Нам далі “прэміяльныя”!

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Уражанні і развагі ў кулуарах ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі

У панядзелак, 19 лістапада, інтрыга Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі будзе вырашана: на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі мы даведаемся імёны пераможцаў. Цяпер жа, пакуль працягваюцца конкурсныя паказы намінаваных спектакляў, прапануем чытачам разгорт думак удзельнікаў адбораў і членаў журы, названага, паводле традыцыі, Беларускай тэатральнай акадэміяй.

Конкурсную праграму, як і летась, адкрывалі віцябчане.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-1.jpeg

— Мы прыехалі з цудоўным настроем! — падзялілася ўражаннямі народная артыстка Беларусі Святлана Акружная (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). — Вельмі пачэсна не толькі тое, што наша пастаноўка намінавана на Нацыянальную прэмію, але і тое, што нашаму калектыву выпаў гонар паказваць свой спектакль на ўрачыстым адкрыцці гэтага конкурсу. Мы прывезлі пастаноўку паводле Уладзіміра Караткевіча — нашага знакамітага класіка, зварот да творчасці якога — яшчэ і вялікая адказнасць. У Віцебску стаіць яму помнік, мы ж намагаліся зрабіць жывы “тэатральны” помнік, вельмі шчыры і эмацыйны. Мы рады сустрэчы са сваімі калегамі, бо самае галоўнае ў гэтым форуме — тое, што мы знаёмімся з творчасцю адно аднаго: з новымі спектаклямі, новымі імёнамі, незвычайнымі рэжысёрскімі знаходкамі, акцёрскай ігрой, нашай беларускай драматургіяй, нечаканымі рашэннямі класікі. Таму кожны тэатр прыязджае сюды не толькі ў надзеі на перамогу, але і за гэтым працэсам спазнання і штораз новых адкрыццяў…

/i/content/pi/cult/400/8121/1-2.jpeg

— Летась мы са Святланай Акружной, — дадала яе калега з гэтага ж тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова, — былі намінантамі на лепшыя жаночыя ролі, ігралі спектакль “Квартэт”. І хаця прэмію мы не атрымалі, ужо адно тое, што былі на яе вылучаны, дае падставу для гонару. Бо прэмія невыпадкова называецца Нацыянальнай: ужо самой назвай падкрэслена, што тэатр — гэта справа дзяржаўная, што тэатральнае мастацтва — неад’емная частка культуры беларускага народа. Галоўнае ў статусе Нацыянальнай прэміі — акрэсліць дзяржаўныя прыярытэты, азначыць зацікаўленасць Урада ў развіцці мастацтва, якое, да ўсяго, дапамагае асэнсаваць нашы нацыянальныя асаблівасці і ўзняць цікавасць да нашай краіны з боку замежжа...

/i/content/pi/cult/400/8121/1-3.jpeg

— Той фармат, у якім праходзяць паказы намінаваных спектакляў, — уключыліся ў размову прадстаўнікі Гомельскага абласнога драматычнага тэатра народная артыстка Беларусі Людміла Лаўрыновіч і намеснік дырэктара па інфармацыйнай працы, заслужаны дзеяч культуры краіны Валянціна Рагоўская (на здымку), — успрымаецца як своеасаблівы майстар-клас. Дый уся наша Нацыянальная тэатральная прэмія — гэта цудоўны абмен вопытам, які дазваляе скласці агульную карціну развіцця тэатральнага мастацтва ў краіне. Добра, што сёлета падзялілі намінацыі, асобна вылучылі і лялечныя спектаклі, і дзіцячыя, тым самым павялічыўшы да іх увагу. Ужо адно гэта сведчыць, што арганізатары імкнуцца ўдасканальваць правядзенне конкурсу, гатовы рабіць слушныя папраўкі, каб з кожным годам прэмія мацнела ды набірала вагу…

Цікава было паслухаць і думкі самых, бадай, “незалежных” суддзяў — кампазітараў, аднолькава пазітыўна настроеных да ўсіх тэатраў і іх работ.

/i/content/pi/cult/400/8121/17-3.jpeg

— У розныя часы, — распавёў народны артыст Беларусі Сяргей Картэс, — мне давялося супрацоўнічаць ледзь не з усімі тэатрамі. Таму сёння мне ўдвая цікава, як яны развіваюцца, куды ідуць. Нацыянальная тэатральная прэмія дае магчымасць параўнання, акрэслівае далейшую гістарычную лінію айчыннага тэатра, бо вылучэнне лепшага — гэта, па сутнасці, выпрацоўка стратэгіі развіцця нашай культуры. І тут вельмі важна не памыліцца, выбраць папраўдзе лепшае, бо яно адразу становіцца эстэтычным арыенцірам.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-5.jpeg

— Правядзенне другі год запар Нацыянальнай тэатральнай прэміі, — адзначыў адзін з самых “тэатральных” кампазітараў Уладзімір Кандрусевіч, — безумоўна, добрая з’ява. Упэўнены, сёлета яна прынясе не меншыя адкрыцці, чым летась. Арганізацыя значна палепшылася, тэрміны сталі больш акрэсленыя. Але галоўнае — гэта ўмацаванне стасункаў паміж дзеячамі культуры, бо за мінулыя дзесяцігоддзі гэты працэс амаль не развіваўся.

