"Маладосць на маршы" да... прадзюсараў

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Крысцін К. Уокер, старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў конкурсу "Маладосць на маршы", прадзюсар (ЗША)

— Як вы даведаліся пра Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”? Што прывабіла вас у гэтым форуме ды прымусіла ляцець праз акіян, каб узначаліць журы яго маладзёжнага конкурсу?

— З праграмным дырэктарам фестывалю Ігарам Сукманавым мы пазнаёміліся ў Злучаных Штатах, куды ён прыехаў у складзе міжнароднай групы кінематаграфістаў. Агульная тэма для размоў у нас з’явілася адразу: Ігар аказаўся вялікім прыхільнікам стужкі Бэлы Тара “Турынскі конь”, да якой я маю пэўнае дачыненне. Яе паказ адбыўся на леташнім “Лістападзе”, і, натуральна, мне было прыемна даведацца, што мінскі глядач прыняў гэты даволі складаны фільм надзвычай прыязна.

/i/content/pi/cult/391/8052/1-2.jpeg

Таму калі праз колькі месяцаў Ігар запрасіў мяне да ўдзелу ў фестывальным журы, я без ваганняў пагадзілася, палічыўшы за гонар магчымасць наведаць Беларусь і непасрэдна фестываль “Лістапад”. Яшчэ большым гонарам для мяне стала прапанова ўзначаліць журы конкурсу “новых кінематаграфістаў”. Мне шмат разоў даводзілася выступаць прадзюсарам фільмаў маладых рэжысёраў, робячы свой унёсак у важную справу “прасоўвання” новых імёнаў на вялікі экран. І вось з’явілася яшчэ адна цудоўная магчымасць спрычыніцца да гэтага працэсу  — цяпер ужо ў ролі старшыні журы конкурсу “Маладосць на маршы”. Спадзяюся на прыемныя адкрыцці ды яркія індывідуальнасці, чый даробак варты ўвагі міжнароднай аўдыторыі.

 — Звыклае пытанне для старшыні журы: якога кшталту фільмы вы любіце? Без сумневу, гэтыя ўпадабанні ўплываюць і на крытэрыі ацэнкі...

— Гэта складанае пытанне, бо я люблю так шмат розных стужак… Чацвёрка маіх фаварытаў — гэта “У джазе толькі дзяўчаты, або Некаторыя любяць пагарачэй“ Білі Уайльдэра, “Сем самураяў” Акіры Курасавы, “Шукальнікі” Джона Форда ды “Попел і алмаз” Анджэя Вайды. Гэтыя фільмы даюць папраўдзе глыбокае і вычарпальнае разуменне крытэрыяў добрай стужкі: дасканалае даследаванне і ўвасабленне характараў, высокі ўзровень мастацкага аздаблення, здымачнай кампазіцыі, працы са святлом, гукавога аздаблення, музыкі і, вядома ж, акцёрскай ігры. Маладыя рэжысёры, якія замахваюцца на такі маштаб, выклікаюць у мяне шчырае захапленне.

— Вы назвалі толькі класічныя фільмы, і гэта наводзіць на пэўную думку...

— Што вы! Сёння таксама багата выбітных індывідуальнасцей, якія пашыраюць межы звыклага кінанаратыву і рознымі спосабамі дасягаюць аднолькава ўражальных вынікаў. Згадаю і смелую дзёрзкасць “Голаду” Стыва МакКуіна, і правакацыйнае хараство стужкі “Я бачыў д’ябла” Кім Чжы Уна, і заблытаны пазл “Разводу” Асгара Фархадзі. Дадзеныя карціны аб’ядноўвае тое, што ўсе яны адлюстроўваюць свет як бы ў іншым ракурсе, адкрываючы гэтае новае бачанне і для нас. На маю думку, найлепшыя фільмы — гэта тыя, што пашыраюць межы кінематографа, звяртаючыся, у той самы час, да ўніверсальных тэм.

