Другая Нацыянальная: “празрыстыя” тайны

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

У панядзелак у сталіцы ўрачыста стартуе паказ спектакляў, намінаваных на Другую Нацыянальную тэатральную прэмію. Імёны пераможцаў мы даведаемся праз тыдзень. Пакуль жа нас чакае шырокая панарама лепшых, па вызначэнні камісіі, пастановак, што былі ажыццёўлены апошнім часам па ўсёй краіне.

Пра тое, як завяршаецца падрыхтоўчы этап гэтага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва, распавяла каардынатар арганізацыйных пытанняў мерапрыемства, намеснік дырэктара па ідэалогіі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Валянціна СЦЯПАНАВА:

/i/content/pi/cult/399/8064/1-3.gif

— Падрыхтоўка выйшла на фінішную прамую. Сёння для нас самае галоўнае — своечасовы прыезд удзельнікаў і гасцей з абласцей, каб мы іх добра сустрэлі. А гэта не толькі самі ўмовы іхняй працы, але і стаўленне да іх з боку прэсы ды гледачоў. Упершыню заснавальнікамі прэміі будзе зладжаны “круглы стол”, прысвечаны сучаснаму беларускаму тэатру і тэндэнцыям яго развіцця. (Нагадаем, здабыткі і пралікі І Нацыянальнай тэатральнай прэміі былі прааналізаваны рэдакцыяй “К” таксама ў фармаце “круглага стала”. — Н.Б.) У ім возьмуць удзел як практыкі, так і тэарэтыкі тэатра, крытыкі ды навукоўцы. З часам, спадзяюся, такія абмеркаванні зробяцца традыцыйнымі і стануць садзейнічаць яшчэ больш плённаму развіццю нашага тэатральнага мастацтва. Ну і, вядома, своеасаблівай ацэнкай паказаных спектакляў будзе рэакцыя на іх сталічнай публікі, спакушанай у тэатральнай галіне.

— Ці чакаюцца госці з-за мяжы?

— Не, замежных крытыкаў і гасцей пакуль не будзе. Трэба ўсё ж, каб арганізацыя і правядзенне нашай Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўжо неяк усталявалася, замацавалася, каб у нас склаліся свае ўласныя нацыянальныя традыцыі, тады будзем і замежных тэатральных дзеячаў запрашаць. І не напярэдадні свята, а хаця б за паўгода да яго, каб яны маглі вызначыцца са сваімі планамі, “упісаць” наш конкурс па яго тэрмінах у агульны фестывальны рух.

— Цікава, якімі будуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята?

— Над закрыццём, якое, паводле традыцыі, адбудзецца ў Вялікім тэатры, працуе Сяргей Кавальчык — галоўны рэжысёр Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Наколькі я ведаю, чакаецца шмат прыдумак і прыемных сюрпрызаў для гледачоў. Адкрыццё ж адбудзецца ў нашым тэатры. Яго папярэдзіць выстаўка афіш і рэкламных плакатаў вылучаных на прэмію спектакляў, якая будзе адкрыта ў фае. Гледачоў сустрэнуць артысты ў тэатральных строях, што таксама створыць асаблівую атмасферу. Ну а непасрэдна ў зале перад спектаклем адкрыцця (нагадаю, гэта “Леаніды не вернуцца на зямлю” паводле Уладзіміра Караткевіча) адбудзецца лазернае шоу, прысвечанае ўрачыстасці.

— Ці зведае змены праца журы, у параўнанні з мінулым годам? У яго складзе, як і раней — больш за сто чалавек…

— Але, што прынцыпова важна, няма тых, хто намінаваны на прэмію. Гэта, трэба спадзявацца, надасць галасаванню яшчэ больш аб’ектыўнасці. Былі прапановы стварыць таксама каардынацыйны савет журы, які пасля кожнага спектакля будзе праводзіць абмеркаванні і інфармаваць пра сваё рашэнне астатніх членаў журы, каб да канца правядзення паказаў сфарміравалася больш вузкае кола прэтэндэнтаў: да прыкладу, па тры чалавекі на лепшыя жаночую і мужчынскую ролі. Канчатковае ж галасаванне, вядома, будзе тайным, як і летась. А ўрны, адпаведна, — празрыстымі. Але, падкрэслю, галасаваць будуць тыя, хто сапраўды наведваў вылучаныя пастаноўкі, а не проста чуў пра іх ад кагосьці. За гэтым мы будзем сачыць…

Н.Б.