У тым, што “дыму без агню не бывае”, можна не сумнявацца. Ужо ранейшая рок-праграма аркестра, названая “Ураган” і таксама прысвечаная юбілею, утрымлівала сапраўдны запал энергетыкі, полымя страсцяў і феерверк бліскучых сола. Так што новая праграма “паводле” твораў класікаў рока, уключаючы легендарны гурт “Deep Purple”, адна з кампазіцый якога і дала назву канцэрта, абяцае запомніцца не толькі сцэнічным “дымам-туманам”. Яшчэ і таму, што “вады” (у сэнсе — неабавязковых нумароў для “разбаўлення” праграмы) у ім не будзе.
А салістамі выступяць ужо добра знаёмыя па ранейшых выступленнях электрагітарысты гэтага аркестра Улад Мазуркевіч і Ягор Дзыгун. Спяваць з калектывам запрошаны не толькі героі “Урагана” — тэлевядучы Георгій Калдун і пераможца тэлепраекта “Акадэмія талентаў”, малады джазавы саліст Яўген Слуцкі, — але і ўладальнік Гран-пры сёлетняга Міжнароднага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” Бобан Майсоўскі з Македоніі.