Вектар кантактаў

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

З 28 па 31 кастрычніка з афіцыйным візітам нашу краіну наведаў міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Браціслаў Петкавіч.

29 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылося падпісанне праграмы супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія на 2012 — 2017 гады.

Па словах міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, праграма прадугледжвае развіццё кантактаў паміж краінамі ў сферы музычнага і тэатральнага мастацтва, кінавідэамастацтва, музейнай справы і выставачнай дзейнасці, аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, бібліятэчнай справы і многага іншага.

/i/content/pi/cult/398/8028/1-2.jpeg

Як адзначыў кіраўнік Міністэрства культуры Беларусі, падпісаннем праграмы фактычна фармалізаваны адносіны, якія апошнім часам асабліва актыўна развіваюцца паміж краінамі ў сферы культуры. Міністр нагадаў, што ў 2010 годзе на Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” у якасці ганаровага госця быў запрошаны вядомы сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца, які з рук Прэзідэнта Беларусі атрымаў адну з галоўных узнагарод форуму — спецыяльны прыз Кіраўніка дзяржавы “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Акрамя таго, летась было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж вялікімі тэатрамі дзвюх краін, а сёлета — пагадненне паміж Нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Сербіі.

Таксама вельмі важна і тое, што беларускія творчыя калектывы прымаюць удзел у розных фестывалях, якія праходзяць у Сербіі, а сербскія артысты — у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” ды іншых.

— Усё гэта сведчыць аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, і для Міністэрства культуры вельмі важна ствараць адпаведную прававую базу, — падкрэсліў Павел Латушка. — Перакананы, што падпісаная сёння праграма будзе садзейнічаць нашай далейшай сістэмнай рабоце…

У сваю чаргу, міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Браціслаў Петкавіч адзначыў, што лічыць Беларусь брацкай краінай, а беларускую культуру — роднаснай.

— Дзвюм краінам ёсць чаму павучыцца адна ў адной у сферы культуры, — сказаў, у прыватнасці, Браціслаў Петкавіч. — Ведаю, што ў Беларусі ў сферу культуры ўкладваецца вельмі шмат фінансаў. Сведчанне гэтага — Вялікі тэатр оперы і балета, адна з лепшых пляцовак падобнага кшталту, якую я калі-небудзь бачыў…

Таксама ў рамках візіту адбыліся сустрэчы Браціслава Петкавіча з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолем Тозікам і з першым намеснікам міністра інфармацыі нашай краіны Ліліяй Ананіч. Да таго ж, пад час свайго прабывання на беларускай зямлі міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Браціслаў Петкавіч наведаў установы культуры нашай краіны, а таксама аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, сярод якіх — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі” ды некаторыя іншыя.

На здымку: у час падпісання праграмы супрацоўніцтва.

Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"