Бліц-фармат: здабыткі і праблемы рэгіёна

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Пад час “круглых сталоў” ад прадстаўнікоў усіх раёнаў Гомельшчыны мы даведаліся пра набыткі і праблемы аддзелаў культуры. Вось толькі невялікі пералік пытанняў, што ўзнімаліся кіраўнікамі сферы культуры тых раёнаў, якія мы, на жаль, не паспелі наведаць цягам выязной рэдакцыі.

Да прыкладу, у Рэчыцкім раёне назіраецца нястача службовага жылля для маладых спецыялістаў. Да таго ж, у раёне вельмі шмат праблем, звязаных з забеспячэннем сельскіх устаноў культуры якаснай светлавой ды гукаўзмацняльнай апаратурай, аўдыя- і відэатэхнікай, з набыццём новых музычных інструментаў для школ мастацтваў.

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца, дарэчы, не толькі ў Рэчыцкім, а і ў Светлагорскім ды многіх іншых раёнах Гомельшчыны і ўсёй Беларусі. Магчыма, вырашэнню названых пытанняў паспрыяе рэалізацыя Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Прынамсі, у рэгіянальных аддзелах культуры з ёю звязваюць вялікія спадзяванні.

У Акцябрскім раёне ўзнялі яшчэ адно праблемнае пытанне. Натуральна, ні для каго не з’яўляецца навіной той факт, што сёння нарматыўная база ў сферы культуры патрабуе абнаўлення. Адсюль, на думку культработнікаў раёна (дый, перакананыя, і іх калег з іншых рэгіёнаў), вынікае неабходнасць складання новых тыпавых штатаў культурна-асветніцкіх устаноў, а таксама падрыхтоўкі адзінага Кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у сферы культуры. Да таго ж, актуальным для ўстаноў культуры з’яўляецца пытанне больш дакладнага вызначэння груп па аплаце працы ды некаторыя іншыя. А яшчэ не стае метадычных распрацовак, якія можна было б выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

Што да Добрушскага раёна, дык асноўнымі праблемнымі пытаннямі тут з’яўляюцца недастатковае фінансаванне, што замаруджвае рамонт сельскіх і гарадскіх устаноў культуры.

Але не ва ўсіх раёнах засяроджваліся на праблемных пытаннях. Напрыклад, у Брагінскім, паводле інфармацыі аддзела культуры, шчыльна супрацоўнічаюць з праграмай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый CORE “Супрацоўніцтва для рэабілітацыі ўмоў жыцця ў пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы раёнах Беларусі”. Гэта дазволіла стварыць вэб-сайт, падрыхтаваць сумесныя выстаўкі, арганізаваць Дзіцячы фестываль казак. Дарэчы, і цяпер на Брагіншчыне актыўна ўзаемадзейнічаюць з разнастайнымі замежнымі фондамі, напрыклад, з французскай дабрачыннай арганізацыяй “Валь дэ Луар — Беларусь”, а таксама фондам вядомай тэнісісткі Марыі Шарапавай.

У Буда-Кашалёўскім раёне пахваліліся тым, што сёлета на VI Абласным адкрытым фестывалі творчай моладзі “Пад белымі крыламі” дырэктар Губіцкага СДК Алег Сомаў быў уганараваны Гран-пры ў намінацыі “Народная песня” і заваяваў І месца ў намінацыі “Эстрадная песня”. А мясцовы фальклорны ансамбль “Сябрына” пацвердзіў сваё званне народнага аматарскага калектыву.

У Нараўлянскім раёне шмат робіцца для папулярызацыі мясцовага палацава-паркавага ансамбля, рэканструкцыя якога ідзе ўжо трэці год паводле Дзяржпраграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады. Выдадзена шмат кніг, нататнікаў, календароў, буклетаў, у якіх пададзены звесткі пра згаданы гісторыка-культурны аб’ект. Да таго ж, мясцовы Цэнтр рамёстваў вырабляе сувенірную прадукцыю. Яна, дарэчы, карысталася вялікім попытам на Першым Нацыянальным музейным форуме ў Гродне.

Калі ж весці гаворку пра Чачэрскі раён, дык сёлета на базе мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея распачаў сваю дзейнасць Графскі тэатр. У рэпертуары своеасаблівай музейна-тэатральнай трупы — усяго адзін твор, але гэтае аднаўленне спектакля 300-гадовай даўніны заўсёды прыцягвае вялікую ўвагу шматлікіх наведвальнікаў установы культуры.

Турыстычным брэндам Светлагорскага раёна, як вядома, з’яўляецца хутар “Міколаў востраў”, а галоўная адметнасць названай сядзібы — драўляны млын XIX стагоддзя, унесены ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Сёлета гэты гістарычны аб’ект быў прызнаны адным з пераможцаў у рэспубліканскім конкурсе “Лепшы прыклад захавання гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.

У Гомельскім раёне адным з надзённых пытанняў называюць распрацоўку на дзяржаўным узроўні алгарытму сацыяльнага ўзаемадзеяння сельскіх устаноў культуры з галоўнымі іхнімі спонсарамі — прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу. Іх кіраўнікі ў выніку павінны разглядаць клубы не як забаўляльныя установы, а як асяродкі духоўна-маральнага выхавання дзяцей — будучага папаўнення працоўных калектываў.

Аддзел культуры Лоеўскага райвыканкама занепакоены тым, што няма ў рэгіёне раённага краязнаўчага музея, які садзейнічаў бы папулярызацыі багатай спадчыны Лоеўшчыны. Належнага памяшкання для гэтага — не адшукаць. Між тым, на сёння сабрана і захоўваецца ў запасніках каля 400 экспанатаў краязнаўчай накіраванасці.

Установы культуры Хойніцкага раёна маюць патрэбу ў абнаўленні гукаўзмацняльнай апаратуры. Не стае і самай неабходнай мэблі...

Падборку падрыхтавалі Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ і Яўген РАГІН