Варыянты сутнасці

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Юбілейным угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа прысвечана выстаўка твораў народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны Васіля Шаранговіча. Яна мае назву “Песняры роднай зямлі”.

Да спадчыны нашых Песняроў мастак звяртаўся яшчэ ў студэнцкія гады, і асэнсоўвае яе на працягу ўсяго творчага шляху, аж да сённяшняга дня. Экспазіцыю складаюць кніжныя ілюстрацыі ды станковыя аркушы паводле твораў Купалы і Коласа. Выстаўка скіравана найперш на тых аматараў мастацтва, каму цікава сачыць за стылёвай і ментальнай эвалюцыяй мастакоў, чые імёны на слыху, а творы — навідавоку. Васіль Шаранговіч — якраз такі майстар. У розныя гады ён звяртаўся да адных і тых жа паэтычных вобразаў, але кожным разам па-новаму. Я нават сказаў бы, што рэтраспектыва ягонага ўспрымання спадчыны Коласа і Купалы дае ўяўленне пра тое, як цягам апошніх сарака гадоў змянялася стаўленне да Песняроў у беларускім грамадстве: напачатку была засяроджанасць на этнаграфічных матывах ды сацыяльным змесце, потым — захапленне рамантычнымі вобразамі, і нарэшце — усведамленне пазачасавай і наднацыянальнай сутнасці творчасці класікаў.

/i/content/pi/cult/398/8042/2-3.jpeg

Раннія работы Шаранговіча па матывах твораў Купалы і Коласа выкананы ў даволі брутальнай тэхніцы лінарыту, дзе ёсць толькі чорнае і белае. Потым ён адным з першых у Беларусі стаў майстрам багатай адценнямі каляровай літаграфіі. А ілюстрацыі да Коласавай “Новай зямлі”, якія ўжо лічацца класічнымі, — вытанчаныя акварэлі. Гэтыя добра вядомыя бібліяфілам творы можна пабачыць на выстаўцы.

Мне ж цікавейшымі падаліся работы іншага кшталту — эскізы і варыянты ілюстрацый, якія не вядомыя шырокай грамадзе. Гэта частка той “творчай кухні”, куды мастак чужых звычайна не пускае. Тут Васіль Пятровіч дэманструе нязвыклую для тых, хто яго ведае выключна па знакавых творах, экспрэсіўнасць ды разняволенасць. Шырокі мазок, імклівы штрых, адсутнасць дробных дэталей — усё працуе не на аповед, а на ўражанне, што для Васіля Шаранговіча — рэч нечаканая. Можна нават пашкадаваць, што гэтыя работы не трапілі ў тыраж, не сталі аздобаю кніг. Аднак тая акалічнасць, што мастак вырашыў пазнаёміць з дадзенымі творамі публіку, можа сведчыць пра яго намер нешта змяніць у сваёй творчай манеры.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"