Абразы вядомыя і невядомыя

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя св. Кірылы і Мяфодзія выдаў кнігу-каляндар “На скрыжаванні еўрапейскіх дарог. Беларускія іконы”, укладзеную Юрыем Піскуном, вядомым даследчыкам беларускага мастацтва.

 /i/content/pi/cult/136/802/Abrazy.jpg
У кнізе можна вылучыць дзве паралельныя лініі, злучаныя агульным матэрыялам даследавання. Адну, уласна каляндарную, утвараюць 24 выдатна аддрукаваныя выявы беларускіх абразоў з грунтоўным мастацтвазнаўчым аналізам.
Другая лінія ўяўляе сабой папулярны агляд гісторыі айчыннага іканапісу ад старажытнарускага перыяду да канца XVIII ст.
“На пачатку шляху” царкоўнага мастацтва ў Беларусі стаіць Полацк з фрэскамі Спаскай царквы, крыжам Лазара Богшы і Эфескай іконай Багародзіцы. Выклаўшы жыційную гісторыю апошняй, Ю.Піскун сумняваецца ў першаснасці вядомай Тарапецкай іконы Адзігітрыі (якая цяпер знаходзіцца ў Рускім Музеі ў Пецярбургу), лічачы яе спіскам з легендарнай Эфескай іконы прападобнай Еўфрасінні, выкананым у Полацку. Даследчык угледжвае ў ёй рысы падабенства з італьянскімі абразамі пачатку ХІІІ ст., пскоўскімі іконамі XІV ст. і нават з полацкай разной іконкай св. Канстанціна і Алены першай траціны ХІІІ ст. Аўтар нагадвае пра вываз іконы ў 1663 г. царом Аляксеем Міхайлавічам з Полацка ў Маскву, засведчаны ў вершах Сімяонам Полацкім, і лічыць больш верагодным, што старадаўняя ікона Багародзіцы ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля і ёсць сапраўдная Полацка-Эфеская ікона. Гіпотэза спрэчная, але ў сувязі з ёй можна прыгадаць, што ў Царкве Уваскрасення Славушчага пры вялікім Крамлёўскім палацы здаўна завецца Полацкай ікона Багародзіцы “Ушакоўскага пісьма”.
Далей аўтар характарызуе складаную ваенна-палітычную сітуацыю на заходне-рускіх землях у ХІІІ — XІV стст., якая прывяла да ўтварэння Вялікага княства Літоўскага і падзелу Праваслаўнай Царквы на дзве мітраполіі, а ў мастацтве заклала аснову для фарміравання мясцовых іканапісных традыцый. Для зацвярджэння новых мастацкіх форм і вобразаў важную ролю адыграла знаёмства з рэнесанснай культурай Італіі і краін Цэнтральнай Еўропы. Непасрэдны ўплыў на эвалюцыю сакральнага мастацтва аказалі Контррэфармацыя і Берасцейская унія.
Гэты супярэчлівы працэс Ю.Піскун апісвае ў артыкулах, прысвечаных розным аспектам вывучэння беларускага іканапісу.
Ілюстрацыі кнігі-календара яскрава паказваюць стылёвую разнастайнасць беларускага іканапісу. На яе старонках прадстаўлены абразы пераважна са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Музея старажытнабеларускай культуры. Выключэнне — загадкавае “Успенне” XV ст., вывезенае некалі з Мінска, якое зараз належыць Траццякоўскай галерэі. Выявы многіх абразоў друкаваліся ў вядомых альбомах Надзеі Высоцкай, але разам з тым укладальнік уключыў у новае выданне шэраг невядомых публікацый і рэдка друкаваных твораў. Напрыклад, “Цуд Георгія пра змія” з вёскі Вялікае Падлессе — гэты абраз быў скрадзены некалькі гадоў таму і вернуты ахоўнікамі парадку ў царкву, але, на жаль, са значнымі пашкоджаннямі. Толькі на часовай выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі можна было ўбачыць манументальны алтарны абраз “Маці Божая Жыровіцкая” 1751 г. з наваколляў Брэста з кранальным фундатарскім подпісам...

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ,
кандыдат мастацтвазнаўства,
вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага
мастацкага музея Беларусі