Карыснай лічаць прэмію і тыя, хто пакуль не трапіў у лік намінантаў.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-6.jpeg

— Наш тэатр, — распавядае рэжысёр-пастаноўшчык Палескага драматычнага тэатра Павел Марыніч, — адзін з самых маладых у краіне: ён быў заснаваны толькі ў 2006 годзе. Летась мы ў конкурсе не ўдзельнічалі, а сёлета вылучалі ажно тры свае спектаклі на атрыманне Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Праўда, пакуль беспаспяхова: нашы пастаноўкі, на жаль, не прайшлі папярэдні адбор камісіі і, адпаведна, не трапілі на цяперашнія сталічныя паказы. Але мы ведаем, што нам ёсць чаму павучыцца. І — вучымся! Дзе ж нам яшчэ паглядзець, як працуюць нашы калегі? Таму рукі не апускаем, будзем “штурмаваць” тэатральны Алімп і надалей. На нашай афішы — такія нядаўна пастаўленыя спектаклі, як “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы (ён быў, дарэчы, сярод прапанаваных намі на прэмію), “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава ды іншыя. Радуе, што публіка нас падтрымлівае: білеты, асабліва на прэм’ерныя спектаклі, раскупляюць на месяц наперад. Вядома, калі надыходзіць пік сельскагаспадарчых работ, гледачоў бывае менш, але зараз — не хлушу! — спрэс аншлагі. І гэта — яшчэ адно сведчанне таго, наколькі своечасова была ўведзена прэмія. Публіка ўжо “саспела” для таго, каб успрымаць тэатр неад’емнай часткай свайго жыцця. І вынікі цяперашняга конкурсу, які мае нацыянальны маштаб, пакліканы скіраваць густы гледачоў у правільны бок, сфарміраваць адпаведную грамадскую думку вакол новых спектакляў. І, у рэшце рэшт, — садзейнічаць яшчэ большай зацікаўленасці тэатральным мастацтвам…

Сёлета, як неаднаразова даводзілі журналістам, арганізатары хацелі дапамагчы журы ў іх працы. І намагаліся прасунуць новаўвядзенне, адпаведна з якім літаральна пасля кожнага спектакля “арганізацыйная група” будзе вызначаць, за каго галасаваць, і выносіць гэта як “падказку”-рэкамендацыю — праўда, як падкрэслівалі, зусім не абавязковую для выканання. Але на першым жа арганізацыйным сходзе журы прапанова “не прайшла”, бо многія дзеячы тэатра прагаласавалі “супраць”. Дый пасля абмеркавання яшчэ доўга не маглі супакоіцца.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-7.jpeg

— Удзел у журы такога значнага конкурсу, як Нацыянальная тэатральная прэмія, — заўважыў артыст Алег Чэчанеў з Мінскага абласнога драматычнага тэатра, што знаходзіцца ў Маладзечне, — не толькі дае шмат уражанняў. Любое “судзейства” вымагае вытрымкі, дысцыплінаванасці, а галоўнае — выпрацоўкі пэўных эстэтычных крытэрыяў. Сапраўды, чым нам усім кіравацца пры вызначэнні лепшых? Нейкімі ўласнымі сімпатыямі? Ці выключна прафесійнымі якасцямі, незалежна ад таго, наколькі яны кранулі яшчэ і сэрца? Кожны тут дзейнічае так, як падказвае яму сумленне. І нейкія знешнія “падказкі”, што і як рабіць, — залішнія. Тады ўвогуле можна было б нікуды не ездзіць, а глядзець усё на дысках. Праца журы — гэта, найперш, адказнасць…

/i/content/pi/cult/400/8121/1-8.jpeg

— “Журыць” зусім не цяжка, — не пагадзілася яго калега Ірына Камышава, таксама з Маладзечна. — Трэба проста прыслухоўвацца да свайго сэрца: калі кранае, застаецца з табой, вымушае вяртацца ў думках зноў ды зноў — гэта і ёсць лепшае. Тэатр ужо сам па сабе — свята. А калі збіраюцца разам лепшыя пастаноўкі з усёй краіны — гэта яшчэ і школа, дзе ўсе вучацца адно ў аднаго. Складзіце гэтыя паняцці разам — атрымаецца штосьці накшталт гэткай “святочнай школы”, дзе ўсё азорана любоўю і святлом. Што можа быць лепш?..

