“Гэта ж наша моладзь!”: пра выхад з паралельнага свету

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Адно з самых нечаканых пытанняў пад час “круглага стала” з чытачамі “К” было зададзена начальнікам аддзела культуры Рэчыцкага райвыканкама Святланай Краўчанка. Яна пацікавілася, чаму газета абмінае сваёй увагай найбуйнейшы ў краіне фестываль экстрэмальнай музыкі “Metal Crowd”, які штолета ладзіцца ў Рэчыцы. Па шчырасці, мы проста здзівіліся, бо не ведалі, што да арганізацыі гэтага спецыфічнага фэсту мае непасрэднае дачыненне аддзел культуры.

У многіх гарадах Беларусі (уключна, дарэчы, і са сталіцай) праявы маладзёжных субкультур — ды, зрэшты, і рок-музыка, якую можна назваць хіба што “вечна маладой”, — існуюць нібы ў паралельным свеце, які ніяк не перасякаецца з жыццём устаноў сеткі Міністэрства культуры. Паглядзіце афішы — і вы самі ў гэтым пераканаецеся.

Імпрэзы адбываюцца ў прыватных клубах з “бетоннай” акустыкай, пракураных барах, нават на лецішчах — карацей, дзе заўгодна, акрамя канцэртных залаў ДК.

/i/content/pi/cult/399/8085/3-1.jpeg

А вось на Гомельшчыне ўсё зусім інакш. У гэтым мы пераканаліся “на ўласныя вушы”, наведаўшы Гарадскі цэнтр культуры. У яго размаітым “меню” на пятнічны вечар прысутнічаў і рок-канцэрт у невялічкай утульнай зале без крэслаў.

— Нашы гомельскія рок-каманды славяцца на ўсю краіну і нават за яе межамі, таму, мабыць, было б недарэчна абмінаць іх увагай, — кажа дырэктар установы Людміла Паніна. — Тым больш, гэта ж наша моладзь!..

Таму Гарадскі цэнтр культуры ўжо які год з’яўляецца і “Рок-цэнтрам” — так называецца аматарскае аб’яднанне ці, калі хочаце, ініцыятыва, якая аб’ядноўвае ледзь не ўсіх рокераў горада. Прычым ладзіць яно не толькі канцэрты, фэсты ды конкурсы, але і майстар-класы мясцовых профі, што асабліва важна для маладых музыкаў. А ў вольны ад імпрэз час зала выкарыстоўваецца для рэпетыцый.

/i/content/pi/cult/399/8085/3-2.jpeg

Аргументаў такой пазіцыі можна знайсці нямала. Па-першае, гэта элементарнае права кожнага грамадзяніна краіны — слухаць альбо выконваць тую музыку, якая яму падабаецца. Па-другое, безумоўна, — выхаваўчы аспект. І справа не толькі ў строгім кантролі над “праміле” ў крыві музыкантаў ды публікі і наяўнасцю ў тэкстах песень пэўных лексічных адзінак. Справа менавіта ў наладжванні паўнавартаснага дыялога паміж пакаленнямі ды прыхільнікамі розных густаў. Слухай ты хоць метал, хоць рэтра — але... грамадзянінам быць абавязаны.

А па-трэцяе... Тут, як падаецца, цалкам дарэчы зноў узняць “хваравітую” для многіх тэму платных паслуг. Адзін з самых эфектыўных спосабаў павелічэння іх аб’ёму — пашырэнне аўдыторыі. ГЦК у гэтым сэнсе гатовы даваць майстар-класы. У пятніцу там было папраўдзе людна. Вялікая зала аддадзена пад аншлагавы “цыганскі” канцэрт, у малой грыміць рок, у адным з фае рэпеціруе дзіцячы ансамбль, аднекуль даносяцца спевы хору ветэранаў... Карацей, і для душы, і для кішэні. І пры гэтым ніхто нікому не перашкаджае.

— Безумоўна, нам хацелася б, каб бюджэтных сродкаў трапляла да нас больш — скажам, на тыя ж рамонтныя работы, — агучыла агульнае жаданне Людміла Паніна. І тут жа дадала: — Але паколькі зарабляем мы вельмі прыстойна, дык можам самі вырашаць многія свае праблемы…

...Адказваючы на пытанне пра метал-фэст у Рэчыцы, мы паабяцалі, што ў наступным годзе сярод патлатай і татуіраванай публікі на яго патрапіць і наш карэспандэнт. Бо гэты папраўдзе ўнікальны досвед спалучэння прыватнай і дзяржаўнай ініцыятыявы варты як мінімум увагі і вывучэння.