Акрабаты з Цэнтра цыркавога мастацтва “Арэна”, што дзейнічае пры мазырскім Палацы культуры, паказалі фрагмент рэпетыцыі журналістам “К”.
Цыркавая студыя — гонар не толькі Мазыра. Цуды эквілібрыстыкі, фенаменальная каардынацыя пры выкананні нумароў паветранай гімнастыкі, жангліраванне шасцю мячамі — усё гэта ўбачылі журналісты “К” пад час невялічкага выступлення... Часам нават не верылася, што гэта ўсё адбываецца ў Мазыры, а не ў адным са знакамітых цыркаў Еўропы.
Па словах сына мастацкіх кіраўнікоў “Арэны” Барыса і Марыны Кузняцовых Сяргея , які ўжо чацвёрты сезон працуе паветраным гімнастам у канадскім цырку “Дзю Салей”, геаграфія іхніх паездак — ад Іспаніі да Кітая, ад Рыгі да Севастопаля.
Ёсць у студыі і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На VII Міжнародных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД “Энергія маладых” мазыране заваявалі залатыя медалі. Студыйцы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, а таксама перамаглі ў вядомым тэлеконкурсе “Хвіліна славы”.
Што патрэбна для поспеху падобнага праекта? На наш погляд, у першую чаргу варта ствараць умовы для паўсядзённай дзейнасці творцаў, як гэта зрабілі ў аддзеле культуры Мазырскага райвыканкама. Гэта значыць — стабільны і высокі заробак, жыллё, закупка неабходнага абсталявання, аператыўнае вырашэнне ўсіх рабочых пытанняў. А яшчэ адзін паказчык — адразу ж адгукацца на кожную прапанову артыста ці клубніка ды стварыць прыязную атмасферу, у якой будзе лёгка працаваць і кіраўнікам, і падначаленым…