У музей — па крэатыў

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Пачынаючы з 20 кастрычніка на вочы мінчанам трапляюць афішы са словамі “Музейныя лабірынты”. А з інфармацыі, якая выкладзена на сайце з такой жа назвай, можна зрабіць выснову, што гэтая акцыя, ініцыяваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мае на мэце надаць музейнай справе праявы крэатыву, зрабіць наведванне сталічных музеяў інтрыгуючым і нават непрадказальным.

Падрабязней распавесці пра “Музейныя лабірынты” мы папрасілі Вольгу ПАРХІМОВІЧ, загадчыка аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэтая ўстанова з’яўляецца каардынатарам праекта.

/i/content/pi/cult/399/8069/2-3.gif

— Летась падобнае мерапрыемства мы ўжо ладзілі: у ім бралі ўдзел толькі літаратурныя музеі, і праграма была разлічана выключна на сямейныя каманды. Цяпер жа кола музеяў пашырылася, і вандруюць па іх, акрамя сямейных, яшчэ і каманды сяброў. Летась мы абыходзіліся ўласнымі сіламі, а сёлета звярнуліся да спецыялістаў па рэкламе. А паколькі праграма цяпер мае спонсара, дык і прыз адпаведны — паездка ў Аўстрыю, наведанне Вены, дзе знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у свеце музейных комплексаў.

Распачаць вандроўку па “лабірынтах” можна з любога музея. Усяго іх дзесяць. Гэта Нацыянальны мастацкі, Нацыянальны гістарычны, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, тэатральнай і музычнай культуры, гісторыі горада Мінска, сучаснага выяўленчага мастацтва і чатыры літаратурныя: Купалы, Коласа, Броўкі, а таксама гісторыі беларускай літаратуры. Па “лабірынтах” можна вандраваць камандай, а можна і самастойна. Білет для ўдзельнікаў вандроўкі абыходзіцца ў 20 тысяч рублёў — гэта сярэдні кошт для сталічных музеяў. Сума падзяляецца на членаў каманды.

Найперш у касе музея трэба набыць “пашпарт ўдзельніка” — гэта брашура, што змяшчае інфармацыю пра ўсе музеі “лабірынтаў” і пытанні, на якія трэба знайсці адказ. Ёсць нюанс: для каманды сяброў пытанні больш складаныя, чым для сямейнай каманды. Мы зыходзім з таго, што сям’я вандруе па “лабірынтах” з дзецьмі, значыць, трэба улічваць іх узровень інфармаванасці. Пасля таго, як каманда пройдзе ўвесь маршрут, пашпарт з адзнакамі становіцца свайго кшталту латарэйным білетам, па якім можна выйграць паездку ў Вену. На дадзены момант праз наш музей прайшлі 33 каманды па тры-чатыры ўдзельнікі ў кожнай.

Нашаму музею нададзены функцыі каардынатара праграмы. Гэта значыць, што менавіта мы атрымліваем рабочую інфармацыю, якую потым распаўсюджваем сярод іншых. Мы ж збіраем куратараў ад іншых музеяў, калі ўзнікае патрэба нешта абмеркаваць.

Завершыцца праект 9 снежня.

П.В.