Першыя пяць тысяч

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Прайшло больш за паўтара месяца, як у Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася цудоўная выстаўка “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, і там жа, зусім нядаўна, — выстаўка “Марк Шагал: жыццё і каханне”.

Пра гэтыя экспазіцыі “К” пісала падрабязна. Але вось што хацелася яшчэ сказаць: па-ранейшаму, як і ў “вернісажныя” дні, выстаўкі прыцягваюць увагу беларусаў ды гасцей сталіцы. На сённяшні дзень абедзве экспазіцыі наведалі больш за пяць тысяч чалавек — лічба для такога тэрміну вельмі сур’ёзная. Днямі я зноў зайшоў у музей. Па “парыжскіх” залах першага паверха хадзіла паўсотні людзей: як з мастакоўскага племені, так і студэнты, вучні школ ды вучылішчаў, “простыя” цікаўныя гледачы, для якіх, уласна, і робяцца выстаўкі. А вось і дзеці з бацькамі, што мяне вельмі парадавала.

Мне падаецца, гэтая музейная восень стане для культурнага жыцця Мінска памятнай вяхой. І не толькі па колькасці і якасці твораў — ці ж гэта жартачкі: амаль 200 работ мастакоў — выхадцаў з Беларусі, у тым ліку і шагалаўскіх рарытэтаў! Увесь спектр мастацкіх стыляў, кірункаў, густаў, жанраў жывапісу ды графікі, аб’яднаных адзінай аўрай Парыжскай школы і віртуальным паветрам Беларусі, можна ўбачыць як бы адным поглядам — і тады становіцца больш-менш зразумела, якая наша спадчына, невядомая нам амаль на працягу сто гадоў, раптам адкрыла свае скарбы!

Абедзве выстаўкі будуць працаваць яшчэ амаль два з паловай месяцы, і той, хто яшчэ іх не бачыў, атрымае асалоду і шмат новых эстэтычных уражанняў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"