Тыповы “тыпавы” расклад

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву

На парадку дня — сямейныя дынастыі. Пагадзіцеся, калі за росквітам сельскай культуры сочаць сваякі ды родзічы, якія працуюць у адной установе, дык такі “тыпавы” расклад — агульнай справе толькі на карысць.

Па-першае, “сямейны падрад” дае магчымасць падвоіць ці нават патроіць кола аднадумцаў, якія не толькі мысляць у адным творчым кірунку, але і не менш эфектыўна пераўтвараюць думкі ў канкрэтную справу. І такі “мазгавы штурм” прымусовым ніяк не назавеш. А агульны прафесійны гонар пакрысе набывае “фармат” сямейнай традыцыі.

Па-другое, паміж, да прыкладу, мужам і жонкай, што разам “апрацоўваюць” культурную ніву, ніколі не ўзнікае спрэчкі-непаразумення наконт таго, што адзін з сужэнцаў і дзень, і ноч, і нават выхадны бавіць на працы. І кожны ў такім выпадку цудоўна разумее: не “бавім”, а “гарым”.

Па-трэцяе, у выніку такога “гарэння” дынастыя мае трывалы і бясконцы працяг у сынах, дачках ды ўнуках... І названы “тыпавы” расклад для Беларусі — вельмі тыповы. Так што гэтая публікацыя — не першая і не апошняя.

Івацэвіччына: вольнаму — Воля

Вёска Воля аграгарадком стала зусім нядаўна. І пяці гадоў няма як Сяргей Азарка працуе дырэктарам мясцовага СДК. У сваіх творчых жаданнях ён не проста вольны... Аматар чыстага гуку, “слухач”, на баяне так грае, што заслухаешся! Такому менавіта Воля з яе аграгарадоцкімі творчымі магчымасцямі і даспадобы. А побач з Сяргеем — жонка Людміла, мастацкі кіраўнік. Натуральна, дачка Аліна, старшакласніца з неблагімі вакальнымі данымі, таксама — у клубным асяродку. І таксама збіраецца набываць “культурную” адукацыю... У начальніка аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Юрыя Куленіча сям’я Азаркаў — на асаблівым рахунку. Кажа: “Таленавітыя ды ўчэпістыя”.

/i/content/pi/cult/398/8045/1-1.jpeg

У чым жа ўчэпістасць кіраўніка Воленскага СДК? У тым што наладзіў надзейныя стасункі з генеральным дырэктарам буйнога мясцовага прадпрыемства “Івацэвічы-агратэхсэрвіс” Васілём Валанцэвічам. У выніку спонсарскай падтрымкі ў клубных калектываў — шыкоўныя сцэнічныя строі, сучасныя мікшэрны пульт ды мікрафоны. Таму за год артысты з Волі даюць па сорак канцэртаў, а план па аказанні платных паслуг заўжды выконваюць…

Слонімшчына: скарылі Польшчу і Літву

Начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк кажа, што дынастыі ў культуры — выратаванне ад кадравага “голаду”. Да прыкладу, Кастровіцкім СДК кіруе Лілія Генюш, а муж яе Юрый працуе акампаніятарам Сянькоўшчынскага СДК... Але вернемся у Кастровічы. Больш за дзесяць гадоў існуе тут народны вакальны гурт “Славяначка”. Дык вось, ля вытокаў яго стварэння стаяў Валерый Праўдзік. І ён, акампаніятар мясцовага СДК, ды ягоная жонка Іна, мастацкі кіраўнік гэтай жа ўстановы, і па сёння выступаюць у “Славяначцы”.

/i/content/pi/cult/398/8045/1-2.jpeg

А кіруе народным гуртом Ала Баравік. Ейны муж Віктар — качагар Кастровіцкага СДК... Хтосьці запытаецца: “А ў чым, уласна, крэатыў?” Ды ў тым, што, па словах начальніка аддзела культуры, згаданы вакальны ансамбль мае душу, інакш кажучы, жывуць і твораць выканаўцы душа ў душу. А для гэтага, пагадзіцеся, вельмі пастарацца трэба.

На леташнім Рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці, што ладзіцца ў Слоніме, “Славяначка” ў адной з намінацый заняла І месца. Апрача таго, гурт пастаянна гастралюе, нязменна скараючы сваім талентам Польшчу і Літву…

Чэрыкаўшчына: каб мама не журылася

Таццяне Сцепаненка пашанцавала. Не столькі таму, што яна ўзначальвае Сельскі цэнтр культуры ў пасёлку Зоры, а яшчэ і з той прычыны, што ёй у працы пастаянна дапамагае рэжысёр Раённага метадычнага цэнтра Наталля Марозава. Справа ў тым, што Таццяна Аляксандраўна — маці Наташы. І дачка на паўстаўкі працуе ў Зорскім СЦК хормайстрам.

Але выгоды “тандэму” — не толькі ў вакальных дасягненнях пасялковай установы культуры, хоць мясцовы ансамбль “Весялуха” і лічыцца адным з яркіх творчых калектываў Чэрыкаўшчыны. Проста, мама не журыцца яшчэ і таму, што дачка аказвае ёй пастаянную метадычную дапамогу ў рэжысуры і драматургіі выканання плана па аказанні культурных паслуг. Нямногія клубнікі з глыбінкі могуць пахваліцца такім штодзённым метадычным “падсілкаваннем”.

Жарты жартамі, але ўсе мерапрыемствы сельскага клуба, па меркаванні начальніка аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама Кацярыны Каркозавай, маюць “знак якасці”: канцэрты — заўжды яркія, а танцавальныя вечары — заўжды тэматычныя. Лішне казаць, што план па паслугах маці і дачка выконваюць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"