шмат карцін у творчай спадчыне мастака: я ведаю, што ён нават у святы стаіць у сваёй майстэрні ля мальберта. Над некаторымі работамі ён працуе вельмі доўга. Канешне ж, шмат што змянілася ў яго жывапіснай метафарычнай палітры, але тая душэўная шчодрасць, чалавечая камунікабельнасць, тое рэдкае пачуццё таварыства, якое я назіраў у творцы яшчэ ў маладосці, засталіся ў яго па-ранейшаму непарушным залатым стрыжнем...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"