Мазыр. Было б цікава пачытаць...

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Ідэі сяброў

На другі дзень выязной рэдакцыі мы працавалі ў Мазыры. Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў не стамляўся даводзіць сваім калегам, што трэба піярыць сябе, і рабіць гэта — менавіта праз старонкі “К”. Казаў нават пра тое, што ўвядзе дадатковы паказчык ацэнкі дзейнасці аддзелаў: актыўнасць іхніх публікацый у нашай газеце.

Начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірына Міронычава напярэдадні сустрэчы за “круглым сталом” у мясцовым Палацы культуры паведаміла, што сярэднямесячны заробак работнікаў культуры па раёне перавышае трохмільённы паказчык. Мазыршчына “спецыялізуецца” на правядзенні дзіцячых творчых фестываляў, па выніках якіх стабільна вызначаюцца стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Развіта сацыяльнае партнёрства. Першынство ў спонсарскай падтрымцы сферы належыць, натуральна, Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу...

Паўторымся, але сустрэча з работнікамі культуры Мазырскага “куста”, праведзеная ў атмасферы карпаратыўнага ўзаемаразумення, прынесла агульную карысць. А цяпер — “выцінкі” з размовы, што датычацца дзелавых прапаноў.

Начальнік аддзела культуры Ельскага райвыканкама Валерый ГЕЙХМАН:

— Асвятленне рэгіянальнага фестывальнага руху, мяркую, патрабуе планавасці. Было б някепска, калі б “К” мела на пачатку года план правядзення ўсіх раённых фэстаў. І ў матэрыялах на гэтую тэму хацелася б бачыць як мага больш аналітыкі падзей...

Дырэктар Нараўлянскага краязнаўчага музея Раіса БОБР:

— Асобнай і пастаяннай рубрыкі патрабуе музейнае развіццё…

Намеснік дырэктара Мазырскай РЦБС Вікторыя КАРАЛЬКОВА:

— Было б цікава пачытаць, як у іншых абласцях ды раёнах выконваецца Дзяржпраграма “Культура Беларусі”. Цікавяць не толькі лічбы, але і ідэі…

Начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірына МІРОНЫЧАВА:

— Дапоўню прапанову наконт выканання Дзяржпраграмы і цікавасці да новых ідэй. Да прыкладу, у праграме закладзена фінансаванне бібліятэчнага абсталявання для чытачоў з кепскім зрокам. Абсталяванне гэтае ў нас не выпускаецца. Знайсці яго цяжка, але мы знайшлі. А трэба, каб пра гэта і ў іншых абласцях ведалі…

Начальнік аддзела кульуры Хойніцкага райвыканкама Валянцін БАРАНАЎ:

/i/content/pi/cult/399/8087/4-1.jpeg

— Апошнім часам з’яўляецца мала артыкулаў пра саміх работнікаў культуры. Чаму б не завесці рубрыку “Партрэты”? Лепшага маральнага стымулу для нас не ўявіць!..

Начальнік аддзела Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей АГІЕВІЧ:

/i/content/pi/cult/399/8087/4-2.jpeg

— Вельмі патрэбны каментарыі супрацоўнікаў Міністэрства культуры да законаў, новыя рэдакцыі якіх прымаюцца, нарматыўных дакументаў...

Дырэктар Эколага-культурнага цэнтра аграгарадка “Козенкі” Мазырскага раёна Тамара ГАРЧАНІНА:

— Хацелася б, каб з’яўлялася больш матэрыялаў пра новыя тыпы ўстаноў культуры. А Міністэрству культуры прапаноўваю збіраць кіраўнікоў такіх устаноў у маштабах рэспублікі раз на пэўны тэрмін. Паверце, нам ёсць што абмеркаваць...

Рэзюмэ “К” у дарозе

Пераязджаючы з раёна ў раён, мы абмяркоўвалі прапановы сяброў з рэгіёнаў і спрабавалі “нарадзіць” свае ці ўдасканаліць тыя праекты, якія пачалі рэалізоўваць.

Адзін з іх — “Несталічныя скарбы”, прысвечаны музейным экспазіцыям у рэгіёнах. Але журналісцкіх сіл не хопіць для таго, каб распавесці пра кожны раённы музей. Значыць, дарэчы акажацца і актыўнасць музейшчыкаў.

Гэткай жа актыўнасці рэдакцыя чакае ад аддзелаў культуры і пры асвятленні фестывальнага руху. У час летняга піку фізічна не ахопім неабдымнае...

Доўга абмяркоўвалі, як падаваць аналітыку па выкананні Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”. Карыснасць ідэі сумневаў не выклікала. Ды і тэма пастаянна адсочваецца.

Ды і рубрыка пра ролю асобы работніка сферы — прапанова, вартая ўвагі. Але ж не біяграфію і партрэт неабходна ў ёй падаваць, а раскрываць метады, стыль працы прафесіяналаў. Тады публікацыя стане карысным майстар-класам для іншых работнікаў культуры.

Што да новых тыпаў устаноў, дык тэму разглядалі неаднойчы. І публікацыі мелі крытычны характар. Чаму? Бо збольшага названыя арганізацыі адрозніваліся ад іншых толькі... шыльдамі. Вось і спроба падступіцца да яе ў мінулым выпуску рубрыкі "На людным месцы" паказала: пахваліцца крэатыўнымі знаходкамі такім установам у большасці выпадкаў пакуль няма чым.

Безумоўна, публікацыі па тэме новых тыпаў устаноў культуры будзем доўжыць, шукаць станоўчую фактуру і вырашаць праблемныя моманты.