Хто наперадзе спеўнай планеты?

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста адкрываецца ІІ Міжнародны конкурс вакалістаў імя Л.Александроўскай. Заяўкі на ўдзел у ім даслалі 70 маладых спевакоў з дзевяці краін свету, у тым ліку з Арменіі, Германіі, Казахстана, Кітая, Літвы, Расіі, Украіны, Швецыі. Беларусь прадстаўлена 21 канкурсантам, якіх адабралі з больш як чатырох дзясяткаў ахвотных.

Конкурс, што носіць імя нашай легендарнай опернай салісткі Ларысы Александроўскай, нарадзіўся як рэспубліканскі і восем гадоў таму ўзрос да міжнароднага, адкрыўшы такія знаныя сёння імёны, як Таццяна Гаўрылава, Юрый Гарадзецкі, Ілья Сільчукоў. Усе яны зараз — вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, шырока запатрабаваныя таксама ў замежжы. Якія зоркі з’явяцца ў выніку цяперашняга спаборніцтва, мы даведаемся акурат праз тыдзень: заключны канцэрт конкурсу пройдзе там жа, у філармоніі, 17 лістапада. Гэтая канцэртная ўстанова гасцінна раскрывае дзверы і для ўсіх трох тураў праслухоўвання. На першыя два з іх, што пройдуць пад акампанемент раяля, можна будзе трапіць бясплатна. А вось на трэці тур, калі канкурсанты заспяваюць з Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, давядзецца набыць білеты.

Наяўнасць трох тураў, складанасць праграмы, якую ўдзельнікі павінны прадставіць на кожным з этапаў спаборніцтва, прадстаўнічы склад журы на чале з заслужанай артысткай Беларусі, прафесарам Людмілай Колас, дзе ёсць вядомыя спецыялісты не толькі з краін-удзельніц, але і з Балгарыі, Італіі, Сербіі, — усё гэта ўжо само па сабе сведчыць пра высокапрафесійную конкурсную планку.

Н.Б.