— Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” — цудоўны форум, які патрэбен усёй краіне. Мы можам толькі ганарыцца такім буйным фестывалем, што існуе ўжо амаль дваццаць гадоў
Вельмі важна, каб да нас прыязджалі кіназоркі з ўсяго свету, каб прывозіліся лепшыя стужкі самых розных мастацкіх кірункаў і жанраў. Усё гэта павінна не толькі спрыяць глядацкай цікавасці да кіно як віду мастацтва, але і быць штуршком для нашага нацыянальнага кінематографа, нараджаць у ім новыя ідэі.
Дадам, што фестывальны рух — увогуле адзін з найбольш паспяховых шляхоў развіцця той або іншай галіны. Можа, яго вынікі становяцца заўважнымі не імгненна, але, у рэшце рэшт, любы фестываль (а тым больш, такі значны, як наш “Лістапад”) дае той неацэнны вопыт, які абавязкова прывядзе да “прарыву”.
Дзевятнаццаты па ліку форум — знакавы яшчэ і таму, што папярэджвае юбілейны, дваццаты. Сёлета ён, як вядома, зведаў змены: уладальніка Гран-пры будуць вызначаць не гледачы, а прафесійнае журы. Гэта — сведчанне яшчэ большага, чым раней, узмацнення прафесійнага складніка ды прэстыжу свята. Пройдзе на ім і конкурс нацыянальных дакументальных кінашкол. І ў гэтым бачыцца клопат фестывалю пра будучыню, пра тую творчую моладзь, што прадоўжыць традыцыі мэтраў ды адкрые новыя гарызонты…