“Лістапад”: "адрэзак"-2012

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Як ствараць рэпутацыю, не выпасці з кантэксту ды абысціся без "спрэчных" зорак?

Усё ж такі фільм “Каханне” Міхаэля Ханеке не стаў завяршаюшым мерапрыемствам Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Каб падтрымаць добрую традыцыю падвядзення вынікаў кінафоруму і пазначыць новыя стратэгіі яго развіцця, арганізатары, удзельнікі і госці “Лістапада” пасля яго сімвалічна завяршэння сабраліся ў кінатэатры “Цэнтральны” на тэматычны “круглы стол”.

Перш за ўсё намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі выказаў удзячнасць членам журы, гасцям і ўдзельнікам фестывалю за плённую працу на кінафоруме. На яго думку, “Лістапад-2012” выканаў свае асноўныя задачы. “Прайшлі цудоўныя конкурсныя праграмы, глядач застаўся задаволены, нашы госці здолелі пазнаёміцца з Мінскам як сталіцай еўрапейскай дзяржавы, з нашымі людзьмі, са шчырым стаўленнем да гасцей, і я лічу, што фестываль — адбыўся”.

/i/content/pi/cult/400/8122/2-3.jpeg

Госці, у сваю чаргу, літаральна абрынулі лавіну кампліментаў на адрас праграмы кінафестывалю. У прыватнасці, французскі рэжысёр, акцёр і сцэнарыст Стэфан Фанкінос, член журы конкурсу “Маладосць на маршы”, ухваліў дырэктара праграм ігравога кіно і “Лістападзіка” Ігара Сукманава за смеласць пры адборы карцін на конкурс маладога кіно. “Цяпер у Францыі я буду абавязкова раіць сваім калегам фестываль “Лістапад”, развіваць яго рэпутацыю, бо тое, што я ўбачыў тут, не заўсёды ўбачыш і на еўрапейскіх кінафорумах”, — падкрэсліў ён. Высокі густ і адчуванне сучасных тэндэнцый у сусветным кіно ў падборы кінапраграм ухвалілі амаль усе прысутныя “круглага стала”.

Мінскі глядач прызнаны “тонкім і цікаўным да кіно”. “Я бачыў глядацкі хіт-парад, — сказаў расійскі кінакрытык, дзейны член Еўразійскай тэлеакадэміі мастацтваў “Ніка” і Еўрапейскай тэлеакадэміі Леанід Паўлючык, — і ў верхніх яго радках былі зусім няпростыя карціны: тыя ж “У тумане”, “Жыць”… Гэта сведчыць пра разуменне гледачом аўтарскага кіно, пра яго чуласць ды адкрытасць да кінематографа”. Не абмінулі ўвагай госці і гасціннасць гаспадароў “Лістапада”, адзначыўшы прыязную ды камфортную атмасферу, у якой ладзіўся форум.

/i/content/pi/cult/400/8122/2-5.jpeg

Разам з тым, удзельнікі ўнеслі і канструктыўныя прапановы па паляпшэнні работы фестывалю. Так, расійскі рэжысёр, член журы асноўнага конкурсу дакументальнага кіно Эдгар Барценеў выказаў спадзяванне на адкрыццё асобнай, стацыянарнай і з годным абсталяваннем пляцоўкі для дакументальнага кіно. “Так, дакументальнае кіно проста выпала з-за агульнай насычанасці кінапраграмы”, — падтрымаў калегу арт-дырэктар Міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага і дакументальнага кіно “Пасланне да чалавека”, старшыня журы конкурсу нацыянальных кінашкол Ігар Гуськоў. “Як і шматлікія іншыя стужкі кінапраграм”, — падхапілі ўдзельнікі розных журы, якія не паспелі пазнаёміцца з разнастайнымі кінапрапановамі “Лістапада” з-за шчыльнай занятасці на сваіх “адрэзках”. Госці заўважылі, што ім усё ж хацелася б мець час і для знаёмства з Мінскам, яго славутасцямі.

