Кастынг на ролю прадзюсара

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Якія асацыяцыі выклікае ў вас тапонім “Ветка”? Адказ на гэтае пытанне ўдзельнікаў нашага падарожжа быў аднадушны: вядома ж, знакаміты Музей народнай творчасці. Адымі яго — і Ветка стане “самым звычайным” райцэнтрам, дзе праз асфальтную шэрасць савецкай архітэктуры ледзь-ледзь прабіваюцца ацалелыя рудыменты традыцыйнага местачковага побыту. Пра турыстычны патэнцыял такіх гарадкоў (а іх на Беларусі нямала, як, зрэшты, і ў суседзяў) звычайна кажуць хіба са скептычнай усмешкай. Але Ветка — зусім іншая справа.

Вось вам “на талерачцы” маляўнічы прыклад тых магічных магчымасцей, якімі валодаюць установы культуры ў справе геаграфічнага брэндынгу. Прычым сакрэт поспеху хаваецца, мабыць, нават не ва ўнікальнасці Веткаўшчыны, а менавіта ў нязгасным імпэце музейнай “каманды”.

Ручнікі ткалі не толькі ў гэтым краі, але дзе яшчэ гэты матэрыял настолькі грунтоўна даследаваны? А ў Ветцы прадстаўлены і старадаўні побыт, і кніжная культура... І самае галоўнае — як прадстаўлены!

/i/content/pi/cult/399/8084/2-7.jpeg

Апісаць у двух словах экскурсію па музеі, якая звычайна доўжыцца некалькі гадзін, — амаль тое самае, што пераказаць сімфонію ў фармаце “эсэмэскі”. На гэтай экскурсіі проста трэба пабываць!

 — Да нас адусюль прыязджаюць, у тым ліку і з вельмі далёкіх краёў, — распавядае дырэктар музея Галіна Нячаева. — І не толькі экскурсіямі, але і проста сем’ямі, кампаніямі. Такія наведвальнікі ведаюць, куды едуць, і едуць сюды мэтанакіравана…

Адна бяда: пакуль іх не надта шмат. За год былы дом купца Грошыкава наведвае ўсяго каля 12 тысяч чалавек. Безумоўна, гэты музей і не разлічаны на “масавага гледача”, а бяздумнае ўкараненне звыклых відаў атракцый можа толькі парушыць тыя “культурныя ландшафты”, што былі так старанна ды даткліва выбудаваны стваральнікамі музея. Але... Перакананы, людзей, якія прагнуць уступіць у дыялог на тым глыбокім узроўні, што прапануе Галіна Нячаева, на Беларусі ўсё ж куды больш, чым наведвальнікаў гэтай установы. Не кажу ўжо пра тых, хто прыязджае да нас з-за мяжы, прычым нярэдка — у пошуках менавіта таго, што ўдосталь мае Веткаўскі музей: культуралагічнай глыбіні ды аўтэнтыкі.

/i/content/pi/cult/399/8084/2-4.jpeg

Галіна Нячаева не любіць скардзіцца на жыццё, але варта было задаць ёй колькі пытанняў, каб праблемныя моманты сталі ўсплываць самі сабой. Некаторыя з іх — цалкам тыповыя для раённых музеяў. Прыкладам, памяшканні, што выкарыстоўваюцца пад фондасховішчы, даўно і нецярпліва чакаюць рамонту. А фонды ж, тым больш, — не абы-якія! Там і старадрукі, і ўнікальныя абразы, і тыя ж ручнікі... Некаторыя праблемы — наадварот, унікальныя. Настолькі ж, наколькі ўнікальная і гэтая ўстанова ў сваёй сціплай “раённай” намінацыі. Экспедыцыі, навуковая дзейнасць, папаўненне фондаў, рэстаўрацыя музейных прадметаў, друкаваныя выданні... Як з усім гэтым справіцца? І дзе знайсці сродкі? Тое, што музею такога ўзроўню іх не стае, відаць нават няўзброеным вокам.

