Стэрэакашчэй

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Прытчы, цыклы, двайнікі: філасофскі трактат у 3D

“Кашчэй Бессмяротны” ў трэці раз даказаў сваю “неўміручасць” на беларускай опернай сцэне. У нашым Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры адбылася прэм’ера новай рэдакцыі гэтай оперы М.Рымскага-Корсакава.

Афіцыйна цяперашні “Кашчэй…” — быццам бы другая рэдакцыя пастаноўкі, што ўпершыню была ажыццёўлена амаль той жа творчай групай (і тымі ж, дарэчы, салістамі) на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў, калі ў тэатры ішла рэканструкцыя (гл. “К” № 10 за 2008 г.). Насамрэч, цяперашняя спроба — ужо трэцяя. Бо другая, так бы мовіць, “мела намер” ажыццявіцца, калі тэатр вярнуўся ў адноўлены будынак. Сапраўды, пасля вяртання трупы ў родныя пенаты спектакль з’яўляўся ўжо аднойчы на афішы. Праўда, напярэдадні, калі ранейшую сцэнаграфію, разлічаную на меншую сцэну, паспрабавалі ўладкаваць на вялікай, давялося “даўкамплектоўваць” яе дадатковымі элементамі з іншых спектакляў, каб запоўніць прастору.

/i/content/pi/cult/400/8123/1-1.jpeg

Цяперашняя “рэдакцыя” шмат у чым успрымаецца як абсалютна новая пастаноўка. І справа не адно ў эфектах 3D, якімі так ганарыцца тэатр! Захаваўшы многія дэталі, пазнавальныя па сцэнічнай версіі 2008 года, у цяперашнім выглядзе опера прынцыпова змяніла змест. І, пры ўсёй “эфектыўнасці эфектаў”, наблізілася не да эстэтыкі камп’ютарных гульняў ці кіношных фэнтазі, а зрабіла ўхіл у бок далейшых філасофскіх разважанняў ды распаўсюджанай апошнім часам тэорыі цыклічнасці гістарычнага працэсу.

Галоўнай у спектаклі становіцца не “прыватная”, “асобна ўзятая” гісторыя Царэўны і яе шчаслівага выратавання (паводле ранейшай пастаноўкі, вызваленне з Кашчэева царства ёй увогуле толькі прыснілася), а заканамерная “паўторнасць” такіх гісторый раптоўнага “знікнення” прыгажунь з-пад кветкавага вянка (так і хочацца сказаць: з-пад шлюбнага вянца). На ідэю цыклічнасці працуе і само атачэнне прэм’еры, а менавіта яе спалучэнне ў адзін вечар з балетам “Шахразада” на музыку ўсё таго ж М.Рымскага-Корсакава.

Балет быццам пачынаецца з таго, на чым скончылася опера (знікла яшчэ адна прыгажуня), і распавядае яшчэ адну гісторыю на тую ж тэму. Іншымі словамі, становіцца чарговым “цыклам” гістарычнага ланцужка, з крыху іншым развіццём падзей, але з той жа выведзенай заканамернасцю перамогі сэрца над розумам. А завяршэнне оперы “буйным планам” не нявесты, а новаспечанага жаніха, разгубленага знікненнем абранніцы, вымушае і далейшы балет успрымаць нібыта мужчынскімі вачыма, нават як думкі героя пра магчымыя прычыны “ўцёкаў” прыгажуні і яе лёс, нафантазіраваны пякучай рэўнасцю.

На ідэі цыклічнасці ды варыятыўнасці разгорту падзей працуе і сістэма двайнікоў, што ўзнікла ў новай пастаноўцы: тут і вялізнае чароўнае люстэрка, у якім адбіваюцца партрэты галоўных дзеючых асоб, і сцэнічныя двайнікі Кашчэя з яго памагатымі, Царэўны, Бура-Волата, нават зваротная “люстэркавасць” Пралога і Эпілога, якіх не было ў кампазітара. Але ў тым і справа, што насамрэч падобная “падвойнасць” вобразаў — неад’емная частка эстэтыкі М.Рымскага-Корсакава. Многім яго операм, як даўно заўважана, уласціва “парнасць” жаночых вобразаў, замацаванне супрацьлеглых рыс характару (побытавых, “зямных” — і духоўных, узнёслых) за рознымі гераінямі, кожная з якіх — бы адбітак сваёй саперніцы ў “крывым люстры”.

Ва ўмовах камп’ютарнай графікі (Алена Ахрэменка) ды тэхнічных прыстасаванняў па-новаму зайграла сцэнаграфія Любові Сідзельнікавай. Усе гэтыя эфекты найлепшым чынам адпавядаюць агульнай задуме, а не глядзяцца “цыркавымі фокусамі”. Пры новым асвятленні (Людміла Кунаш) спектакль набывае дадатковы нацыянальны акцэнт, прычым не рускі, а менавіта беларускі — праз уласцівыя нашай старадаўняй культуры драўлянае дойлідства і драўляныя скульптуры (у цемры некаторыя з іх нагадваюць бомбы, скінутыя на Беларусь летам 1941-га), праз асацыятыўныя сувязі з творчасцю Валерыя Славука ды іншыя традыцыі беларускай, а не расійскай кніжнай графікі (“рускі лубок” з’яўляецца хіба ў “шчаслівым” фінале). Аб’ёмнасць прасторы ў фармаце 3D працягваюць “стэрэаэфекты” ў гучанні хору (хормайстар — Сяргей Аграновіч). Такой жа каларыстычнай 3D-выявы замест плоскага чорна-белага “фота” так і хочацца надаць аркестру (дырыжор — Іван Касцяхін).

Салісты, пачынаючы з Алены Бундзелевай (Царэўна), пераўзыходзяць сябе саміх чатырохгадовай даўніны, а гэта — сведчанне далейшага плённага развіцця іх таленту. Кашчэй Аляксандра Жукава відавочна ўзрастае з Бамелія “Царскай нявесты”, хаця спявак выконваў там звычайна Лыкава. Кашчэеўна Алены Сало становіцца ўдалым сінтэзам яе Канчакоўны з “Князя Ігара”, Мадалены з “Рыгалета” і Кармэн. А колькі трапяткой, аксамітнай стомы ў мяккім барытоне Ільі Сільчукова, які малюе свайго Івана-Каралевіча высакародным шляхцічам — не ваяром, а інтэлігентам “у пятым калене” (на прэм'еры партыю цудоўна, заўзята спяваў артыстычны Андрэй Марозаў). Удала “бура-валатоўнічае” Дзмітрый Капілаў: што па пластыцы рухаў, што па пластыцы голасу. І руская сімвалісцкая казка канчаткова ператвараецца ў беларускую прытчу: кашчэі, паводле рэжысёрскай думкі, — “унутры кожнага з нас”…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"