А “хлопчык” усё сталее

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Напярэдадні XIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” яго ганаровы старшыня, народны артыст СССР і Беларусі Расціслаў Янкоўскі знаходзіўся за межамі Беларусі. Знаходзіўся па ўважлівых прычынах, таму тэлефонная гутарка з ім была кароткай. Лішне казаць, што Расціслаў Іванавіч — “духоўны фестывальны бацька” — цалкам і назаўжды атаясамліваецца з “Лістападам”, застаецца ягоным “брэндам” і натхняльнікам. Гэта ўжо аксіёма, кінафакт, зацверджаны гісторыяй без пераздымачных дубляў.

Летась, перад пачаткам васямнаццатага па ліку “Лістапада”, Расціслаў Іванавіч казаў пра тое, што “хлопчык-фэст”, які колісь “нарадзіўся з нічога”, ужо адзначае паўналецце. Ён — родны для нас, і ягонае сталенне наўпрост уплывае на сталенне нацыянальнай кінематаграфіі. “Лістапад”, развіццё якога знаходзіцца пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, даўно ўжо займеў не абы-які кінарозгалас не толькі ў Еўропе. Яго сталенне — і ў яркім замежным прадстаўніцтве, што год ад года няўхільна пашыраецца.

/i/content/pi/cult/398/8034/2-4.jpeg

І яшчэ адна фестывальная выснова, якая грэе сэрца не толькі ганаровага старшыні, але і кожнага ягонага суайчынніка. Замежны “лістападаўскі” аўтарытэт — надзвычай важны. Аднак не менш значным ды знакавым падаецца і тое, што Мінскі міжнародны кінафорум здолеў давесці свету: у Беларусі ёсць нацыянальнае кіно. Доказам таму — “лістападаўская” прэм’ера стужкі Сяргея Лазніцы “У тумане” паводле твора народнага пісьменніка нашай краіны Васіля Быкава. Фільм, ужо ўганараваны ў Канах, на роднай зямлі “прагучаў” не менш пераканаўча...