Кніжныя прагулкі

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Навагрудчына: россып ідэй

Днямі адбыўся міжраённы семінар навагрудскіх і лідскіх бібліятэкараў “Інтэлектуальна-актыўны асяродак культуры сучаснай вёскі і горада. Забеспячэнне вольнага часу насельніцтва”. Навагрудская ЦБС у праграму ўключыла пяць бібліятэк.

Напрыклад, Ладзеніцкая сельская бібліятэка апошнім часам працуе як інтэлект-цэнтр. Ва ўстанове шырока выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы работы як з членамі клуба па інтарэсах, так і з астатнімі чытачамі: у яе творчай лабараторыі — чатыры віды электронных гульняў. Да семінара быў падрыхтаваны спецвыпуск гульні “Эрудыт” па тэме “Кнігі і людзі”.

/i/content/pi/cult/398/8048/1-5.jpeg

Аддзел па абслугоўванні дзіцячага чытача Навагрудскай ЦРБ прадставіў свой інфармацыйна-адукацыйны цэнтр. Сваім калегам-суседзям бібліятэкары прадэманстравалі інфармацыйна-электронны часопіс “Прагулкі з Лесавічком”.

Кашалеўская СБ запрасіла ўдзельнікаў семінара ў імправізаваны фітабар. Якраз зараз ён распачынае сваю дзейнасць. Яго работу забяспечвае клуб па інтарэсах “Азбука здароўя”, што сёлета змяняе склад і перапрафілюе дзейнасць. Удзельнікі семінара ўбачылі яшчэ і прэм’еру інсцэніроўкі “Раман на тры ночы” Міколы Падабеда. Паставілі яе члены тэатральнага клуба “Маладзік” з Валеўскай СБ.

А бібліятэчную майстэрню прадэманстравала Брольніцкая СБ. Прыгожае тут нараджаецца рукамі членаў вытворча-тэхнічнага клуба па інтарэсах “Народны майстар” і бібліятэкара. Менавіта яна для ўдзельнікаў семінара правяла майстар-клас ад сельскага бібліятэкара “Вышыўка стужкай”. Вось такія розныя навыкі і ўменні прадэманстравалі навагрудскія бібліятэкары сваім калегам з Лідчыны.

Алена ЯНУШКЕВІЧ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