Зашырскі цуд, створаны з нічога

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Алег Рыжкоў паведаміў, што старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік выдаткаваў сферы культуры для асваення гаспадарчым спосабам аж 13 мільярдаў рублёў. У выніку — у вобласці практычна не засталося лядашчых аб’ектаў культуры.

Цягам трох дзён мы задавалі сябрам з Гомельшчыны пытанне: “Якой павінна быць газетная крытыка?”. І паўсюль чулі: “Канструктыўнай!”. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алег Рыжкоў удакладніў: “Крытыкуйце так, каб крытыка пайшла нам на карысць”. У Ельскім раёне мы знайшлі падставы не для крытыкі, а для сапраўднага захаплення, бо пабачыць давялося Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр.

/i/content/pi/cult/399/8088/4-9.jpeg

У Зашыр’і мы пабачылі, хутчэй, вынік не гасразліковай рамонтнай тактыкі, а народнай будоўлі. Калі і казаць пра новую тыпалогію клубных устаноў, дык рабіць гэта варта на падставе такіх клубаў, як у Зашыр’і. І не толькі таму, што апрача канцэртнай залы тут ёсць яшчэ і спартыўная. Але ўсё — па парадку...

/i/content/pi/cult/399/8088/4-8.jpeg

Дырэктар КСЦ вёскі Зашыр’е Яўгенія Шадрына вызначана ў раёне “Чалавекам года”. Умоўная рубрыка “Партрэты” — якраз пра такіх, як яна. Дык вось, прыкладна год таму яна вырашыла пашырыць межы і без таго немалога КСЦ (адных творчых і актыўных калектываў — 32!) і стварыць... няхай гэта будзе ўмоўна называцца “Горад майстроў”. Хоць, на мой погляд, назва не надта дакладна перадае тое, што задумала і ўжо амаль ажыццявіла Яўгенія Шадрына са сваёй камандай, — я назваў бы ўсё гэта Сядзібай Чараўніка. А побач з Шадрынай — заўжды дырэктар КСУП “Саўгас “Камуніст” Рыгор Бабчанок — не толькі цудоўны гаспадарнік і спонсар мясцовай “сацыялкі”, але і неблагі беларускамоўны паэт. Словам, “з усіх бакоў” варты рубрыкі “Галерэя спонсараў ад “К”...

/i/content/pi/cult/399/8088/4-7.jpeg

Уздоўж КСЦ на месцы колішняй бруднай пусткі пракладзена алея, на плоце — скульптурныя выявы птушак Беларусі. Дзеці з бліжэйшых садка і школкі з дапамогай мясцовых бібліятэкараў даўно вывучылі назвы тых птушак на памяць. Але гуляць тут прыемна не толькі дзятве.

/i/content/pi/cult/399/8088/4-6.jpeg

І самае галоўнае — усе будынкі ды прыбудовы зроблены з “непрыдатнага” будматэрыялу, што ўдалося здабыць з аб’ектаў, зруйнаваных колісь з прычыны састарэласці.
Будаўнікі і скульптары — дырэктар, хормайстар, акампаніятар ды іншыя супрацоўнікі клубнай установы... У плоце — шкляная вітрына з падсветкай: можна будзе ўбачыць “начынне” клубнага двара. Тут апрача бетонных скульптур (таксама аўтарства дырэктара КСЦ) размесціцца калекцыя старадаўніх аўтамабіляў, фантаны. На клумбах растуць чарніцы, брусніцы, грыбы... У рамесніцкім дворыку — “храмы”: кавальскі і ганчарны, бандарня. Колькасць гурткоў (у тым ліку платных) павялічыцца на парадак.

/i/content/pi/cult/399/8088/4-5.jpeg

Яўгенія Шадрына старанна вывучае магчымасць уцягнення Зашыр’я ў турыстычнае “Залатое кольца Гомельшчыны". Лічу, яна свайго даб’ецца. Побач, ля возера Асалода, знаходзіцца турбаза. Але ўжо цяпер ля клубнай сядзібы шмат наведвальнікаў. А будзе яшчэ больш. З’явіўся непадалёк ад КСЦ і двухпавярховы зруб, дзе размесціцца навучальны рамесніцкі цэнтр. Тут застанецца месца для гісторыка-этнаграфічнага музея, пакою для адпачынку. А ў двары Яўгенія Шадрына плануе стварыць своеасаблівую інтэрактыўную вуліцу-экспазіцыю, якая нагадвала б пра культуру, традыцыі зніклых ужо вёсак...

/i/content/pi/cult/399/8088/4-4.jpeg

Дырэктар КСУП “Саўгас “Камуніст” Рыгор Бабчанок сваё імкненне спансіраваць зашырскую культуру тлумачыць выключна проста: “Не сабе раблю — людзям. І Шадрына па гэтым жа прынцыпе дзейнічае. Як яе не падтрымаць?” Намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Рыгор Цык лічыць такое супрацоўніцтва цалкам натуральным, бо ў перспектыве бачыць Зашыр’е актыўнай турыстычнай зонай. А начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў, пераканаўшыся ў няўхільнай зашырскай дынаміцы, абяцае ўключыць дзецішча Шадрынай у абласную праграму культурнага развіцця.

/i/content/pi/cult/399/8088/4-3.jpeg

Выснова ад пачутага і ўбачанага — адназначная: спонсары, як і фінансаванне адмысловых праектаў, не ўзнікаюць на пустым месцы. Спачатку рэй вядзе асоба, якая “ўзнімае” вакол сябе “хвалі” стваральнасці. І ў гэтым шчаслівым віры проста немагчыма застацца абыякавым. А КСЦ і без спонсараў — самадастатковы: гадавы план па аказанні платных паслуг у 39 мільёнаў ужо выкананы.

Рэзюмэ “К” у дарозе

Пад час нашых “круглых сталоў” выявілася наступная тэндэнцыя: многія з выступоўцаў і ў Гомелі, і ў Мазыры, і ў Рагачове казалі, што публікацыі ў “К” на злабадзёныя тэмы дапамагалі ў вырашэнні праблемных пытанняў.

Так, аддзел культуры Жыткавіцкага райвыканкама дзякуючы публікацыі ў “К” атрымаў вельмі патрэбныя ім камплекты вогнетушыцеляў, а таксама — дадатковае фінансаванне на рамонт гарадскога Дома культуры.

Нараўлянцы казалі пра тое, што дзякуючы нашай публікацыі ўдалося вырашыць праблемнае пытанне з будынкам, які знаходзіцца на тэрыторыі кандытарскай фабрыкі і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А пасля артыкула “К” пра развіццё спонсарства ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці кантакты мясцовага аддзела культуры з кіраўніцтвам Беларускага металургічнага завода ў галіне дзяржаўна-прыватнага партнёрства выйшлі на новы ўзровень…

Дадзеныя прыклады можна было б доўжыць. Проста, вельмі хочацца, каб і вы, нашы паважаныя чытачы, заўсёды ведалі: узнятая на старонках газеты праблема ці вострае пытанне, цікавая ідэя альбо праект у большасці выпадкаў знаходзіць свае вырашэнне. І, натуральна, наступныя нашы артыкулы папросту немагчымыя без шчыльнага кантакту з нашымі падпісчыкамі ды чытачамі. Дык давайце ж супрацоўнічаць!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"