Не саступілі сваіх пазіцый і спецыялісты па дакументальным кіно. Яны падкрэслілі, што варта было б адкрыць асобны Цэнтр дакументальнага кіно, які даваў бы магчымасць гэтаму віду мастацтва больш упэўнена пачуваць сябе. Каб той глядач, якому не ўдалося паспець на фільмы адмысловых конкурсных праграм форуму, мог убачыць выбітныя стужкі на вялікім экране і ў добрай якасці, як і бягучыя кінанавінкі дакументалістаў у цэлым. “Сёння дакументалістыка ўвашла ў новую эру, — выказаў сваю пазіцыю Эдгар Барценеў. — І, магчыма, Мінск, увогуле, саспеў для таго, каб зладзіць асобны кінафорум дакументальнага кіно?”

/i/content/pi/cult/400/8122/2-2.jpeg

З прапановай правесці дадатковыя паказы не толькі дакументальных, але і ігравых стужак фестывалю выказаўся наш калега, кінакрытык Антон Сідарэнка: “Лістапад”, на маю думку, павінен існаваць не толькі для мінчан. Было б яшчэ лепш, каб стужкі фестывалю пасля яго завяршэння траплялі ў кінапракат па ўсёй рэспубліцы. Можна зладзіць так званае “Рэха “Лістапада”, даўшы магчымасць пазнаёміцца з кінанавінкамі тым, хто не здолеў гэта зрабіць у час форуму”.

Агучаная заўвага выклікала дыскусію. З аднаго боку, дырэкцыя пагадзілася са слушнасцю прапановы, з іншага ж — кожны дадатковы паказ пэўнай стужкі патрабуе дадатковай дамовы і аплаты, “абмалявалі карціну” бізнес-стасункаў Анжаліка Крашэўская і Ігар Сукманаў. Ігар Гуськоў на гэта прапанаваў такую формулу: паказваць стужкі мінулых фестываляў па тэлебачанні, рэкламуючы тым самым як мінскі кінафорум, так і добрае кіно. “На наступны год пасля трансляцыі з цырымоніі адкрыцця “Лістапада-2013” можна пусціць у эфір таго ж сёлетняга ўладальніка Прыза глядацкіх сімпатый — польскую стужку “Веласіпед майго бацькі”, — прывёў ён прыклад.

Ідэя была падтрымана, але многія ўдзельнікі “круглага стала” падкрэслілі, што варта і несталічнай публіцы бачыць выбітныя карціны менавіта на вялікім экране кінатэатра. “Кіно нам распавядае пра тое, як жывуць людзі, куды рухаецца свет, — з’яўляюцца трапнымі ў дадзеным кантэксце словы расійскай кіназнаўцы Ніны Цыркун, — І ў тым ліку, яно з’яўляецца важным кампанентам нацыянальнай і асабістай самаідэнтыфікацыі”. “Людзі з рэгіёнаў маюць бачыць кіно не толькі па тэлебачанні”, — падсумавала англійскі кінакрытык, даследчык кіно і тэатра Біргіт Боймерс.

Таксама на “круглым стале” было ўзнята і пытанне неабходнасці прысутнасці на кінафоруме “не прывязаных” да бягучай кінапраграмы (і, да ўсяго, высокааплатных) зорак кінематографа. “Глядзець на Дзмітрыя Харацьяна, які колькі гадоў запар спявае песню са стужкі Святланы Дружынінай, мне асабіста сумна”, — прызналася Ніна Цыркун — і не была адзінокая ў сваім перакананні. “Я са значна большым задавальненнем пазнаёмілася б з вашымі артыстамі, даведалася больш пра беларускую культуру”, — выказала кінакрытык сваю зацікаўленасць.

Тэзіс выступоўцы спарадзіў шэраг іншых пытанняў: а што рабіць з трансляцыяй цырымоніі адкрыцця на галоўным беларускім канале? Што рабіць з тымі білетамі, якія прадаюцца на шоу? “Вядома, што тэлеглядач ды звычайная публіка акурат і хоча ўбачыць тую зорку, якую ведае”, — пракаменціраваў складанасць сітуацыі той жа Ігар Гуськоў. “І , натуральна, нам хочацца неяк пагасіць выдаткі на кінафестываль, — патлумачыў пазіцыю арганізатараў Уладзімір Карачэўскі. — Чаму мы не можам пайсці на такі крок, як продаж білетаў на адпаведныя цырымоніі?” Пасля абмену думкамі было зразумела, што гэтая праблема вымагае сапраўды ўдумлівых ды нешараговых рашэнняў.

