Тэхналогія “здабычы” грошай

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў — не проста сябра “К”. Ён яшчэ — і аўтар шматлікіх ідэй, за рэалізацыяй якіх наша выданне сочыць не першы год. І не толькі сочыць, але і асвятляе ход іх ажыццяўлення, прапагандуе вынікі праектных шчыраванняў, сочыць за тым, наколькі высновы рагачоўскай творча-фінансавай дзейнасці ўплывовыя на іншыя аддзелы культуры. А высновы, быццам, нескладаныя: мала праявіць ініцыятыву — трэба, каб творчая ідэя “прыцягнула” інвестыцыі яшчэ да пачатку яе ўвасаблення.

А зараз — пра тэхналогію атрымання грантаў на прыкладзе стварэння пры Стрэнькаўскім цэнтры рамёстваў Музея беларускай лялькі. Пачалося ўсё ў сакавіку 2010-га. “К” у артыкуле “Ліцэнзія на… прафесійнасць” распавяла не толькі пра тое, што ўстановы культуры Рагачоўшчыны, атрымаўшы ліцэнзію на транспартныя перавозкі людзей, палепшылі паказчыкі пазабюджэтнай дзейнасці, а насельніцтва раёна займела магчымасць наведаць з экскурсіямі не адно абласныя гарады, але і сталічныя аб’екты. Гаворка тады ішла і пра вялікае жаданне стварыць у Стрэньках адмысловы музей. Побач  санаторый, “наплыў” замежнікаў высокі, — дадатковы ды нестандартны аб’ект культуры прыцягне яшчэ большую колькасць наведвальнікаў, значна пашырыць спектр платных паслуг. Ідэя, словам, была. Не ставала сродкаў для яе рэалізацыі…

/i/content/pi/cult/399/8098/7-3.jpeg

Ужо летам Міхаіл Фёдаравіч патэлефанаваў у рэдакцыю: “Музей лялькі у Стрэньках адкрываецца!”. І распавёў пра тэхналогію “здабычы” грошай пад рэалізацыю ідэі. Аказалася, ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” падтрымаў ініцыятыву без ваганняў, аказаўшы аддзелу не толькі кансультацыйную, але і фінансавую падтрымку. Інвестыцыі дасягнулі 16 мільёнаў рублёў. Сума для 2010 года — немалая. Яна пайшла на рамонт музейнага памяшкання, выданне рэкламнай прадукцыі… Здавалася б, усё проста: інвестара трэба пераканаць у тым, што ваш праект — унікальны і аналагаў на Беларусі не мае. На Рагачоўшчыне, як зазначае начальнік аддзела культуры, асноўны “пераканальшчык” — дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ірына Седлер. Яна ведае, як стукаць у “фінансавае” акенца, каб яно адчынілася. Мы запыталіся: “Як?” “Аргументавана і настойліва!” — адказала тая.

/i/content/pi/cult/399/8098/7-4.jpeg

І гэта не першая і не апошняя ідэя-брэнд Рагачоўшчыны. Чарговая звязана з інфармацыйна-культурным развіццём маланаселеных ды аддаленых вёсак раёна. Напэўна, няма на Беларусі начальніка аддзела культуры, які не задумваўся б над вырашэннем праблемы сельскіх, неаграгарадоцкіх паселішчаў. Але задумвацца і рабіць — дзеясловы не з сінанімічнага шэрагу. “Грантавышуквальнік” Ірына Седлер пэўны час таму села за складанне чарговага пакета дакументаў. І рабіла гэта, як і заўжды, аргументавана. Пераконвала, што патрэбны не толькі сучасныя аўтаклубы ды бібліобусы, але і матэрыяльнае заахвочванне мясцовых творчых ініцыятыў, сабраных ды сістэматызаваных з дапамогай шматлікіх маніторынгаў. Зарана пакуль называць інвестара, зарана пакуль дэталізаваць рагачоўскую ідэю. Але ўзнікла яна, як і раней, у патрэбны час і ў патрэбным месцы…

/i/content/pi/cult/399/8098/7-5.jpeg

Рэзюмэ “К” у дарозе

А цяпер давайце паразважаем: чаму ж гранты не сыплюцца на аддзелы, як снег у навагоднюю ноч?

Меркаванне Міхаіла Зайцава на гэты конт досыць адназначнае: маўляў, якая можа тут быць настойлівасць, калі аргументаванасці бракуе. Пагаджаемся! Умець правільна скласці пакет дакументаў на атрыманне фінансавага “падсілкавання” — справа важная, але не галоўная. Патрэбна ідэя. І пра яе хранічны недахоп у межах рэгіёнаў “К” піша апошнім часам ці не на кожнай газетнай старонцы. Фандрайзінг да месца толькі тады, калі ёсць прывабная мэта. І ў Стрэньках яна ўжо рэалізавана. Мы бачылі вочы турыстаў, якія, пакаштаваўшы мясцовага варэння з чарніц і пчалінага пылку, зачаравана разглядалі ляльку-васьміручніцу. Хіба ж дзіва, што план па аказанні платных паслуг тут пастаянна выконваецца?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"