Форум ладзяць студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ. А творчай моладзі ўласціва разняволенасць і схільнасць да эксперыментаў. Пераўтварэнне кансерватыўнай паводле вызначэння ўстановы, якой з’яўляецца Музей Азгура, у крэатыўны выставачны комплекс і лабараторыю ідэй — праект для Беларусі актуальны. Гаворка аб нечым падобным пачалася не сёння, але пра паспяховую рэалізацыю згаданай ідэі чуць не даводзілася. Сутнасць праекта выяўлена ў словазлучэнні “музей-трансформер”. Упершыню гэтае вызначэнне ў дачыненні да Музея Азгура прагучала яшчэ ў 2009 годзе, але рэалізацыя ідэі насіла спантанны характар. І вось надышоў час канцэпцыі…
Мяркуецца, што Беларускі цэнтр скульптуры будзе спрыяць стварэнню скульптурных работ і забяспечваць іх захаванне, вывучэнне ды папулярызацыю. Творчы праект мае інтэлектуальны і эканамічны складнікі. Цэнтр будзе дзейнічаць з мэтай культурнага выхавання грамадства і самарэалізацыі мастакоў.
П.В.