Хто ў радаводзе Песняра?

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

З калена Леаніса, што ў сказцы Радзівіла

Бадай, кожны з нас калі-небудзь задаваўся мэтай адшукаць “свае карані”, свой радавод, асабліва калі прозвішча супадае з прозвішчам літаратурнага класіка ці легендарнай асобы. Да прыкладу, на думку сваяка беларускага Песняра Якуба Коласа Юрыя Міцкевіча, супрацоўніка філіяла “Мікалаеўка” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, у радаводзе нашага класіка пазначаны імёны звыш 380 чалавек. Больш за тое: існуюць версіі, што род Коласа мае сувязь з не менш славутым творцам — Адамам Міцкевічам.

Дык дзе ж бярэ вытокі род нашага выбітнага паэта? Адказаць на гэтае пытанне дапамогуць беларускія архівы, у якіх захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, што могуць быць выкарыстаны ў генеалагічных даследаваннях ды ўяўляюць цікавасць для аднаўлення радаводных дрэў. Сярод іх — метрычныя кнігі, рэвізскія сказкі, уліковыя звесткі розных ведамстваў і саслоўяў.

/i/content/pi/cult/398/8049/2-1.jpeg

Як падказваюць архіўныя дакументы, родная для Якуба Коласа Мікалаеўшчына згадваецца ў сярэдзіне XVI ст. як уладанне Осцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, магчыма, ад імя ўладальніка — Мікалая Осцікавіча. У 1555-м Мікалаеўшчыну набыў Л.Свірскі, якая, згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, увайшла ў склад Мінскага павета Мінскага ваяводства. У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданне Мікалая Крыштофа Радзівіла “Сіроткі”, які далучыў яе да Нясвіжскай ардынацыі.

Згодна з дакументамі, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве краіны, Міцкевічы, прынамсі, з сярэдзіны XVIII стагоддзя жылі ў вёсцы Мікалаеўшчына Свержанскай воласці Мінскага павета.

Радавод Якуба Коласа пачынаўся з выпіскі з метрычнай кнігі Мікалаеўскага рымска-каталіцкага касцёла аб нараджэнні 29 красавіка 1790-га і, адпаведна, хрышчэнні Мікалая Міцкевіча (прадзеда Якуба Коласа), сына Лявона (Леаніса) і Рэгіны Міцкевічаў. Пацвярджаюць гэтую версію і рэвізскія сказкі вёскі Мікалаеўшчына ад 1795 года, дзе гаспадарамі двара пад нумарам 37 запісаны Казімір Пятровіч Міцкевіч і ягоная жонка Фёкла Фёдараўна з сям’ёй. У прыватнасці — сынам Лявонам (пахаваны ва ўзросце 41 года на Мікалаеўскіх парафіяльных могілках у 1797-м) і ягоным нашчадкам Мікалаем, якому на час рэвізіі было шэсць гадоў.

/i/content/pi/cult/398/8049/2-3.jpeg

Больш-менш акрэслена па радаводзе Якуба Коласа можна арыентавацца па так званых рэвізскіх сказках — імянным пераліку жыхароў паселішча ці асобных двароў. Гэтыя дакументы пацвярджаюць, што продкі Канстанціна Міцкевіча належалі князям Радзівілам як прыгонныя сяляне. У прыватнасці, згадваецца такі факт: “…1795 месяца 15 дня Мінскай губерні Нясвіжскага павета мястэчка Мікалаеўшчызна належыць уладальніку, князю літоўскаму Дамініку Геранімаву сыну Радзівілу, валоданні якога складаюць у суме 1 188 00 злотых…”.

З архіўных дакументаў, метрычных кніг былога Мікалаеўскага касцёла вядомы і прапрадзед Якуба Коласа з боку маці — Ігнась Лёсік, сын якога Язэп, прадзед класіка, нарадзіўся ў 1791-м. Таксама вядомыя імёны бабулі Якуба Коласа па бацькоўскай лініі — Домна (нар. прыкладна ў 1796 годзе), яе сына, што з’яўляўся дзедам Коласу, Казіміра Міцкевіча і яго жонкі Ганны. У прыватнасці, захаваўся запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага рымска-каталіцкага касцёла ад 15 лютага 1820 г., які сведчыць пра нараджэнне і хрышчэнне Казіміра Міцкевіча.

Дзед па матчынай лініі — Юрый Лёсік нарадзіўся таксама на Мікалаеўшчыне прыкладна ў 1837 годзе, бабуля Крысціна — у 1838-м. У сваю чаргу, іх дачка — маці Якуба Коласа Ганна Юр’еўна — пабачыла свет у 1857 годзе. Усё гэта пацвярджае рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына маёнтка лясніцтва “Арцюхоўскае” Мінскага павета, дзе пад нумарам 10 згадваецца сям’я Матэвуша Лосіка (Лёсіка), у тым ліку Ганна Лосік.

/i/content/pi/cult/398/8049/2-2.jpeg

Бацька нашага Песняра Міхаіл нарадзіўся ў Мікалаеўшчыне прыкладна ў 1855 г. і сярод братоў быў трэцім сынам. Пра гэта кажа і рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына маёнтка Паздзержыцы Мінскага павета Мінскай губерні, дзе пад нумарам 25 згадваецца сям’’я Казіміра Міцкевіча, у тым ліку Міхаіл Міцкевіч  — бацька Якуба Коласа.

У выданнях за 1876-ы, незадоўга да нараджэння Якуба Коласа, пазначана, што ў Мікалаеўшчыне на той час было каля 640 душ, існавала перабудаваная з касцёла праваслаўная царква. Паколькі яго бацька служыў лесніком у Радзівілаў, то, ажаніўшыся, спачатку жыў у роднай вёсцы (там, у 1878 годзе, нарадзіліся сыны Уладзя і, у 1880-м, Алесь), а пасля мусіў яе пакінуць і жыць з сям’ёй там, куды яго пасылалі па працы.

Менавіта ў Акінчыцах, што некалі былі пры вёсцы ля дарогі са Свержаня ў Мікалаеўшчыну, а цяпер знаходзяцца ў межах Стоўбцаў, 3 лістапада 1882 года і пабачыў свет яго трэці сын — Кастусь Міцкевіч. Пра гэты перыяд працы бацькі Якуба Коласа расказваюць службовы фармуляр лясной варты Акінчыцкага лясніцтва князя Радзівіла 1884 — 1885 гг., дзе пад нумарам 12 пазначаны вартаўнік Міхал Міцкевіч, а таксама інвентарнае апісанне Акінчыцкай лясной каморы Мінскага павета Мінскай губерні, дзе жыла сям’я Міхаіла Міцкевіча…

На здымках: службовы фармуляр Акінчыцкага лясніцтва князя Радзівіла, дзе пад № 12 пазначаны вартаўнік Міхал Міцкевіч; рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына Мінскага павета Мінскай губерні, дзе згадваецца сям’я Мікалая Міцкевіча (1834 г.); план сядзібы ляснога вартаўніка ва ўрочышчы Альбуць Мінскага павета Мінскай губерні (1879 г.).

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"