Папулярнасць не залежыць ад надвор’я

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Ажыятажны попыт на дзівосы Нясвіжа вымушае дырэкцыю Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка дбаць пра новыя тэхнічныя сродкі абслугоўвання наведвальнікаў. Для гэтага ў бліжэйшы час маюць набыць 150 аўдыягідаў для правядзення экскурсій. Каштаваць яны будуць 800 мільёнаў беларускіх рублёў — гэта частка грошай ад агульнай сумы ў 8 мільярдаў, які Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс сёлета зарабіў на турыстычнай дзейнасці.

А наведала палац у бягучым годзе ўжо 302 тысячы гасцей. Плынь наведвальнікаў не зменшылася і ў восеньскія халады. На думку дырэктара Нацыянальнага запаведніка Сяргея Клімава, папулярнасць сведчыць пра высокі ўзровень рэстаўрацыі і музеефікацыі. Той жа думкі прытрымліваюцца і замежныя прафесіяналы рэстаўрацыйнай ды музейнай справы: палякі, літоўцы, расіяне.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай, заробленыя Нясвіжскім запаведнікам грошы могуць быць скарыстаны на заахвочванне супрацоўнікаў, на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, на закупку экспанатаў. Але каб набыць апошнія, Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму запаведніку трэба мець дазвол экспертнай рады, якая разглядае заяўкі дырэкцыі. Закупка ж абсталявання прадугледжвае тэндар.

Уваходныя білеты і экскурсіі — не адзіная крыніца прыбытку. Развіваецца турыстычная інфраструктура запаведніка. Тут ёсць кавярня, рэстаран, гасцініца, сувенірныя крамы. Не так даўно з’явілася магчымасць аб’ехаць на мікрааўтобусе іншыя рэзідэнцыі Радзівілаў на тэрыторыі раёна. Ёсць ідэі наконт гастранамічнага турызму. Праўда, пры ўсім гэтым мала які турыст затрымліваецца ў Нясвіжскім запаведніку больш чым на адзін дзень. Турызму аднаго дня аддаюць перавагу і прагматычныя тураператары. Каб змяніць гэтую завядзёнку, патрэбна зрабіць шмат чаго і ў Нясвіжы, і ў ваколіцах, датычна інфраструктуры.