Што да крытэрыяў... У якасці члена журы я буду ацэньваць усе конкурсныя стужкі паводле тых самых высокіх стандартаў, якія ўсталявалі згаданыя вышэй рэжысёры. Зрэшты, паколькі я таксама непасрэдна працую ў кінавытворчасці, дык цудоўна разумею, наколькі складана бывае дасягнуць належных вынікаў, асабліва калі ты маеш абмежаваныя рэсурсы. І таму ў ліку іншых крытэрыяў адзначыла б таксама ўнікальнасць бачання і тое, наколькі крэатыўным быў рэжысёр у сваім падыходзе да матэрыялу. Заўсёды ўхваляю пэўную рызыку: адважнасць для мяне нават больш важная, чым дасканалае выкананне.

Урэшце, сярод крытэрыяў для мяне важная таксама і сапраўднасць. Пытанне, якое я задаю сама сабе ды тым кінематаграфістам, з якімі я супрацоўнічаю: ці “купіць” гэта аўдыторыя? Ці прыме глядач той свет, які ты стварыў? Рэжысёры робяць свае творы для пэўнай аўдыторыі, і мы павінны браць пад увагу непазбежную ў такім выпадку адказнасць…

— Вы з’яўляецеся старшынёй кінакампаніі “New Globe” і адным з заснавальнікаў кампаніі “Werc Werk Works”, якая дапамагае незалежным рэжысёрам. Ці складана ў наш час запаліць новую зорку кінематографа?

 — Думаю, у Амерыцы гэта куды складаней, чым за яе межамі. Для таго, каб займець хоць які бюджэт для сваіх пастановак, амерыканскія незалежныя рэжысёры мусяць дзейнічаць паводле тых самых схем, што і іхнія калегі з Галівуда. Вядома, большасць фінансавых кампаній разумее: укладанне сродкаў у стужкі з удзелам суперзорак альбо ў жанравыя фільмы — гэта куды больш гарантаваны спосаб вяртання іх інвестыцый, такія праекты маюць нашмат больш шанцаў прыцягнуць шырокую аўдыторыю ды атрымаць добрыя зборы. Натуральна, падобныя фактары надта абмяжоўваюць маладых рэжысёраў. Нам у “Werc Werk Works” ужо не прызвычайвацца ісці на фінансавую рызыку, але нават мы куды з большай ахвотай бяромся за фільмы, у цітрах якіх пазначаны гучныя імёны.

У той самы час, у многіх еўрапейскіх краінах існуе куды больш разгалінаваная схема дзяржаўнай падтрымкі кінавытворчасці. Ды і крытэрыі ацэнкі факусіруюцца ў большай ступені менавіта на мастацкіх ды культурных вартасцях стужкі, а не на яе камерцыйнай перспектыве. На маю думку, такія варункі ствараюць больш умоў для прадзюсарскай рызыкі ў незалежным кіно і, адпаведна, для развіцця кар’еры маладых рэжысёраў. Прыкладам фільм “Factotum” рэжысёра Бента Хамера, прадзюсарам якога я з’яўлялася, у значнай ступені быў прафінансаваны Урадам Нарвегіі — і гэта прытым, што мы здымалі яго выключна ў Злучаных Штатах! Так, гэта быў незвычайны выпадак, але ён красамоўна выяўляе памкненне гэтай краіны падтрымліваць кінематаграфістаў, каму ўласціва адметная скандынаўская пачуццёвасць.

Адной з амерыканскіх выбітных стужак апошняга часу стаў фільм “Звяры Дзікага Поўдня” рэжысёра Бэна Зайтліна, які атрымаў Гран-пры журы на фестывалі “Sundance” і прыз ФІПРЭСІ ў Канах. Гэты спакойны чароўны фільм з’явіўся на свет дзякуючы супольнай падтрымцы неймавернай колькасці грантадаўцаў і кінаарганізацый. Спалучыць іх у адным праекце — гэта вельмі складаная праца. Але, у той самы час, яна спараджае выбітныя мастацкія вынікі!

— Ці жадаеце пазнаёміцца з маладым беларускім кіно?

— Безумоўна! Спадзяюся, што гэтае знаёмства будзе прыемным!..