Уладзімір ТАЛАШКА (Украіна): “Сяброўства — паняцце кругласутачнае”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Адным з пачэсных гасцей “Лістапада” будзе вядомы ўкраінскі акцёр Уладзімір ТАЛАШКА. Ён нарадзіўся ў горадзе Каваль Валынскай вобласці, у 1972 годзе скончыў Кіеўскі тэатральны інстытут імя І.К. Карпенка-Карага. У перыяд з 1963 па 1965 год працаваў акцёрам Данецкага музычнага тэатра імя Арцёма, з 1972 года — акцёр кінастудыі імя А.Даўжэнкі. Народны артыст Украіны. Зняўся ў больш чым 20-ці кінафільмах, сярод якіх — “Камісары”, “У бой ідуць адны “старыя”, “Народжаная рэвалюцыяй”, “Як гартавалася сталь” і шмат іншых. Напярэдадні яго ад’езду ў Мінск на кінафестываль карэспандэнту “К” удалося задаць акцёру некалькі пытанняў.

 /i/content/pi/cult/137/811/Talashka.jpg
— Уладзімір Дзмітрыевіч, вы наведаеце наш фестываль у якасці госця і сёлета...
— Так, я прымаў удзел у вашым кінафестывалі і ў мінулым, і ў пазамінулым гадах.
— З якімі пачуццямі вы збіраецеся ў Мінск?
— Перш за ўсё, Мінск — гэта горад, так бы мовіць, маіх кінематаграфічных юнацтва і маладосці. Гэта звязана з акцёрскім братэрствам. Па-другое, гэта горад-герой, з якім у мяне кроўная сувязь, — мне пашанцавала ў 1981 годзе сыграць ролю рэальнага героя — Героя Савецкага Саюза маёра Пятра Гаўрылава ў фільме “Дачка камандзіра” беларускага рэжысёра Барыса Гарошкі. Ён, як вы памятаеце, узначаліў абарону Брэсцкай крэпасці. Таму Мінск для мяне — гэта горад не толькі баявой славы нашых продкаў, але і славы кінематаграфічнай. І роля ў фільме дала мне шмат карыснага ад сутыкнення з гістарычным і проста з чалавечым матэрыялам. У карціне — цудоўная плеяда артыстаў з беларускага боку, такіх, як Генадзь Аўсяннікаў, Віктар Тарасаў. І потым, мы ж ўсе — браты-славяне па духу і крыві…
Што ж тычыцца Мінска, то мне вельмі падабаецца яго прыгажосць, знешняя і ўнутраная прыгажосць мінчан. Я думаю, што ў мяне, як прыхільніка вашага краю, ёсць вялікая кампанія. Да таго ж, па сённяшні дзень у Мінску жывуць мае добрыя сябры. Нас усіх яднаюць акцёрскія праблемы — работы няма, але ёсць вялікае жаданне працаваць… І ёсць сяброўства — паняцце, так бы мовіць, “кругласутачнае”. Плюс да ўсіх маіх уражанняў — яшчэ і добрае адчуванне неабходнасці такіх фестываляў, як “Лістапад”, таму што гэта магчымасць прыехаць, зноў убачыцца. Акцёры ж людзі не “тусовачныя”.
Гэта эстрада ў нас любіць такія гульні, а мы прыязджаем, каб працаваць, каб яшчэ раз напомніць, што ў такіх краінах, як Расія, Украіна, Беларусь, кіно не забыта. Не забыта менавіта ў глядацкай памяці. І калі, напрыклад, прыязджаюць акцёры з Украіны, то пытаюцца не толькі пра іх асабіста, але і пра мінулае ўкраінскага кіно, і пра Мікалайчука, і Гаўрылюка, і Бучму, і Грынько, і Аляліна, і Сцепанкова, і Рогаўцаву, і Ступку… Так што фестываль — гэта інфармацыйная падтрымка і мая, і маіх калег, якія прыязджаюць разам са мной.
Асабіста мне “Лістапад” вельмі падабаецца. І хаця ён праходзіць у халодны месяц года, на ім заўсёды вельмі цёплая атмасфера, нас цудоўна прымаюць гледачы… Я люблю Мінск і з задавальненнем прыязджаю сюды.
— Ці будзе на фестывалі які-небудзь фільм з вашым удзелам?
— Я пакуль што не ведаю праграмы, але думаю, што не будзе. Карціна пазамінулага года “За парогі”, у якой я сыграў галоўную ролю Крутаяра, знятая на гістарычным матэрыяле аб Кіеўскай Русі, мусіць, не трапіла яшчэ на ваш фестываль. Я мяркую, што мне хопіць работы і ў якасці госця. Гэта сустрэчы і з гледачамі, і з сябрамі. Я пастараюся прыняць актыўны ўдзел у рабоце фестывалю.
— Ці плануеце вы сустрэчы з вашымі беларускімі калегамі-артыстамі?
— Канешне! Мяркую, яны чакаюць ад мяне кавалачак украінскага сала…
— Спадзяёмся, што з нашага кінафестывалю вы павезяце прыемныя ўражанні, і па вяртанні дадому вас не пакіне добры настрой.
— Дзякуй вам і да сустрэчы на фестывалі!

Цікавіўся Спартак СІВЕРЫН