“Каралеўскія скарбы”: перад вяртаннем на Альбіён

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Выстаўку “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 — 1800” у Нацыянальным мастацкім музеі і ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” наведалі прыблізна 85 000 наведвальнікаў. Прычым амаль 33 000 пабачылі выстаўку ў Мінску і 52 000 — у Нясвіжы. Закрыецца экспазіцыя 4 лістапада.

Мяркуецца, што пасля вяртання ў Лондан гэтыя экспанаты не будуць пакідаць радзіму чвэрць веку. Праект яшчэ доўжыцца, але ўжо можна падвесці некаторыя вынікі гэтай культурнай акцыі.

Адказаць на пытанне, чым стаўся для Мінска і Нясвіжа сумесны праект з лонданскім Музеем Вікторыі і Альберта, якім досведам ўзбагацілася наша музейная справа, мы папрасілі супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея-запаведніка “Нясвіж”.

/i/content/pi/cult/397/8024/1-4.jpeg

Святлана ПРАКОП’ЕВА, куратар выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі:

— Мы і раней прымалі выстаўкі з Усходняй і Заходняй Еўропы, з Амерыкі. Праўда, у сёлетнім праекце былі моманты, з якімі мы сутыкнуліся ўпершыню. Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей упершыню плаціў за арэнду экспанатаў. Упершыню трэба было атрымліваць спецыфічныя ліцэнзіі, з чым раней не працавалі...

Наталля ЖАРКО, куратар выстаўкі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”:

— Гэта быў прынцыпова новы для нашага музея праект. Мы толькі адкрыліся, і напачатку супрацоўнічалі толькі з рэспубліканскімі ўстановамі. І вось, такі сусветна вядомы музей — у нашых сценах! Праз гэты праект мы атрымалі вялікі досвед, які, безумоўна, прыдасца нам у будучыні. За час існавання Музеем Вікторыі і Альберта назапашаны велізарны вопыт ва ўсім, што датычыцца збору экспанатаў, іх перавозкі, захоўвання, стварэння экспазіцый. Цяпер жа з гэтым досведам азнаёміліся і мы. Усе службы Музея-запаведніка “Нясвіж” былі зайдзейнічаны на брытанскай выстаўцы, і мы адпаведна, атрымалі свайго кшталту майстар-клас.

/i/content/pi/cult/397/8024/1-6.jpeg

Хачу адзначыць яшчэ адну акалічнасць. Мы на свае вочы ўпэўніліся, што нашы нацыянальныя скарбы не горшыя за тыя каштоўнасці, што прывезлі брытанцы, і вартыя не меншай увагі. Дарэчы, брытанскія калегі далі высокую ацэнку экспанатам Нясвіжа. Я сказала б, што ў іх варта павучыцца таму, як трэба сябе любіць.

Хоць у Нясвіжа праблема не ў адсутнасці наведвальнікаў, а, хутчэй, у празмернай іх колькасці, выстаўка з Лондана паказала, што рэкламай трэба займацца не толькі напярэдадні падзеі, але на працягу ўсяго часу працы экспазіцыі, нагадваць пра яе праз тэлебачанне, радыё, прэсу.

/i/content/pi/cult/397/8024/1-5.jpeg

І апошняе: мы і надалей збіраемся прымаць выстаўкі з-за мяжы. Для гэтай мэты рэалізуем праект “Выставачная зала”. Прадметы з Музея Вікторыі і Альберта былі прадстаўлены непасрэдна ў залах асноўнай экспазіцыі. Цяпер жа мы ствараем спецыяльную залу для выставак, абсталяваную пэўным чынам…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"