Альбом легенд

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Першая музейная экспазіцыя ў Мірскім замку з’явілася толькі дваццаць гадоў таму. Да гэтай даты прымеркаваны выхад фотаальбома.

Кніга стала падзеяй, бо не было дагэтуль выдання грунтоўнага — па-навуковаму дакладнага і адначасова па-мастацку прывабнага. Цяпер — ёсць: том, пра які ідзе гаворка, з’яўляецца энцыклапедыяй і, адначасова, альбомам.

/i/content/pi/cult/399/8076/1-3.jpeg

На яго старонках чытачы знойдуць інфармацыю пра ўвесь комплекс: пабудовы ды ландшафт. Складальнік — супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга Навіцкая. Аўтар здымкаў — вядомы фотамайстар Анатоль Дрыбас. Прэзентацыя альбома адбылася ў час Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

Распавядаючы нашаму карэспандэнту пра фотаальбом “Мірскі замак”, дырэктар Замкавага комплексу Вольга Папко падкрэсліла тую акалічнасць, што грошы на стварэнне выдання былі зароблены самім музеем. Яна разглядае выхад у свет гэтай кнігі як своеасаблівую справаздачу перад грамадствам і дзяржавай за дваццаць гадоў працы рэстаўратараў, архітэктараў, гісторыкаў, музейшчыкаў.