Па лесвіцы кінаэвалюцыі

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

За пяць дзён да “Лістапада” кінематаграфічнага лістапад прыродны выдаваў на натуральны снежань. Сталічны Дом кіно ўхутваўся ў белую коўдру. А ягонае кіраўніцтва ва ўсю рыхтавалася да фестывалю. Фае другога паверха ўпрыгожыла выстаўка “Паміж белым і чорным” фотакарэспандэнта “Культуры” Юрыя Іванова, прымеркаваная да важнай міжнароднай падзеі. Дарэчы, у Музеі гісторыі беларускага кіно ў гэты час манціравалася экспазіцыя нашага знакавага кінамастака Яўгена Ганкіна... А ў Доме кіно яшчэ раз правяралася суперсучаснае абсталяванне кіназалы, дзе пройдзе гала-канцэрт кінаакцёраў і будуць дэманстравацца пэўныя праграмы “Лістападзіка”. Фестывальным настроем і клопатам жыве і Беларускі саюз кінематаграфістаў, офіс якога, як вядома, месціцца пад гасцінным дахам галоўнага кінематаграфічнага дома краіны.

 /i/content/pi/cult/137/812/Cvetkov1.jpg
З фестывальнай нагоды на пытанне “К” адказвае заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны і старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, кінарэжысёр Юрый ЦВЯТКОЎ:
— Штогод “Лістапад” радуе пэўнымі станоўчымі зрухамі. Пастаянна павялічваецца колькасць краін-удзельніц, а адпаведна — і колькасць фільмаў. Сёлета ў міжнародным фэсце, да прыкладу, бяруць удзел кінематаграфісты больш чым 40 дзяржаў, якія толькі ў конкурснай праграме прадставяць беларускаму гледачу 20 карцін. Пагадзіцеся, статыстыка больш чым унушальная. Вялізнае значэнне мае і тое, што фестываль стаў менавіта Мінскім. “Лістапад” — назва цудоўная, але афіцыйная прывязка да геаграфічнай радзімы мерапрыемства абавязвае да многага. У першую чаргу да таго, каб зрабіць айчынны кінафэст такім жа прэстыжным, як Канскі, Берлінскі, Венецыянскі... І аўтарытэт “Лістапада” няўхільна расце, што бачна па прадстаўніцтве сёлетніх гасцей.
— Эвалюцыя фестывалю, сапраўды, цудоўна заўважная. Але, Юрый Мікалаевіч, забягаючы наперад, якім вам бачыцца “Лістапад” у перспектыве?
— Калі фестываль “Залаты Віцязь”, якім кіруе Мікалай Бурляеў, напачатку прэзентаваў адно толькі вузкарэлігійную тэматыку з прадстаўніцтвам фільмаў адпаведнага зместу, дык ён, на мой погляд, не быў такім папулярным, як цяпер. Калі “Залаты Віцязь” пачаў гаварыць на поўны голас пра маральнасць у мастацтве і ў жыцці, дык атрымаў зусім іншы рэзананс, бо ў фэсце пачалі ўдзельнічаць не толькі праваслаўныя краіны, але і краіны мусульманскага свету, краіны, якія спавядаюць іудаізм... Што мушу сказаць? На “Лістападзе” пакуль што пераважае агульнае (не конкурснае, бо тут колькасць фільмаў ад кожнай краіны — аднолькавая) прадстаўніцтва расійскага кіно. З аднаго боку, гэта не выклікае пярэчання — з Расіяй у нас былі, ёсць і будуць самыя шчыльныя творчыя стасункі. Але... Дальбог, я нікога не абвінавачваю, тым больш арганізатараў фестывалю, бо яго дырэкцыя — частка нашага Саюза! Я пра іншае. Наш “Лістапад”, як мне думаецца, пакуль падобны на ранні “Залаты Віцязь”. Вось калі будзем захоўваць на фестывальных паказах творчы баланс у гарманічнай прэзентацыі, у тым ліку нямецкіх, французскіх, казахскіх, літоўскіх, грузінскіх, расійскіх і іншых карцін, тады, напэўна, краіны-ўдзельніцы будуць ставіцца да Мінскага фэсту з большай доляй зацікаўленасці і адказнасці.