116 магчымасцей Трыенале

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012” збярэ на сваёй плошчы 116 удзельнікаў — мастакоў, музыкантаў, тэатральных калектываў... Гэтая лічба была агучана на прэс-канферэнцыі ў Мінску, якая праанансавала галоўную падзею сёлетняга арт-жыцця. Яна распачнецца 23 лістапада і будзе мець слоган “Магчымасці чалавека неабмежаваны”.

Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі, падрыхтоўка да мерапрыемства распачалася ўжо летась у снежні — пасля адпаведнага даручэння Прэзідэнта нашай краіны. За гэты час была зроблена немалая праца, якая дазволіць прадставіць паўнавартасны зрэз сучаснага беларускага мастацтва. У той самы час, куратар Трыенале Віктар Альшэўскі яшчэ раз падкрэсліў, што задача змясціць у выставачную прастору ўсіх вартых увагі аўтараў нават і не ставілася — з той простай прычыны, што гэта немагчыма нават фізічна.

 

/i/content/pi/cult/399/8062/1-1.jpeg

У памяшканні “БелЭКСПА” будуць прадстаўлены як выставачныя праекты мастакоў з міжнароднай вядомасцю (напрыклад, Руслана Вашкевіча або Канстанціна Селіханава), так і творчыя задумы маладых аўтараў. Адметна, што ўвагай не абдзелены і рэгіёны краіны, прычым асаблівы акцэнт гэтым разам зроблены на Віцебск, які даўно імкнецца вярнуць сабе славу сталіцы авангарда. Як паведаміў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, агулам на Трыенале будуць экспанавацца творы амаль 40 аўтараў некалькіх пакаленняў.

Асобны павільён на Трыенале прадставіць і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Як адзначыў яе рэктар Міхаіл Баразна, апрача выстаўкі твораў, у яго рамках пройдзе шэраг разнастайных прэзентацый з дыскусіямі, паказамі ўзораў экраннага мастацтва...

/i/content/pi/cult/399/8062/1-2.jpeg

Увогуле, цікавую і адметную праграму арганізатары абяцаюць штодня, запэўніваючы, што, прыйшоўшы ў выставачную залу аднойчы, зацікаўлены глядач захоча вярнуцца ў яе неаднаразова. Дарэчы, час працы Трыенале будзе даволі нязвыклы для айчынных арт-падзей (але, зрэшты, ужо амаль традыцыйны для аналагічных замежных): ажно да дзявятай вечара! Як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, гэта зроблена спецыяльна для моладзі, якая не мае магчымасцей прапускаць вучобу або працу, каб наведваць тыя выстаўкі, якія зачыняюць свае дзверы ўжо а шостай.

Асноўная крыніца фінансавання Трыенале — гэта сродкі рэспубліканскага і муніцыпальнага бюджэтаў. У той самы час, як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, цікавасць да падзеі выявіла і бізнес-супольнасць, пагадзіўшыся выступіць у ролі спонсараў. Ды і ўваход на выстаўку будзе платным. Зрэшты, Уладзімір Карачэўскі запэўніў, што цана білета не надта абцяжарыць нават студэнцкую кішэню.

На прэс-канферэнцыі былі прэзентаваны рознакаляровыя афішы Трыенале, якія ўжо неўзабаве ўпрыгожаць гарадскія тумбы, і рэкламны ролік, прызначаны для тэлератацыі. Дзейнічае ўжо і інтэрнэт-сайт падзеі, дзе вядзецца “зваротны” адлік тых дзён, гадзін і хвілін, якія засталіся да адкрыцця…

І.С.