Увогуле, пра крытэрыі ацэнкі разважалі многія.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-9.jpeg

— Я ўпершыню выступаю ў якасці члена журы, — сказала Наталля Бакавец, артыстка Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. — Але мне ёсць з чым параўноўваць, бо я шмат паглядзела не толькі нашых, беларускіх спектакляў, але і замежных — не адно тых, што прывозілі да нас на гастролі. І хаця арганізацыя Нацыянальнай прэміі добрая, усё ж хацелася б бачыць на паказах папраўдзе найлепшыя пастаноўкі. А яны ў нас ёсць! Можа, гэта мая асабістая думка, але, здаецца, на прэмію вылучылі не ўсё тое лепшае, што ў нас было створана за гэты час…

/i/content/pi/cult/400/8121/1-10.jpeg

— Упэўнены, Нацыянальную тэатральную прэмію трэба ўдасканальваць і надалей, — лічыць дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў. — Бо пакуль не зроблена многае з таго, пра што гаварылася летась. Пастаноўкі, як і раней, папярэдне адбіраюцца па відэа, паколькі не створана камісія, якая будзе “жыўцом” глядзець спектаклі на працягу ўсяго сезона, наведваючы тэатры не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Такую працу трэба распачынаць літаральна на наступны дзень, як будуць падведзены вынікі чарговай прэміі. Не зусім зразумела і тое, чаму ад аднаго тэатра, як паказала практыка, вылучаюць не больш за адзін спектакль. А раптам там адразу ўзнікла некалькі добрых і, галоўнае, — лепшых, чым у іншых? Думаю, прынцып “кожнай сястрыцы — па завушніцы” не зусім правільны для такога прафесійнага конкурсу, якім і павінна быць Нацыянальная прэмія. Бо яе прызначэнне — вызначаць, у які бок рухацца нашым тэатрам надалей. А гэта значыць — арыентавацца на лепшае…

“Пакрыўджаным”, да прыкладу, застаўся Гродзенскі абласны драматычны тэатр, прадстаўнікі якога выказвалі абсалютна справядлівыя заўвагі:

— Наш “Палёт над гняздом зязюлі” заваяваў Прэмію імя народнага артыста СССР Кірыла Лаўрова на ХІV Міжнародным фестывалі “Сустрэчы ў Расіі”, які праходзіў увесну ў Санкт-Пецярбургу. Летам мы прывозілі гэты спектакль і на свае гастролі ў Мінск — ён выклікаў вялікую цікавасць гледачоў, самыя высокія ацэнкі знаных тэатральных крытыкаў. І раптам гэтая пастаноўка, што заслужыла ўжо міжнароднае прызнанне, прычым у спецыялістаў, не праходзіць адбор на Нацыянальную прэмію... Чаму? Адказу на гэтае пытанне мы так і не атрымалі. І ў каго яго можна атрымаць? Звяртаемся да крытыкаў, але тыя ў адзін голас сцвярджаюць, што спектакль — вельмі добры і мог бы прэтэндаваць, акрамя ўсяго, на лепшыя мужчынскія ролі. У чым жа справа? Пэўна, падобныя пастаноўкі, адзначаныя замежнымі ўзнагародамі, патрабуюць да сябе ўвагі і ўнутры краіны. Таму было б мэтазгодна ўключаць іх у паказы Нацыянальнай прэміі хаця б на правах “гасцявых”, па-за конкурснай праграмай…

Дый сам расклад праграмы, пэўна, мог быць больш зручным. На оперу “Аіда” ў Вялікі тэатр журы трапіла не ў поўным складзе, бо ў гэты дзень працавала практычна без абеду і вячэры: тры конкурсныя спектаклі ішлі на розных сцэнах адзін за адным — а 14-й, 16-й і 19-й гадзіне. Другі, да ўсяго, завяршыўся літаральна “ўсутыч” з трэцім, і пачатак оперы давялося затрымаць на пятнаццаць хвілін, каб хаця б хтосьці вырашыўся на гэткі “марш-кідок”. Да ўсяго, у тым жа Вялікім не знайшлося месца для ўсёй акрэдытаванай прэсы. Ды і фатографы скардзяцца, што не маюць на ўсіх спектаклях вызначанай кропкі, дзе гук спуску затвора нікому з гледачоў не замінаў бы.

/i/content/pi/cult/400/8121/1-11.jpeg

— Я неаднойчы бывала на расійскай прэміі “Залатая маска”, — пацвердзіла заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Вяржбіцкая, якая апошнім часам працуе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры рэжысёрам па ўводах. — Дык там навучыліся складаць праграму так, каб была магчымасць выпіць хаця б кубачак кавы. Таму будзем глядзець у будучыню з аптымізмам: у нас таксама ўзровень арганізацыі і правядзення Нацыянальнай тэатральнай прэміі з кожным годам будзе расці…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"