Паказаць лепшае!

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Больш за сорак краін-удзельніц, больш за шэсцьдзесят ігравых стужак у конкурснай і пазаконкурснай праграмах, навінка — конкурс дакументальных стужак, новы ўсебеларускі маштаб імпрэзы — пра гэтыя, і не толькі, дасягненні XIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” гутарым з дырэктарам Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Максімам БУДАНАВЫМ.

 /i/content/pi/cult/137/807/Budanau.jpg
— Пачнём з традыцыйнага пытання: якія сюрпрызы для аматараў кіно падрыхтаваў “Лістапад”?
— Перадусім, нягледзячы на азначэнне “Мінскі” ў назве фэсту, сёлетні “Лістапад” упершыню пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта тычыцца не толькі паказу конкурсных і пазаконкурсных фільмаў, але і творчых мерапрыемстваў самага рознага кшталту, у тым ліку прысвечаных Году дзіцяці і 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У абласцях пройдуць таксама гала-канцэрты “За таленавітую Беларусь!”, у якіх прымуць удзел беларускія і замежныя артысты.
Другім сюрпрызам для гледачоў стане конкурс дакументальных стужак, у якім будуць спаборнічаць каля трыццаці карцін з розных краін свету. І прыкладна гэткая ж колькасць неігравых стужак будзе паказана ў межах інфармацыйных праграм.
— Яшчэ ніколі за ўсю гісторыю “Лістапада” ніводная беларуская карціна не заваёўвала Гран-пры. Як вы лічыце, ці можа гэтая “традыцыя” парушыцца сёлета?
— Адна з “разыначак” нашага фэсту — гэта менавіта той факт, што Гран-пры прысуджаецца па выніках галасавання гледачоў, прадказаць якія не возьмецца ніхто. Да таго ж, у гісторыі мінскага форуму ўжо былі выпадкі, калі лёс фестывальнага “Золата” вызначылі літаральна сотыя долі балаў. Таму не буду рабіць аніякіх прагнозаў, скажу толькі, што мне як гледачу вельмі падабаюцца абедзве мастацкія стужкі, якімі прадстаўлены наш кінематограф на гэтым фестывалі.Адметна, што і “Ворагі”, і “Чаклун і Румба” створаны маладымі кінематаграфістамі. Гэта поўнаметражныя дэбюты рэжысёраў Марыі Мажар і Андрэя Голубева. Ці стане з’яўленне гэтых стужак прадвеснікам нейкага беларускага аналага французскай “новай хвалі” адкажа, натуральна, толькі час. Але ўжо на сённяшні момант стужка “Ворагі”Марыі Мажар мае неблагую калекцыю прызоў прэстыжных кінафорумаў, у тым ліку і Гран-пры на фестывалі “Брыганціна”. Што ж тычыцца фільма Андрэя Голубева, дык на “Лістападзе” адбудзецца прэм’ерны паказ гэтай стужкі, у якой наперадзе, спадзяюся, таксама шчаслівы фестывальны лёс.
— Дзеянне абедзвюх конкурсных карцін разгортваецца ў ваенныя часы, гэта прытым, калі шмат гаворыцца, маўляў, наш кінематограф прасычаны дамінантай ваеннай тэмы. Чым жа вытлумачыць той факт, што маладыя кінематаграфісты звяртаюцца менавіта да гэтай тэмы ў сваіх дэбютах?
— Мне падаецца, што ваенная тэма ніколі не перастане быць для нас актуальнай. Да таго ж, вайна у гэтых дзвюх стужках — перадусім, не батальныя сцэны, а, так бы мовіць, экстрэмальная сітуацыя, у якую трапляе чалавек. І менавіта гэтая сітуацыя выяўляе сапраўдную сутнасць чалавека, дазваляе яму лепш спасцігнуць сябе самога.
— Сёлетні “Лістапад” наважваецца ўсталяваць рэкорд па колькасці краінудзельніц — 42…
— Лічба сапраўды вельмі сур’ёзная. Скажу для параўнання, што летась у фестывалі прынялі ўдзел 24 краіны. Сёлета ўпершыню ў ім прымуць удзел стужкі з Бразіліі, Венесуэлы, Венгрыі, В’етнама, Індыі, Партугаліі, Таджыкістана, Турцыі і Паўночнай Карэі. Геаграфія фестывалю няспынна пашыраецца, і ў гэтым выпадку колькасць азначае таксама і якасць. Чым больш краін прадстаўлена ў нашай праграме, тым больш поўнае ўражанне атрымліваюць нашы гледачы аб тым, якія працэсы адбываюцца зараз у авангардзе сучаснага сусветнага кінематографа.
— Якія фільмы з конкурснай праграмы вы лічыце фаварытамі і параілі б наведаць у першую чаргу?
— Насамрэч, я шчыра перакананы ў тым, што кожны з фільмаў фэсту варты таго, каб яго пабачыць. Невыпадкова мы ўключаем у конкурс толькі тыя стужкі, што ўжо былі адзначаны на міжнародных фестывалях.Асноўны прынцып “Лістапада” заставаўся нязменным усе гэтыя гады — паказваць лепшае з таго, што сёння ёсць у кінасвеце.
— За якія прызы будуць змагацца фестывальныя стужкі і хто будзе вызначаць лепшых?
— Тут у нас усё традыцыйна. Лёс “Золата”, “Срэбра” і “Бронзы” “Лістапада” вызначае журы гледачоў, якое сёлета ўзначальвае папулярная тэлевядучая Святлана Бароўская.У склад міжнароднага журы фэсту ўвайшлі мастацкі кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Яфрэмаў, старшыня Украінскага саюза кінематаграфістаў Барыс Саўчанка, вядомы грэчаскі кінарэжысёр Андрэас Пантзіс, сербскі кінадраматург Йован Маркавіч, літоўскі кінарэжысёр Альгімантас Пуйпа, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, акцёр Генадзь Давыдзька. Старшыня журы — вядомы расійскі рэжысёр Дзмітрый Месхіеў. Журы кінематаграфістаў вызначае лепшых у намінацыях “За лепшую рэжысуру”, За лепшую жаночую ролю”, “За лепшую мужчынскую ролю”, а таксама прысуджае прызы “За лепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна”, “За лепшы дэбют у кіно імя Віктара Турава”.
На фестывалі таксама працуюць журы дакументальнага кіно на чале з мастацкім кіраўніком студыі “Леннаучфильм” Валянцінай Гуркаленка, журы прэсы, якое ўзначальвае галоўны рэдактар часопіса “На экранах” Людміла Перагудава, і журы тэатральнага конкурсу, старшыня — Аляксандр Карпаў.
— Застаецца толькі спытаць, якія кінатэатры стануць месцам асноўных фестывальных падзей?
— Па традыцыі, галоўнай фестывальнай пляцоўкай “Лістапада” застанецца кінатэатр “Кастрычнік”, а “Лістападзіка” — “Піянер”. Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фэсту пройдуць у Палацы Рэспублікі, а пазаконкурсныя фільмы праграмы можна будзе пабачыць амаль што ва ўсіх кінатэатрах горада. Такім чынам, да сустрэч на фестывалі! 

Гутарыў Міхась ПРАВЕД
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА