Правілы Елізар'ева ва ўласнай рэдакцыі

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Пра танцораў-"акадэмікаў", артыстаў-мысліцеляў і "аўтарскі" балет

30 кастрычніка народнаму артысту СССР і Беларусі, прафесару Валянціну ЕЛІЗАР’ЕВУ споўнілася 65 гадоў. З гэтай нагоды ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе ён выкладае на кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі, адбылося ўшанаванне майстра. Міністр культуры Павел Латушка ўручыў юбіляру Падзяку Прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча. Ад сябе ж дадаў: “Вы з’яўляецеся эпохай для культуры. Такіх людзей — усяго адзінкі. Вы стварылі нацыянальную балетную школу і ўзнялі яе на Алімп сусветнага прызнання: беларускі балет і, шырэй, нашу нацыянальную культуру ведаюць і любяць у свеце дзякуючы вашай працы. Хацелася б падзякаваць вам і за педагагічную дзейнасць, за тое, што вы дорыце свой талент маладым, якія будуць працягваць закладзеныя вамі традыцыі. Мы цэнім ваш талент і вас як Асобу, як папраўдзе вялікага дзеяча нашай культуры…”.

/i/content/pi/cult/398/8038/1-1.jpeg

Павіншаваць Валянціна Мікалаевіча прыйшлі прадстаўнікі многіх арганізацый і ўстаноў, калегі і сябры. Было і музычнае прывітанне — “Многая лета”, — праспяванае студэнтамі-харавікамі. Рэктар Акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава падарыла імянінніку DVD-дыск з рэдкімі запісамі апошніх рэпетыцый М.Бежара. Дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар — два месцы ў зале на любыя канцэрты. Павіншаваць і падзякаваць майстру прыйшлі прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, тыя, хто працаваў поруч з ім над спектаклямі, — салісты балета Віктар Саркісьян і Вольга Лапо, канцэртмайстар Ларыса Талкачова, цяперашнія студэнты-харэографы, загадчык кафедры спеваў Акадэміі Людміла Колас. Прывітальны адрас Вялікага тэатра, падпісаны яго генеральным дырэктарам Уладзімірам Грыдзюшкам, перадала юбіляру намеснік гендырэктара па працы з гледачом Зоя Юрчанка.

Дый напярэдадні, пад час прэзентацыі стужкі Алега Лукашэвіча “Беларускі балет. Гісторыя”, віншаванні атрымліваў не толькі рэжысёр-пастаноўшчык і ягоная “каманда”, але і Валянцін Елізар’еў як адзін з галоўных герояў відэааповеду.

Віноўнік урачыстасцей аддзячваў кнігай Ірыны Мільто “Валянцін Елізар’еў — мастак і чалавек: дакументальны аповед”. Гэтае выданне, што выйшла з друку за дзень да юбілею майстра, не мела такой урачыстай (і ўвогуле ніякай) прэзентацыі, але заслугоўвае асаблівай увагі ўсіх, хто цікавіцца беларускім балетам. У кнізе сабраны запісы размоў з майстрам, якія рабіліся для Беларускага радыё на працягу 35 гадоў. Іх адметнасць — у сапраўднай, а не “інсцэніраванай”, “разыгранай па нотах”, дакументальнасці. Дыялогі музыказнаўцы і харэографа дапоўнены каментарыямі аўтара, яе рэцэнзіямі на спектаклі. Значную вагу мае пасляслоўе доктара мастацтвазнаўства, прафесара, “галоўнага гісторыка” нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва Юліі Чурко, якая назвала 1970 — 80-я залатым векам беларускага балета, заўважыўшы, што пазней не наступіў нават сярэбраны…

Наша размова з Валянцінам Мікалаевічам, якая зусім не прэтэндуе на вычарпальнасць, адбылася, зразумела, яшчэ да ўсіх святкаванняў. І аказалася звернутай не да мінуўшчыны, а да будучыні.

— Мая мара, — усміхнуўся Валянцін Мікалаевіч, — стварэнне ў Беларусі Акадэміі танца.

— Як навукова-даследчага інстытута?

— Не, як ВНУ. На базе Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, як працяг атрыманай там сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Такія ВНУ адкрыліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Пекіне — прыкладаў хапае.

— Але ж цяпер харэаграфію як спецыяльнасць выкладаюць не толькі ва Універсітэце культуры і мастацтваў, але і ў Акадэміі музыкі, дзе вы, дарэчы, “прафесарствуеце”. Навошта тады яшчэ адна Акадэмія?

— Я сам у свой час скончыў Ленінградскую кансерваторыю, і вельмі ўдзячны за гэта лёсу ды сваім настаўнікам. У музыцы добра распрацавана тэарэтычная база, выяўлены драматургічныя заканамернасці. На ўсё гэта павінны абапірацца і харэографы! Гэтаму я вучу і сваіх студэнтаў: каб яны абапіраліся на музычныя прынцыпы, ішлі за сімфанічным развіццём, нават пераносілі ў пастаноўку некаторыя музычна-драматургічныя прыёмы — той жа распрацоўкі, монатэматызму, інтанацыйнага развіцця. Дзе, як не ў Акадэміі музыкі, усяму гэтаму вучыцца! Гэта адзін з найбольш сур’ёзных шляхоў навучання, такія веды не атрымаеш больш нідзе. Таму, калі ўзнікалі прапановы перанесці кафедру харэаграфіі ў Акадэмію мастацтваў, дзе рыхтуюцца акцёры, рэжысёры, мастакі, я быў катэгарычна супраць.

— Між тым, у некаторых сучасных балетных пастаноўках акрамя ўласна харэографа ўдзельнічае і рэжысёр…

— Проста, многія забылі, што гэта было і раней. Калі ў савецкія часы пачаў развівацца такі жанр, як харэадрама, да рэжысёра ўжо звярталіся. Той жа “Бахчысарайскі фантан”, між іншым, ставіў не толькі харэограф Расціслаў Захараў, але і рэжысёр Сяргей Радлоў. Але ж харэаграфія неаддзельная ад музыкі — нават прытым, што сёння многія пастаноўшчыкі ставяць некаторыя фрагменты “на цішыню” ці нават “стукат” пішучай машынкі ды іншыя гукі наваколля. Так, харэаграфія — сінтэтычнае мастацтва, але яго аснова — менавіта, паўтаруся, музычная драматургія, памножаная на пластыку, танец, сцэнічную драматургію, жывапіс і ўсё астатняе.

— Вы ж самі сабе пярэчыце: так высока ацэньваеце Акадэмію музыкі, а хочаце заснаваць Акадэмію танца…

— У Акадэміі музыкі навучаюцца будучыя харэографы і педагогі-рэпетытары. А як жа быць з артыстамі балета?

— Дык вам патрэбны танцоўшчыкі ці акадэмікі?

— Музыканты, спевакі, артысты драматычных і лялечных тэатраў — усе маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці. Адны толькі артысты балета гэтага пазбаўлены. А яны маглі б працягваць працу ў тэатры — і сумяшчаць яе з навучаннем. Тады б у іх асяродку самі сабой вылучаліся б харэографы, педагогі, балетмайстры, рэпетытары, крытыкі. Трэба, каб усе гэтыя спецыялісты выходзілі з прафесійнага асяродку, а не былі “выпадковымі”, каб пад адным дахам сабраліся спецыялісты ва ўсіх галінах танца. На гэтай аснове ўзнікла б і навуковая база. Так што нам патрэбны танцоўшчыкі-мысліцелі. На сцэне ж нічога не схаваеш, таму я заўсёды любіў артыстаў, якія не толькі паўтараюць рухі, але і, галоўнае, думаюць. Ды, калі разабрацца, харэаграфічнае мастацтва — гэта мастацтва яшчэ і руху думкі. У адваротным выпадку, яно ператвараецца ў шоу, нейкія “рэбусы”, у што заўгодна, а трэба, каб яно было мастацтвам катарсісу, суперажывання, філасофіі.

— Аднойчы я была сведкай таго, як вы грунтоўна распавядалі пра індыйскую традыцыйную харэаграфію — нібыта ўсё жыццё толькі гэтым і займаліся. Пэўна, вы пачалі вывучаць усходнія нацыянальныя школы, калі ставілі “Шчаўкунка”?

— У гэтым балеце сапраўды ёсць сюіта нацыянальных танцаў розных народаў свету. І я, натуральна, выкарыстоўваў у ёй тыя або іншыя элементы іх танцавальнай культуры. Але зацікавіўся ўсім гэтым куды раней, так што да таго часу пэўны багаж ведаў у мяне ўжо быў.

— Апошнім часам складаецца ўражанне, што вас цікавіць калі не ўсё, дык лепшае ў розных відах мастацтва. Вас часта можна бачыць на канцэртах, спектаклях,... Гэтым задавальняеце ўласныя эстэтычныя патрэбы ці імкняцеся пашырыць сваё інфармацыйнае поле?

— Вучыцца трэба ўсё жыццё. Я гэта раблю. Гэта развівае мяне як асобу, узбагачае мае веды, дае падтрымку ў творчасці. Я і раней намагаўся бываць на выстаўках, наведваць цікавыя спектаклі, канцэрты, а зараз для гэтага з’явілася больш часу. Да таго ж, кожнаму творцы трэба ведаць, што адбываецца ў замежжы, якія тэндэнцыі з’яўляюцца ў еўрапейскай ды сусветнай культуры. Шмат дапамагаюць мне ў гэтым фестывалі і конкурсы, дзе я бываю. А гэта і Японія, і Кітай, і Паўднёвая Карэя, і краіны Еўропы, не кажучы ўжо пра постсавецкую прастору. Конкурсы цікавыя яшчэ і тым, што на іх бачыш, як нараджаецца новая зорка, за якой ты і надалей будзеш сачыць.

— Што, на вашу думку, трэба, каб такая зорка нарадзілася — не толькі сярод артыстаў, але і сярод балетмайстраў? Зразумела, адоранасць, веды, але, магчыма, і нейкія чалавечыя якасці? Хтосьці лічыць, што нават — уменне ісці да мэты, не грэбуючы нічым…

— Пастаноўшчыку трэба любіць артыстаў, разумець іх, умець супрацоўнічаць з імі, але і праяўляць характар. Харэограф павінен быць чалавекам, які ведае, чаго ён хоча. Думаю, мае выхаванцы мусяць быць больш рашучымі, чым я: я многага не зрабіў, што хацеў. Галоўнае — трэба ўвесь час ставіць ды ставіць, пачынаючы са студэнцкіх гадоў. Калі я вучыўся, я ставіў для каго заўгодна, нават для мюзік-хола, і мой педагог Ігар Бельскі ў гэтым толькі заахвочваў. Цяперашняя ж моладзь мае менш такіх магчымасцей, бо нават у драматычных спектаклях часам з-за недахопу сродкаў эканомяць на харэографе. Але і сапраўды, тэатраў у свеце многа, а творчых лідараў — мала…

— У 1970-я вы зрабілі сапраўдную рэвалюцыю: замест уніфікаванага “савецкага” тэатра, дзе ёсць аднолькавы ва ўсіх набор класікі і нейкая харэадрама на нацыянальную тэму, прапанавалі тэатр “аўтарскі”, з рэпертуарам, дзе нават класіка ідзе ў “сваёй” рэдакцыі…

— Я і сапраўды імкнуўся, каб пастаўленыя мной спектаклі былі здабыткам толькі нашага тэатра. І калі ўзнікалі прапановы з іншых калектываў, я звычайна ад гэтага адмаўляўся, каб у нашым тэатры быў эксклюзіў. Сёння — іншая справа. Мае спектаклі запатрабаваны ва ўсім свеце, і я стаўлю іх там, куды мяне запрашаюць. У сакавіку, да прыкладу, ізноў паеду ў Японію…

— Некаторы час таму вы ставілі там “Дон Кіхота”, які адрозніваецца ад класічнага не толькі купюрамі, але і большай дынамікай, гумарам, больш развітой партыяй Гамаша і, вядома ж, новымі пастаўленымі вамі фрагментамі…

— Яго нават называлі жартам Гамаш-Кіхотам. А зараз я буду ставіць у іх новае “Лебядзінае возера”  — з асновай на класічную харэаграфію, але ў маёй рэдакцыі і з… трагічным фіналам. Так, як гэта было задумана Чайкоўскім, але ўсё роўна па-новаму...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"