Віртуальна — і за дзень

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Сёння ў айчынных музеях надзвычай папулярнымі сталі выстаўкі аднаго дня. Падобным чынам прыцягнуць увагу карыстальнікаў Інтэрнэта з усяго свету да ўнікальных каштоўнасцей нашай краіны вырашыў і Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.

На пачатку кастрычніка стартаваў доўгатэрміновы праект выставак аднаго дня, прысвечаным святам. Да Дня маці і Пакрову Прасвятой Багародзіцы экспанаваліся рэпрадукцыі абразоў і фотаздымкаў розных часоў з выявамі жанчын. У дзень традыцыйнага свята млынароў на сайце Дзяржкаталога былі прадстаўлены выявы адмысловых жорнаў з Карэліцкага раённага краязнаўчага ды Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музеяў, а таксама фотаздымкі ветракоў з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. 4 кастрычніка — у дзень запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі — і 15 кастрычніка — у Міжнародны дзень сельскіх жанчын — дэманстраваліся выявы штучнага спадарожніка ды льняной лялькі, якія не толькі характарызуюць тэмы святаў, але і маюць сваю ўласную гісторыю. Яны знаходзіліся ў калекцыях Івана Шамякіна ды Уладзіміра Караткевіча…

/i/content/pi/cult/398/8058/1-3.jpeg

Ідэя стварэння праекта выставак аднаго дня супрацоўнікам Цэнтра Дзяржкаталога прыйшла напрыканцы верасня ў працэсе абмеркавання новых форм падачы інфармацыі на сайце. Сёння над рэалізацыяй праекта працуе старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра Юлія Аляшкевіч.

На выстаўках прадстаўлены выявы прадметаў з іх апісаннем як з музеяў рэспубліканскага падпарадкавання, так і з абласных, раённых устаноў. Да прыкладу, 1 кастрычніка — на Міжнародны дзень музыкі — на сайце выклалі выявы трох адметных музычных інструментаў з трох раённых музеяў, якія толькі далучыліся да адпраўкі апісання найбольш каштоўных прадметаў на сервер.

/i/content/pi/cult/398/8058/1-5.jpeg

Па словах загадчыка аддзела інфармацыйна-метадалагічнага забеспячэння дзейнасці Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь Наталлі Гярмацкай, асноўны крытэрый адбору прадметаў для аднадзённых выставак — кантэкст свята. Акрамя таго, для праекта выбіраюцца прадметы з якаснымі фота. Пры гэтым супрацоўнікі Дзяржкаталога да адпаведнага дня не раскрываюць таямніцы прадстаўленага на выстаўцы ў якасці ілюстрацыі свята прадмета.

/i/content/pi/cult/398/8058/1-4.jpeg

Калі ж казаць пра будучыя выстаўкі на сайце www.dkmf.by, то, па словах Наталлі Гярмацкай, гэтымі днямі мае распачацца віртуальная выстаўка, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Акрамя таго, чакаюцца цікавыя экспазіцыі да такіх святаў, як Міжнародны дзень вегетарыянца, Сусветны дзень мужчын, Сусветны дзень адмовы ад курэння, Сусветны дзень студэнтаў, а таксама Дзень работнікаў шкляной прамысловасці…

К.А.

На здымках: экспанаты выстаўкі.