Узнагароды — прафесіяналам

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 500 ад 8 лістапада 2012 года дзяржаўнымі ўзнагародамі краіны і ганаровымі званнямі ўшанавана вялікая група прафесіяналаў розных сфер. Сярод іх — работнікі культуры і дзеячы мастацтваў. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакументам, ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ Вячаслаў Рагойша.

Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаны супрацоўнікі Белдзяржфілармоніі: дырэктар — мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” Галіна Дзягілева, артыст размоўнага жанру філармоніі для дзяцей і юнацтва Мікалай Казінін, артыст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Віктар Пляшэвіч, начальнік канцэртна-гастрольнага аддзела Белдзяржфілармоніі Галіна Румянцава.

Медаль Францыска Скарыны атрымалі салістка філарманічнага вакальнага ансамбля “Камерата” Вольга Вараб’ёва, артысты-вакалісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль “Сябры” Сяргей Герасімаў і Вольга Ярмоленка. Гэтай жа ўзнагароды ўдастоены вядучыя майстры сцэны Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Дабравольскі і Людміла Сідаркевіч, а таксама першы намеснік старшыні “Беларускага саюза мастакоў” Рыгор Сітніца.

Ганаровае званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена мастацкаму кіраўніку фальклорнай групы “Купалінка” Белдзяржфілармоніі Алене Цяльковай, “Народны мастак Беларусі” — члену БСМ, жывапісцу Анатолю Бараноўскаму.

Званнем “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” уганараваны вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Аляксандр Шароў, “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” — начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль Акушэвіч, а таксама першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны Уладзімір Рылатка.

Загадчык кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вадзім Яканюк узнагароджаны званнем “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.