Чарговая "сольная"

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

У Нацыянальным мастацкім музеі працягваецца рэалізацыя цудоўнага праекта пад назвай “Выстаўка адной карціны”.

Нагадаем чытачам “К”, што за мінулыя гады тут ужо былі паказаны карціны рускіх мастакоў І.Айвазоўскага і П.Якаўлева, беларускіх — В.Волкава, У.Стальмашонка, М.Данцыга, У.Тоўсціка, І.Давідовіча, Б.Казакова, Л.Шчамялёва, венецыянца Парыса Бардонэ, літоўца А.Варнаса.

І вось зараз у НММ прадстаўлена выстаўка “Краявід Латвіі — знак нацыянальнай ідэнтычнасці. Вільгельм Пурвіціс. “Вясна” з калекцыі Латвійскага Нацыянальнага мастацкага музея (Рыга). Яна арганізавана гэтай установай, пры ўдзеле і падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, і Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Вернісаж прымеркаваны да Дня абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі (Дзень Незалежнасці Латвіі).

Выдатны жывапісец 1-й паловы XX ст., вучань А.Куінджы, блізкі сябра К.Стаброўскага і М.Рэрыха, член аб’яднання “Мир искусства”, акадэмік пецярбургскай Акадэміі мастацтва, першы прэзідэнт Латвійскай акадэміі мастацтваў, заснавальнік школы латышскага пейзажнага жывапісу — Вільгельм Карліс Пурвіт (Пурвіціс) для латыша быў тым, як для беларуса — В.Бялыніцкі-Біруля і В.Цвірка, для рускага — І.Левітан.

Палатно “Вясна” — адна з характэрных работ перыяду росквіту таленту мастака, у якой ярка выяўлена асаблівасць пластычнай манеры майстра — спалучэнне “чыстага” пленэрызму з стылізацыяй ліній і жывапісных мас у духу мадэрна. Карціну характарызуе вытанчанасць колеравых спалучэнняў і высокае майстэрства ў перадачы нюансаў настрою і стану вясны…