Было б цікава пачытаць...

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Ідэі сяброў

Першы "круглы стол" адбыўся ў вялікай зале Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі. Праблем і прапаноў пад час яго было агучана нямала. Дзелімся фрагментамі сустрэчы і сваімі каментарыямі.

Вядучы спецыяліст аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Галіна ШВЕДАВА:

 — Для таго, каб сельскі клуб пачаў зарабляць больш-менш сур’ёзныя грошы, неабходна стварыць яму элементарныя ўмовы працы. Думаю, тут павінны сказаць сваё слова галоўныя спонсары — сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а таксама прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. У Гомельскім раёне ёсць прыклады такой дапамогі, але... пакуль яны адзінкавыя. І таму вельмі хацелася б бачыць на вашых старонках партрэт сучаснага кіраўніка сельскагаспадарчай вытворчасці, які глядзіць на ўстанову культуры не толькі як на канцэртную арганізацыю, але і як на важны фактар сацыяльнай палітыкі ды фарміравання асобы тых людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, а таксама — іх дзяцей… І яшчэ. У Рагачове штогод праходзіць цырымонія ўручэння прэміі “Залаты Рог”, дзе ўзнагароды за ўнёсак у сацыякультурнае развіццё раёна атрымліваюць, у тым ліку, і прадстаўнікі бізнесу. Можа, ёсць сэнс распаўсюдзіць падобную практыку і ў маштабах вобласці?..

Начальнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама Рыгор КОЗЫРАЎ:

— У вас была цікавая рубрыка — “Чытач. Газета. Міністэрства”. Лічу, яна вартая вяртання на палосы. Магу падказаць і такую цікавую для нас тэму: чаму маладых спецыялістаў даводзіцца давучваць і перавучваць? Можа, гэта неяк залежыць ад навучальных праграм?..

Дырэктар ДШМ № 7 г. Гомеля Дзмітрый СМОЛІЧ:

— Штатны расклад не прадугледжвае пасаду бібліятэкара ў нашай установе, але ж патрэба ў такой пасадзе — актуальная, тым больш, гаворка — пра нотны матэрыял. Прапаную ўзняць гэтае пытанне на старонках “К”…

Намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Алег АНАНЬЕЎ:

 — У вашай газеце вы прадстаўляце пераважна прафесійных мастакоў. Але ж ёсць і таленавітыя самародкі, якія ніколі не стануць членамі прафесійнага саюза. Ці не варта аддаць і гэтым талентам частку газетнай плошчы?..

Дырэктар Гомельскага ГЦК Людміла ПАНІНА:

 — Апрача тых фестываляў, што маюць афіцыйны статус, ёсць нямала іншых, вартых увагі. Прыкладам, мы ладзім фестываль аўтарскай песні, куды з’язджаюццца выканаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі...

Дырэктар Палаца культуры “Навабеліцкі” Аляксандр ГОСЦЕЎ:

 — Лічу, у працы з моладдзю трэба аб’ядноўваць спорт і культуру, улічваючы і разнастайныя праявы маладзёжнага мастацтва…

Рэзюмэ”К” у дарозе

Цягам усіх трох дзён вандроўкі па Гомельшчыне мы казалі пра тое, што на ўсе адмысловыя падзеі, якія штодня адбываюцца ў рэспубліцы, адно толькі журналісцкімі сіламі адгукнуцца немагчыма — патрэбна тут і актыўнасць пазаштатных аўтараў. Але допісы павінны мець менавіта рэспубліканскае значэнне. Каб чыталі — і досвед пераймалі.

А тэматыка тут — самая разнастайная. І самародкі, і “пазафарматныя” фестывалі. Артыкулы пра спонсараў ды алгарытмы падтрымкі цягам года выходзяць “Галерэі спонсараў ад “К”. Але пачаткам нашых новых публікацый можа — і павінна — стаць ліставанне з месцаў. Пасля атрымання інфармацыі, што ёсць у вас такі неабыякавы спонсар, можна смела выпісваць камандзіроўку ў гэты рэгіён.

Аб прэміі “Залаты Рог” мы пісалі неаднаразова. І вельмі ўхвальна тое, што начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама пагадзіўся абмеркаваць пытанне аб увядзенні аналагічнай абласной прэміі, якой адзначаліся б і работнікі культуры, і спонсары-мецэнаты. А “К”, у сваю чаргу, гарантуе інфармацыйную падтрымку.

Пра аднаўленне рубрыкі “Чытач. Газета. Міністэрства” нам казалі ці не ў кожным раёне Гомельшчыны. Будзем старацца, каб і такая зваротная сувязь існавала ды прыносіла карысць усім бакам. Праблема “нотнага” бібліятэкара, як падаецца, патрабуе менавіта такога ўсебаковага разгляду.

Наогул, у вырашэнні ўзнятых на нашых старонках праблем гаворка — ізноў пра ўзаемадзеянне. Можам прывесці процьму прыкладаў, калі газетныя ініцыятывы былі даведзены да лагічнага завяршэння…

Так, не ўсё іншым разам атрымліваецца з-за шэрагу аб’ектыўных прычын. Аднак гэта не азначае, што мы забываемся напрыканцы года пра тое, аб чым пісалі на яго пачатку. Курачка па зернейку клюе. Да прыкладу, тэма “недавучаных” маладых спецыялістаў — абгаворвалася, бадай, з усіх магчымых бакоў. У самым бліжэйшым часе мяркуем запрасіць у рэдакцыю саміх маладых спецыялістаў. Тэма, без сумневу, набудзе новае гучанне.