Правілы кінафоруму

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Здавалася б, 19 гадоў для буйнога кінафестывалю — гэта не так і шмат, але… За час свайго існавання Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” ужо паспеў стаць сведкам розных эпох. Ён ствараўся ў 1990-я, развіваўся і сталеў у 2000-я, а цяпер — ва ўмоўныя 2010-я — атрымлівае своеасаблівае другое жыццё. Прагледзеўшы сёлета яго шматлікія праграмы, спіс гасцей, карэспандэнт “К” усё ж паспрабаваў вызначыць галоўнае на сённяшнім свяце кіно — светапогляд мінскага кінафоруму. Як вядома, менавіта культурныя арыенціры і робяць фестываль адметным на міжнароднай карце. Акрэсліць пазіцыі “Лістапада” пагадзіліся дырэктар мінскага кінафоруму Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ і дырэктар праграмы ігравога кіно і конкурсу для дзяцей і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” Ігар СУКМАНАЎ.

— Нашай задачай ніколі не было “дагнаць” і “абагнаць” самыя вядомыя форумы. Бо дасведчаную публіку цікавіць тая культурная падзея, якая не паўтарае штосьці, а менавіта адрозніваецца, мае сваё аблічча, — кажа Анжаліка Крашэўская. — Таму мы паставілі сабе за мэту не баяцца быць самімі сабой. Пры гэтым зразумела, што для таго, каб цябе прызналі ў свеце кінапрафесіяналаў, належыць адпавядаць міжнароднаму ўзроўню. Таму для “Лістапада” і стала важным крокам акрэдытацыя ў FIAPF — Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, куды ўваходзяць Берлінскі, Канскі, Венецыянскі, Маскоўскі, Варшаўскі ды шэраг іншых самых прэстыжных кінафестываляў.

— Ці складана адпавядаць міжнароднаму стандарту?

/i/content/pi/cult/398/8032/2-2.jpeg

— Працаваць неабходна круглы год, і, адпаведна, на працягу года кінафестываль мае патрэбу ў падтрымцы. На жаль, сёння нам яшчэ даводзіцца сутыкацца з такім уяўленнем, што кінафорум робіцца за месяц. Многія мяркуюць, што кінафорум — гэта нешта кшталту навагодняй ёлкі. Але падзея міжнароднага ўзроўню робіцца зусім інакш, і для таго, каб з табой лічыўся міжнародны кінасвет, трэба прытрымлівацца іншых правілаў.

— Цікава, якія патрабаванні трэба выконваць, каб заставацца ў FIAPF?

— Мінімальны пакет — тое, што дырэкцыя павінна працаваць і фінансавацца цягам года. Праграмныя дырэктары мусяць валодаць замежнымі мовамі і быць у курсе міжнародных кінападзей: ездзіць на кінафестывалі, прымаць удзел у кінарынках, адглядаць навінкі і г. д. Сёлета да нас прыязджае прадстаўнік FIAPF, таму мы будзем трымаць экзамен, як і на наступны год, калі паспрабуем атрымаць не часовую, а пастаянную акрэдытацыю ў Міжнароднай федэрацыі. І патрабаванні будуць яшчэ больш жорсткімі. Але калі Мінск і краіна ўвогуле хоча мець кінафорум высокага ўзроўню, неабходна рабіць адпаведныя крокі — і ўсім разам. Нам адным не рэалізаваць праект, бо існуе маса патрабаванняў, якія залежаць не толькі ад дырэкцыі.

— Многія лічаць “Лістапад” камерцыйным фестывалем…

— Гэта глупства! Людзі чамусьці лічаць, што калі прадаюцца білеты на фестывальныя карціны — гэта абавязкова камерцыя. Але камерцыйнае мерапрыемства мае на ўвазе атрыманне прыбытку — у нашым жа выпадку кінатэатры, якія бясплатна прадастаўляюць нам плошчы, за кошт білетаў вяртаюць сабе выдаткі па ўтрыманні будынкаў. Нагадаю, мінскія кінатэатры ў нас — на самаакупнасці, таму ім неабходна аплачваць камунальныя паслугі, плаціць заробак персаналу. Тое — натуральна, і ў гэтым сэнсе мы можам толькі пахваліць нашых работнікаў кінапракату за іх цікавасць і любоў да фестывалю.

— Ці займеў за гэты час “Лістапад” трывалых партнёраў? Ці адчуваеце, што Мінск кіношны паболеў на вашых аднадумцаў?

— Партнёры — ёсць, і хочацца верыць, што з’явіліся і аднадумцы, якія разумеюць значэнне паказаў узораў сучаснага якаснага кіно, разумеюць тое, наколькі важнае гэтае мастацтва. Аднак наяўнасць партнёраў, на жаль, не абараняе нас ад сутыкнення з праблемамі. Скажам, з недасканаласцямі заканадаўства ў дачыненні да падтрымкі культурных праектаў: як нам падзякаваць тым жа спонсарам, каб гэта не лічылася рэкламай? Сутыкаемся з кадравай нястачай: як нашай дырэкцыі, што не налічвае і дзесяці чалавек, зладзіць фестываль на тым узроўні, якога мы трымаемся, і паспрабаваць удасканальваццца далей? Разумееце, фестываль — гэта той прэцэдэнт, які робіць заўважным увесь наш культурны асяродак. І хацелася б, каб прафесіяналаў ды рупліўцаў у ім станавілася ўсё больш…