У харэаграфію — "хорам"

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

21 лістапада ў Віцебску распачнецца юбілейны, ХХV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Ён збярэ прадстаўнікоў 15 краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Кіпра, Кітая, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі, Японіі і, вядома, Беларусі.

Сёлета гэты буйны форум ахопіць не толькі сам Віцебск і, як ужо бывала некалькі разоў, нашу сталіцу, але і Бабруйск, Гродна, Маладзечна, дзе таксама пройдуць выступленні сусветна знакамітых замежных калектываў. Дый у эпіцэнтры фестывалю святочнымі падзеямі будуць ахоплены практычна ўсе лепшыя сцэны: не толькі Канцэртная зала “Віцебск”, але і абласная філармонія, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.

Міжнародным сёлета будзе і конкурс, што традыцыйна ладзіцца ў рамках гэтага фестывалю. З дасланых на яго 92 заявак было адабрана 45 пастановак (аднаактовых балетаў і харэаграфічных мініяцюр) у выкананні 28 калектываў, з іх сем — беларускіх. Журы ўзначаліць народны артыст СССР, балетмайстар, харэограф, тэатральны рэжысёр, акцёр, педагог Уладзімір Васільеў, чый балет “Анюта” на музыку В.Гаўрыліна быў пастаўлены ў тым сезоне ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. На гэтай сталічнай сцэне завершыцца і ўвесь фестываль — 28 лістапада. Ну а з’язджацца на яго ўдзельнікі пачнуць ужо 19-га: Віцебск гатовы прыняць іх, як заўсёды, гасцінна, трымаючы марку сапраўднага “фестывальнага цэнтра” Беларусі.

Н.Б.