Як зрабіць з “цяжкога” творцу?

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Не можам не сказаць колькі слоў пра вопыт работнікаў культуры Кармянскага раёна, куды, на жаль, не паспелі трапіць пад час выязной рэдакцыі. Пры мясцовым Цэнтры культуры і дасугу цягам ужо чатырох гадоў працуе аматарскае аб’яднанне “Сабе насустрач”.

Вылучаецца яно тым, што ў яго ўваходзяць так званыя цяжкія падлеткі — больш за трыццаць чалавек. Але ж якія яны таленавітыя! Па словах дырэктара Кармянскай ЦБС Таццяны Егеравай, якая прысутнічала на “круглым стале” ў Рагачове, удзельнікі сваімі сіламі паставілі спектаклі “Пунсовыя ветразі” і “Казкі ходзяць па свеце”, зладзілі тэатралізаваныя прадстаўленні “Суд над СНІДам” ды многія іншыя імпрэзы. А летась з удзельнікаў аматарскага аб’яднання была створана тэатральная студыя “Маскарад”…

Прычым працуюць падлеткі з аб’яднання “Сабе насустрач” у вельмі шчыльнай звязцы як з бібліятэчнай сістэмай Кармы, так і са школай мастацтваў, і ўжо зрабіліся “фішкай” культурнага жыцця Кармяншчыны.

Рэзюмэ “К” у дарозе

Ці ведаюць у аддзелах культуры іншых абласцей, колькі ў іх “цяжкіх” на ўліку?

На жаль, не так ужо і часта ў час выездаў у рэгіёны Беларусі даводзілася сустракаць аб’яднанні, падобныя да тых, што працуюць пры Кармянскім РЦКіД. Прынамсі, Таццяна Егерава гатова падзяліцца з кожным сваімі напрацоўкамі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"