Расціслаў ЯНКОЎСКI: “Спрычыніцеся да магіі кіно”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

З якім настроем і памкненнямі сустракае XIV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” яго старшыня — народны артыст СССР і Беларусі Расціслаў ЯНКОЎСКІ, “К” вырашыла дазнацца першай.

 /i/content/pi/cult/137/805/Yankovskii.jpg
— Расціслаў Іванавіч! Сённяшні “Лістапад” — ужо чатырнаццаты. Вы стаялі на золку нараджэння кінафестывалю, “выхоўвалі” яго ўсе гэтыя гады. Што зараз адчуваеце, назіраючы за ім? Што для вас — “Лістапад”?
— Ведаеце, у маёй жонкі сёння дзень нараджэння. Яна пражыла са мной усё жыццё, і яна — частка мяне, разумееце? Што такое “Лістапад”, якому сёлета ўжо 14? Ён таксама — частка мяне. Мая радасць, мой гонар за Беларусь, за Мінск.
Мінскі міжнародны кінафестываль — як гэта гучыць! Гэта вялікая падзея! “Усе сцягі едуць у госці да нас”, — хочацца мне перафразаваць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. 42 краіны-ўдзельніцы, вялікая колькасць кінастужак, гасцей... Сёлета ў нас адкрыўся на “Лістападзе” і фестываль дакументальнага кіно.
Кінафорум раскінуў крылы — сягнуў і ў абласныя цэнтры. Яго буйны рост грэе, радуе мяне празмерна.
Калісьці я марыў пра тое, каб беларусы мелі магчымасць бачыць добрае кіно, — і можна сказаць, што мая мара сёння здзейснілася. Вы памятаеце тыя часы, калі ідзеш па калідорах кінастудыі, а навокал — пустата... Сёння галоўнае, пра што сведчыць наш кінафестываль, — тое, што кіно адрадзілася. Што нараджаюцца праекты, здымаюцца фільмы, што працэс кінавытворчасці наладжваецца.
Ды і мы можам смела гаварыць пра наша фестывальнае нараджэнне — сёння ўжо “Лістапад” ведаюць і за межамі Беларусі, і за межамі СНД. У нас ёсць свая цудоўная фестывальная каманда, вельмі паважаны мной дырэктар Валянціна Аляксееўна Сцяпанава, нас падтрымліваюць Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, улады горада, пра нас пішуць журналісты... “Лістапад” для мяне — гэта вялікае шчасце. Шчасце для нас усіх, бо ён дае нам магчымасць убачыць сапраўднае кіно, спрычыніцца да яго магіі і зарадзіцца ёю.
— Чатырнаццаць гадоў — гэта ўзрост “пераломны”. Які шлях вы пажадалі б выбраць любімаму “падлетку”?
— Калісьці я хацеў, каб наш фестываль быў падобны да Берлінале. Але зараз я ўсё ж-такі схіляюся да думкі, што ён мусіць выбраць свой асабісты шлях, каб у ім прымалі ўдзел стужкі з самых розных краін, але пры гэтым ён заставаўся па духу нашым. Хацелася б, каб адкрывалі форум беларускія карціны, каб болей было б кіно вострага, актуальнага, каб больш было густу і элегантнасці...
Сёння на нашых тэлевізійных экранах — спрэс адны серыялы. Мне часам здаецца, што расійскі кінематограф ужо абагнаў у іх вытворчасці Бразілію, — такое іх мноства. І ў гэтым кантэксце мне б хацелася, каб “Лістапад” больш за ўсё “стаяў на варце” сур’ёзнага кіно, каб фестываль заставаўся змястоўным. Сапраўднае кіно трэба глядзець у кіназале — тады не губляецца ні праца аператара, акцёраў, нічога не губляецца. І больш за ўсё мне хочацца, каб “Лістапад” і надалей прымушаў людзей прыходзіць у кінатэатры.Сёння прыйшоў час, можна сказаць і так, прадзюсерскага кіно. Рыначныя ўмовы дыктуюць новыя формы працы. Фестываль рабіць становіцца ўсё больш складана: ганарары зоркам, плата за пракат стужак і г. д. Але ж кіно здымаецца. І кіно добрае. І неабходна, каб беларускі глядач яго бачыў. Ведаю, што прыняць новыя законы вытворчасці кіно вельмі складана, але трэба ўваходзіць у гэтую прастору і спрабаваць у ёй працаваць. І я спадзяюся, што “Лістапад” з гэтым справіцца.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