Сядзіба коштам у 22 мільярды

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Пераезд з Мазыра ў Жлобін, хоць і доўжыўся гадзіны тры, прайшоў амаль незаўважна. Проста, было што абмеркаваць. А па прыездзе ў горад журналісты “К”, перасеўшы ў іншую машыну, скіраваліся ў аграгарадок “Чырвоны Бераг”.

Паселішча Чырвоны Бераг вядомае, у першую чаргу, тым, што тут знаходзіцца палацава-паркавы ансамбль — узор дойлідства канца XIX стагоддзя. Маёнтак, які раней належаў роду Козел-Паклеўскіх, цяпер знаходзіцца пад даглядам мясцовых улад. І тое невыпадкова: старадаўні будынак — яшчэ адна яркая перліна не толькі Жлобіншчыны, а і ўсяго рэгіёна. Нездарма палац уваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”.

/i/content/pi/cult/399/8094/6-4.jpeg

Будынак маёнтка, узведзены ў 1893 годзе, уражвае наведвальнікаў і сёння. Палац, які арганічна злучыў у сабе рысы неаготыкі ды неарэнесансу, не толькі прыцягвае сваімі архітэктурнымі формамі, а і той незвычайнай ляпнінай, што часткова захавалася ў яго агромністых залах і цяпер ашчадна адраджаецца рэстаўратарамі. А яшчэ ў інтэр’ерах палаца ёсць адмысловыя фрызы, каміны, плафоны з картушамі, керамічнае пакрыццё падлогі і шмат іншых унікальных рэчаў…

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольгі Антоненка, пад рамонтна-аднаўленчыя работы на старадаўнім аб’екце архітэктуры з рэспубліканскага і абласнога бюджэту выдаткавана прыкладна 22 мільярды рублёў. Прычым, па планах, першая чарга работ будзе скончана ўжо наступным летам, — установа адкрые свае дзверы для наведвальнікаў і будзе, такім чынам, актыўна працаваць як для беларускіх, так і для замежных турыстаў, што, натуральна, прынясе свае дывідэнды як рэгіёну, так і мясцоваму аддзелу культуры.

/i/content/pi/cult/399/8094/6-5.jpeg

У падобным выніку не сумняваецца і кіраўнік раённай сферы культуры Віктар Бажан. Па ягоных словах, літаральна пару месяцаў таму будынак палаца быў перададзены на баланс аддзела, бо раней аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны належыў Краснабярэжскаму сельскагаспадарчаму каледжу. На сённяшні дзень палац у Чырвоным Беразе з’яўляецца філіялам Жлобінскага краязнаўчага музея. І цяпер менавіта ад мясцовых музейшчыкаў залежыць, наколькі паспяховай будзе праца па “раскрутцы” гэтага выбітнага культурна-турыстычнага аб’екта і калі патрачаныя на рэстаўрацыю дзяржаўныя грошы пачнуць працаваць на імідж раённай культуры.

У перспектыве, як адзначыў Віктар Бажан, на баланс аддзела культуры было б няблага перавесці і іншы старасвецкі будынак, дзе цяпер знаходзіцца дырэкцыя мясцовага каледжа. Тут, па меркаванні начальніка аддзела культуры, можна было б размясціць утульны гатэльчык, стварыўшы, такім чынам, патрэбную і нават неабходную для турыстычных мэт інфраструктуру.

/i/content/pi/cult/399/8094/6-6.jpeg

Пра тое, што падобных канкрэтных планаў з прыцэлам на інвестараў і спонсараў, а таксама, у першую чаргу, — на турыстаў, не хапае нашым рэгіянальным гісторыка-культурным аб’ектам, “К” ужо неаднойчы пісала. І вельмі добра, што на Жлобіншчыне цудоўна разумеюць наступны факт: нават самы прывабны ў турыстычным плане аб’ект не будзе карыстацца попытам ажно да таго часу, пакуль, што называецца, не “абрасце” неабходнай турінфраструктурай. Справа цяпер — толькі за рэалізацыяй задуманага.

У тым, што прыватнікі гатовы ўкладаць грошы ў сумесныя праекты з мясцовым аддзелам культуры, мы пераканаліся крыху пазней, наведаўшы знакаміты чырвонабярэжскі комплекс у памяць ахвяр дзіцячага канцэнтрацыйнага лагера. На тэрыторыі помніка-мемарыялу нядаўна з’явілася прыватная гандлёвая кропка, якая, натуральна, карыстаецца попытам у наведвальнікаў, асабліва — у спякотныя летнія дзянькі. Іншая рэч, што яе размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да мемарыялу, скажам прама, не надта арганічна ўпісваецца ў канцэпцыю гэтага аб’екта. Мабыць, куды лепш было паставіць яе крыху далей…

/i/content/pi/cult/399/8094/6-7.jpeg

А яшчэ, як распавёў экскурсавод “Залатога кольца Гомельшчыны” — наш гід Аляксандр Манкевіч, пад час стварэння комплексу на Жлобіншчыне быў аб’яўлены конкурс на лепшыя работы, якія могуць папоўніць экспазіцыю помніка-мемарыялу. Вынік — навідавоку: чатыры з найлепшых прадстаўленых твораў былі адліты і ўстаноўлены ў Чырвоным Беразе. Аўтары іх — маладыя людзі, і цяпер — частыя госці мемарыялу. Так што справа выхавання падрастаючага пакалення сродкамі мастацтва на Жлобіншчыне таксама не спыняецца. Дарэчы, як распавёў той жа Аляксандр Манкевіч, за пяць гадоў мемарыял наведалі 145 тысяч чалавек. Колькі ж іх будзе, калі адкрыецца палац?..

Рэзюмэ “К” у дарозе

Досвед жлобінскіх калег мог бы быць прыдатным для культработнікаў з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Шмат у якіх раёнах маецца напаўзакінутая сядзіба або застаўся цікавы старасвецкі будынак. Дык чаму б не зрабіць такі гісторыка-культурны аб’ект цікавым і запатрабаваным у наведвальнікаў? Прынамсі, наўрад ці гэта запатрабавала б значных фінансавых затрат, калі б удалося зацікавіць сваім праектам прыватны бізнес ды распачаць працу па стварэнні ў гэтым будынку адметнай музейнай экспазіцыі… Гэта магло б прынесці плён у маштабах усёй Беларусі. А так пакуль толькі застаецца наракаць на нездавальняючы стан помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, што яскрава пацвердзіла апошняя праверка, якая ладзілася пад патранатам Генеральнай пракуратуры нашай краіны, і пра гэта “К” таксама неаднойчы пісала. Дык хто першы рушыць гэтым шляхам?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"