І яшчэ адна немалаважная акалічнасць. За 13 гадоў існавання “Лістапада” асноўныя прызы ад прафесійнага журы атрымлівалі пераважна расійскія фільмы, беларускія ж ацэньваліся прызамі заахвочвальнымі: “за выяўленчае мастацтва”, “за дасягненні ў дзіцячым кіно”... Вы, як і іншыя гледачы, можаце запытацца: а чаму журы не лічыла магчымым даваць галоўны прыз беларускаму твору? Сёй-той увогуле паспрабуе зрабіць і такую выснову: маўляў, за апошнія дзесяць з лішкам гадоў “Беларусьфільм” настолькі знясілеў, што не выдаў “на-гара” ніводнай годнай карціны. А гэта — лухта! Высокія міжнародныя ўзнагароды, у тым ліку і на маскоўскіх кінафестывалях, атрымлівалі “У жніўні 44-га” і “Кааператыў “Палітбюро” Пташука, “Сын за бацьку” Яроменкі-малодшага, з россыпам беларускіх кіназорак, таксама ўсяляк уганараваных, але, на жаль, не на беларускім фестывалі...
Сёлета на “Лістападзе” прадстаўляюцца два беларускія фільмы — “Чаклун і Румба” Андрэя Голубева і “Ворагі” Марыі Мажар, якая скончыла ВГИК, але вярнулася ў Мінск, хоць Масква не губляе надзеі дачакацца яе назад. Вельмі сур’ёзная работа! Не бяруся выконваць функцыі члена журы, але мо ў гэтым годзе беларускі творца будзе ацэнены па заслугах.
— Не першы год, Юрый Мікалаевіч, Беларускі саюз кінематаграфістаў уручае прыз “За адданасць кінамастацтву”. Былі нават гады, калі прыза не было ўвогуле. Але менавіта сёлета ён набыў канчатковую мастацкую форму. На VI Рэспубліканскім фестывалі беларускага кіно ў Брэсце прызам гэтым па заслугах быў уганараваны айчынны часопіс “На экранах”. Больш падрабязней, калі ласка, пра адмысловую ўзнагароду Саюза і ўмовы яе ўручэння...
— Фармулёўка “за адданасць кінамастацтву” — не вечная, але на гэтым “Лістападзе” мы
 /i/content/pi/cult/137/812/Cvetkov2.jpg
яе захаваем. Дарэчы, была прапанова назваць прыз “Перспектыва”. Але гэта звузіла б кола лаўрэатаў да перспектыўных, то бок, маладых кінематаграфістаў, што падалося немэтазгодным.
Прыз Беларускага саюза кінематаграфістаў уяўляез сябе бронзавую выяву рук пальцаў, якія “ставяць кадр”, на малахітавай падстаўцы.
Ідэя і выкананне належаць цудоўнаму нашаму скульптару Мікалаю Байрачнаму і беларускаму кінематаграфісту, мастацкаму кіраўніку “Белвідэацэнтра” Аляксандру Карпаву, які захапляецца скульптурай. Карацей, прыз — сапраўдны твор мастацтва. Існуе на сёння ў пяці экзэмплярах.
Але ўручацца на “Лістападзе” будзе толькі адзін, і зусім не абавязкова менавіта беларускім карцінам ці творцам. Натуральна, гэтым прызам будзем заахвочваць упадабаныя фільмы і на іншых міжнародных кінафэстах. Не толькі за важкі ўклад у нацыянальнае кінамастацтва, але і за самаахвярную прапаганду сусветнага кіно...
— Што яшчэ рыхтуе Саюз да сёлетняга “Лістапада”?
— Правядзенне саміта кіраўнікоў творчых кінематаграфічных суполак. Сумесна з арганізатарамі фестывалю і беларускімі кінематаграфістамі правядзём сустрэчы кіраўнікоў еўрапейскіх, азіяцкіх кінафэстаў. Якую мэту ставім? Злучыць інтарэсы творцаў з інтарэсамі прадзюсераў, якія прапагандуюць кінамастацтва на міжнародных абсягах... Натуральна, прадстаўнікі Беларускага саюза кінематаграфістаў будуць браць удзел ва ўсіх без выключэння фестывальных мерапрыемствах.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота аўтара
На здымках: cтаршыня Беларускага саюза
кінематаграфістаў Юрый Цвяткоў;
прыз “За адданасць кінамастацтву”.