“Дзяды” з відэа

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

2 лістапада, акурат у Дзень памяці продкаў, у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля “Дзяды”.

У аснову пастаноўкі рэжысёра Аляксандра Янушкевіча пакладзена паэма Адама Міцкевіча “Дзяды” ў перакладзе Сержа Мінскевіча.

У час падрыхтоўкі да спектакля творчая група на чале з рэжысёрам наведала знакавыя для Міцкевіча мясціны. Пад час паездкі быў адзняты відэаматэрыял, які ўключылі ў відэааздобу пастаноўкі.

“Дзяды” сёння — гэта парадаксальна-містычнае палатно. Прэм’ера адбылася ў рамках Творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі, якая распачала сваю дзейнасць яшчэ раней — 26 кастрычніка.

Дадзены праект ладзіцца не ўпершыню. Пад час працы Творчай лабараторыі запланавана паказаць сем прэм’ерных пастановак усіх рэгіянальных тэатраў лялек Беларусі бягучага года.

Рашэнне аб узнаўленні праекта Творчай лабараторыі было прынята ўвесну Саветам дырэктараў тэатраў лялек Беларусі. Акцыя скіравана, натуральна, у першую чаргу на карысць гледачоў, якія змогуць убачыць новыя спектаклі. Але ж, зразумела, і тэатральныя крытыкі, прафесіяналы сферы атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з навінкамі тэатральнага жыцця беларускіх тэатраў, адзначыць вартасці пастановак.