Фактар дыяспары

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Шэраг праектаў, скіраваных на папулярызацыю беларускай культуры, днямі адбыўся за межамі нашай краіны.

У прыватнасці, прымеркаваная да юбілейных угодкаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка тэма беларускай мовы і культуры атрымала адлюстраванне ў ходзе Дзён літаратуры, што прайшлі ў Калінінградcкай вобласці Расіі.

Цэнтральным мерапрыемствам свята стала арганізаваная Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеем пры ўдзеле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы выстаўка, прысвечаная творчасці паэтаў Беларусі, Расіі і Літвы. Свята прыцягнула ўвагу нашых суайчыннікаў у Калінінградскай вобласці.

Варта адзначыць, што падтрымка беларускай дыяспары з боку нашай дзяржавы атрымала ў бягучым месяцы працяг. У прыватнасці, адбылася сустрэча кіраўніка Краснаярскага аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі Рыгора Зубкевіча з беларускай дыяспарай Краснаярскага краю. У сустрэчы, на якой абмяркоўваліся будучыя праекты ў сферы эканомікі і культуры, прыняў удзел старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская Нацыянальна-культурная аўтаномія Краснаярскага краю” Н.Александровіч, а таксама кіраўнікі дылерскіх структур прадпрыемстваў нашай краіны ды этнічныя беларусы.

Актыўная праца вядзецца і па падтрымцы ініцыятыў дыяспары ў Казахстане. Напрыканцы кастрычніка адбылася сустрэча супрацоўнікаў пасольства нашай краіны ў Казахстане з прадстаўнікамі дыяспары Карагандзінскай вобласці. У ходзе сустрэчы бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях дзейнасці беларускай дыяспары ды перспектыўных напрамках супрацоўніцтва. У прыватнасці, абмяркоўвалася пытанне аб устаноўцы на тэрыторыі Спаскага мемарыяльнага комплексу ў Карагандзінскай вобласці памятнага знака беларусам — ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Акрамя таго, Пасол адзначыў дзейнасць этнакультурнага аб’яднання “Спадчына” Карагандзінскай вобласці, якое сёлета адзначыла 10-годдзе.

А напярэдадні сустрэчы ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Казахстана прайшлі Дні беларускай кнігі, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Адбылася цырымонія перадачы кніг і электронных выданняў па гісторыі, эканоміцы, літаратуры і прыродзе Беларусі ад імя пасольства нашай краіны ў дар бібліятэцы.