Трансформер-цэнтр

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Арганізатары Мінскага архітэктурнага форуму, які пройдзе з 12 па 18 лістапада, галоўнай мэтай свайго прафесійнага сумоўя абвясцілі распрацоўку праектаў Беларускага цэнтра скульптуры, які мае быць створаны на базе Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура.

Форум ладзяць студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ. А творчай моладзі ўласціва разняволенасць і схільнасць да эксперыментаў. Пераўтварэнне кансерватыўнай паводле вызначэння ўстановы, якой з’яўляецца Музей Азгура, у крэатыўны выставачны комплекс і лабараторыю ідэй — праект для Беларусі актуальны. Гаворка аб нечым падобным пачалася не сёння, але пра паспяховую рэалізацыю згаданай ідэі чуць не даводзілася. Сутнасць праекта выяўлена ў словазлучэнні “музей-трансформер”. Упершыню гэтае вызначэнне ў дачыненні да Музея Азгура прагучала яшчэ ў 2009 годзе, але рэалізацыя ідэі насіла спантанны характар. І вось надышоў час канцэпцыі…

Мяркуецца, што Беларускі цэнтр скульптуры будзе спрыяць стварэнню скульптурных работ і забяспечваць іх захаванне, вывучэнне ды папулярызацыю. Творчы праект мае інтэлектуальны і эканамічны складнікі. Цэнтр будзе дзейнічаць з мэтай культурнага выхавання грамадства і самарэалізацыі мастакоў.

П.В.