Манументальныя праекты

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы да канца бягучага года ў Вільнюсе будзе ўстаноўлена памятная дошка Якубу Коласу, а таксама адноўлена памятная дошка Янку Купалу.

Як паведмілі “К” у Міністэрстве, ініцыятыва беларускага боку была падтрымана ўладамі Вільнюса пад час правядзення ў верасні 2012 г. Дзён культуры Беларусі ў Літве.

Беларускія скульптары завяршылі выраб згаданых памятных дошак.

Памятная дошка Якубу Коласу створана народным мастаком Іванам Міско і беларускім архітэктарам Андрэем Жылінскім. У Вільнюсе дошка зойме пачэснае месца на будынку па вуліцы Піліма, 26, дзе ў 1907 годзе жыў і працаваў паэт.

Памятная дошка Янку Купалу створана маладымі беларускімі скульптарамі Сяргеем Аганавым і Вольгай Нячай. Размесціцца яна па вуліцы Вільняўс, 14, дзе ў 1914 — 1915 гадах знаходзілася рэдакцыя “Нашай Нівы”, рэдактарам якой з’яўляўся паэт.

Міністэрствам культуры таксама ініцыявана стварэнне і ўстаноўка ў Рызе памятнай дошкі народнаму паэту Янку Купалу. Дошка выканана беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Да канца бягучага года яна размесціцца на будынку беларускай школы ў Рызе, якая носіць імя паэта.

За апошнія гады быў рэалізаваны шэраг праектаў па ўшанаванні памяці дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі за мяжой. Сярод найбольш значных — стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве і памятнай дошкі Францішку Багушэвічу ў Вільнюсе. Ажыццяўляецца праца па стварэнні помнікаў Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу і Сімяону Полацкаму ў Маскве.