Як і пытанні павелічэння бюджэту фестывалю і штата дырэкцыі. Праца каманды фестывалю выклікала ў многіх гасцей высокую ацэнку. “Мне нават хочацца, каб мы проста ўтрымалі гэты ўзровень, на які ўдалося ўзняцца сёлета, — выказала сваю думку беларускі рэжысёр, старшыня конкурсу дакументальнага кіно “Лістапада” Галіна Адамовіч, — Але дзеля гэтага варта берагчы людзей, якія ўкладваюць у гэтую справу ўсе свае сілы і душу…”

/i/content/pi/cult/400/8122/2-6.jpeg

Замест P.S.

Лінія “разбору” сапраўднага кіно

“Лістапад-2012” увайшоў ва ўласную гісторыю як фестываль з сучасным і адкрытым светапоглядам. Не проста кіно, якое мае прэстыжныя ўзнагароды, не набор выпадковых рэтраспектыў, а аўтарскі зрэз жыцця грамадства ў самых разнастайных тэхніках і формах, рэфлексіі мастакоў, прадстаўленыя высокамастацкай мовай кіно, — вось што паказаў нам мінскі кінафорум у такім, здавалася б, простым фармаце, як “фестываль фестываляў”.

Сёння ён ужо цікавы не адно нашым суседзям, але і гасцям з далёкага замежжа. Сёння ён вучыць па-іншаму ставіцца да кіно, якое, як высветлілася, можа быць не толькі кранальным, добрым, вясёлым, а і жорсткім, цяжкім, складаным і, адначасова, з моцным сэнсавым ды эмацыйным пасылам, які змяняе ўспрыманне ўласнага жыцця. “А мы і забылі, што прагляд сапраўднага кіно — гэта работа”, — сказала на выхадзе з фестывальнага паказу адна глядачка.

Сёлета “Лістапад” імкнецца паказаць, што час утопій мінуў, і толькі пазначаючы нашы праблемы ды размаўляючы пра іх, магчыма адшукаць рашэнні.

Мінскі кінфорум даў магчымасць змяніцца не толькі гледачу, але і маладым кінематаграфістам. Конкурс нацыяльных кінашкол прапаноўваў шэраг найкарыснейшых майстар-класаў — гэта не лічачы персанальнага “разбору” конкурсных работ кінаэкспертамі. І хацелася б прадоўжыць гэтую “лінію”, увёўшы ў праграму кінафоруму практыку пітчынгаў — прэзентацый кінапраектаў з мэтай знаходжання інвестараў.

“Лістапад-2012” запомніўся і стаўленнем да яго айчынных кінематаграфістаў. Можна ўзгадаць тыя ж цырымоніі адкрыцця і закрыцця, калі нашы акцёры прадстаўлялі стужкі, што стварылі славу “Беларусьфільма”, намінацыі, у якіх атрымлівалі ўзнагароды прызёры. Было бачна, што тыя выступленні для іх — не проста работа. Згадайма і адзнаку паўвекавога юбілею Беларускага саюза кінематаграфістаў, паднесеную ў выглядзе густоўнай нарэзкі карцін славутых беларускіх рэжысёраў на цырымоніі адкрыцця. Ці ж гэта не тыя важныя “дэталі”, што сведчаць пра самапавагу гаспадароў форуму?

Вядома, не ўсё на фестывалі было дасканала. Ды імгненна ўсё і не змяняецца. Варта падумаць пра сам стыль "падачы" фестывалю, які пазіцыянуецца як гарадскі. Сапраўды, даць магчымасць публіцы прагледзець розныя праграмы не ў адзін час і прадугледзець хаця б колькі дадатковых паказаў. Мо фінансавы бок іх правядзення забяспечылі б спонсары?

Аднак за тое, што “Лістапад” даў магчымасць за некалькі дзён пражыць асобае, поўнае моцных і сапраўдных уражанняў жыццё, хочацца падзякаваць аго арганізатарам.
Фота Аляксандра Дзмітрыева

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"