На думку начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, такая ўстанова, як Веткаўскі музей, здатная сама вырашыць многія свае праблемы — праз прыцягненне пазабюджэтных сродкаў. Балазе добрыя прыклады фандрайзінгу з’явіліся ўжо і на Гомельшчыне, і з некаторымі нам давялося пазнаёміцца непасрэдна (пра іх — на наступных старонках).

/i/content/pi/cult/399/8084/2-5.jpeg

Па словах Галіны Нячаевай, мецэнаты дапамагаюць ужо сёння. Прыкладам, за іх кошт быў набыты металашукальнік, неабходны для правядзення археалагічных раскопак (не толькі ж “чорным капальнікам” шукаць скарбы ў шматлікіх курганах Веткаўшчыны!). Але, вядома, патрэба ў дапамозе далёка не вычарпана.

Скажам, у такой справе, як папаўненне фондаў. На Веткаўшчыне рарытэты яшчэ не скончыліся, ды і печкі імі ўжо ніхто не топіць. Усе разумеюць, што ручнікі або старадрукі маюць каштоўнасць, а заадно — і кошт. І музею вельмі складана канкурыраваць з прыватнымі дзялкамі альбо калекцыянерамі, якія гатовы адразу і без усякіх фармальнасцей расплаціцца “зялёнымі паперкамі” з уласнай кішэні. Дзяржаўная ўстанова такой магчымасці, вядома, не мае. Сітуацыю шмат у чым выратоўвае гераізм ды апантанасць супрацоўнікаў, але сучасны досвед падказвае і іншыя варыянты вырашэння праблемы: эфектыўная дзейнасць апякунскіх саветаў і супрацоўніцтва са спонсарамі ды мецэнатамі.

/i/content/pi/cult/399/8084/2-6.jpeg

І пытанне нават не ў тым, дзе такіх партнёраў шукаць, — калі шукаць, дык, мабыць, знойдуцца. Пытанне, як падаецца, іншае: каму шукаць?

У штат Веткаўскага музея ўваходзяць трыццаць чалавек. Зусім не мала, па раённых мерках. І самае важнае — “прыток маладой крыві” не спыняецца, нягледзячы ні на што.

На веткаўскім стэндзе нядаўняга Музейнага форуму — узнагароджаным, дарэчы, дыпломам лаўрэата, — многіх уразіў хлопец (!), што ўвішна ўпраўляўся з кроснамі (ва ўсёй краіне такіх рупліўцаў, здаецца, толькі двое: другі працуе ў Лідзе). 23-гадовы супрацоўнік Гомельскага філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка не толькі засвоіў традыцыю ткацтва, але і ахвотна перадае яе іншым, ладзячы рэгулярныя заняткі. А ёсць жа яшчэ і прафесійныя рэстаўратары — уяўляеце, у раённым музеі, у мястэчку з насельніцтвам трохі больш за сем тысяч чалавек! З неба гэтыя спецыялісты, вядома, не зваліліся — “выгадавалі” самі.

А вось прадзюсар альбо маркетолаг... На жаль, такой пасады ў музеі няма. Няма і чалавека, які рыхтаваў бы заяўкі на міжнародныя праграмы грантаў, знаходзіў агульную мову з прадстаўнікамі бізнесу, ладзіў вынаходлівыя піяр-акцыі... Цяперашнія веткаўскія рупліўцы думаюць зусім пра іншае, і ў гэтым няма ніякай заганы

Рэзюмэ “К” у дарозе

...Напэўна, раскрутка такога музея — гэта файны шанец самарэалізацыі для тых, хто нядаўна стаў дыпламаваным менеджарам у сферы культуры альбо проста сябе ім лічыць. Балазе ў дадзеным выпадку дакладна ёсць што раскручваць. Дык, можа, аб’явіць кастынг?..