Віктар КУРАШ: “Званне “Мінскі...” абавязвае да многага”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

15 лістапада, калі вярстаўся гэты нумар, Кіраўнік дзяржавы прызначыў Віктара КУРАША намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Але гэты матэрыял рыхтаваўся, калі Віктар Іосіфавіч працаваў начальнікам упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і займаўся падрыхтоўкай “Лістапада”. Вось што ён паведаміў тады “К” пра фестывальныя святочныя варункі:

 /i/content/pi/cult/137/806/Kurash.jpg
— Мінск, як гасцінны гаспадар фестывалю, заўжды з радасцю рыхтуецца да сустрэчы сяброў, паяднаных мастацтвам кіно. Таму з кожным годам восеньскае свята пашырае межы нацыянальнага прадстаўніцтва. Па ім сёлета можна вывучаць геаграфію планеты. Але ў першую чаргу — тэндэнцыі развіцця сучаснага кіно, якое на тыдзень атрымала прапіску ў нашай сталіцы.
На кожным з “Лістападаў” замежныя кіназоркі сусветнай велічыні абсалютна не падаюцца гэткімі недасягальнымі небажыхарамі, якіх абцяжарвае зямная слава. Яны з радасцю ідуць на кантакт з аматарамі кіно і арганізатарамі фестывалю. У гэтым — адна з уласцівасцей Мінскага фестывалю, які здолеў стаць мастацкай візітоўкай сталіцы.
Мінск спакон веку быў утульным горадам не толькі для ягоных карэнных жыхароў. Замежных гасцей уражваюць не толькі нашы старадаўнія забудовы, якія захавалі нацыянальную самабытнасць, не толькі нашы маляўнічыя вуліцы, пляцы і паркі еўрапейскага кшталту, але і шчырая добразычлівасць і арганізатараў “Лістапада”, і простых аматараў кінамастацтва. За некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця фестывалю, перад заўсёднай прэс-канферэнцыяй у гарадской ратушы, мінчане, па традыцыі, сустракаюць акцёраў і рэжысёраў кветкамі... Кіно — самы масавы від мастацтва. Яно сапраўды не мае межаў. Людзі самых розных нацыянальнасцей праяўляюць усё большы інтарэс да культуры суседзяў. І Мінскі фестываль спрыяе гэтаму працэсу. Свята кіно не абмяжоўваецца конкурсным і пазаконкурсным паказамі мастацкіх, дакументальных, анімацыйных фільмаў. Творчыя сустрэчы з акцёрамі і рэжысёрамі запланаваны сёлета ў вытворчых калектывах, сярод грамадскасці не толькі кожнага раёна сталіцы, але і кожнай вобласці Беларусі. Так што да Мінскага міжнароднага кінафестывалю“Лістапад-2007” напоўніцу далучыцца ўся наша краіна...
Званне “Мінскі” абавязвае фестываль да многага. У першую чаргу — да няўхільнага далейшага развіцця дзеля ўмацавання нашых міжнацыянальных творчых сувязей.