Рамеснік “прарастае” ў майстра

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву

Гэтым разам мы ўзялі пад увагу творчы патэнцыял работнікаў раённых дамоў рамёстваў. Іх роля ў захаванні і развіцці традыцыйнага мастацтва — неацэнная. Дзякуючы ім захавалася повязь пакаленняў. Як і колісь, карэннае рамяство (вытокі якога — у любові да Бацькаўшчыны) перадаецца ад бацькі сыну, ад маці — дачцэ. І рамеснік пакрысе становіцца майстрам, здольным на нечаканае мастацкае ўвасабленне ўласных думак, мар і спадзяванняў. І ў плеценым поясе, задымленай кераміцы, вышываным ручніку паўстае мінуўшчына, асветленая прыкметамі сённяшняга дня. Так у абліччы ўнука-падшыванца неўтаймоўна “прарастаюць” рысы прадзеда-мудраца. І за гэтымі творцамі — будучыня.

Свіслаччына: на кірмашы — і тэатр, і заапарк

Менавіта яны, рамеснікі-майстры, задумалі адрадзіць у Свіслачы кірмаш, які ў пазамінулым стагоддзі быў у Еўропе другім па маштабнасці пасля Зэльвенскага. Па словах начальніка аддзела культуры Свіслацкага райвыканкама Ірыны Паўлючэня, еўрасаюзаўскія структуры з гатоўнасцю выдаткоўваюць грошы на рэалізацыю гэтага трансгранічнага творчага праекта.

А дырэктар мясцовага РДР Наталля Пучкіна распавядае, што справа традыцыйнага мастацтва пашырае ў раёне сферу ўплыву: у вёсцы Сакольнікі адкрываецца сельскі дом рамёстваў, кіраваць якім будзе Жанна Сыраежка, якая і кошыкі пляце, і паясы. У планах таксама — адраджэнне мясцовай дрэваапрацоўкі.

/i/content/pi/cult/397/8018/1-1.jpeg

А кірмаш, пачынальнікам якога быў мецэнат Вінцэнт Тышкевіч, пройдзе на цэнтральнай плошчы Свіслачы наступным летам. Свае тавары прапануюць мясцовыя народныя майстры. Мяркуецца, што гэтым днём жыхары Свіслаччыны пабачаць, як і ў XIX стагоддзі, кірмашовы прывазны заапарк, а таксама — выступленне народнага тэатра.

Касцюковіччына: карцы ішлі на ўра

Праз салон-краму Касцюковіцкі РДР ужо рэалізаваў тавару больш чым на сем мільёнаў рублёў. Але наладжаны не толькі стацыянарны продаж работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дырэктар установы Віктар Давыдоў распавёў, што пад час “Дажынак-2012” у Горках касцюковіцкія карцы (чарпакі з доўгімі ручкамі) разабралі ўвобмірг.

Сам Віктар Давыдоў таксама — разьбяр і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Сёлета да гэтага саюза далучылася і мясцовая ткачыха Валянціна Волкава. Народным у гэтым годзе стаў і клуб майстроў-рамеснікаў “Спадчына”, што дзейнічае пры РДР і аб’ядноўвае больш за тры дзясяткі творцаў: ганчароў, разьбяроў, ткачых і вышывальшчыц.

Кіраўнік Касцюковіцкага дома рамёстваў поўны мар і праектаў. Ён, да прыкладу, — за цэнтралізаванае забеспячэнне РДР вобласці неабходным абсталяваннем: ганчарнымі кругамі, муфельнымі печамі. Мясцовыя глінамесы карысталіся самаробнай печкай, якая папросту прагарэла. А ахвотных займацца ганчарствам — заўжды шмат.

Апошні ж праект наступны: стварэнне пры ўстанове інтэрактыўнага этнамузея — пакоя, які праз свае рэчы ды мэблю (ад іконы з набожнікам да ложка) не толькі вяртаў бы нас у касцюковіцкую мінуўшчыну, але і з’яўляўся метадычна-навучальным класам для юных рамеснікаў. Памяшканне для музея-класа ўжо знойдзена.

/i/content/pi/cult/397/8018/1-3.jpeg

Глыбоччына: паясы для маладых

Галоўны жыццёвы праект дырэктара Глыбоцкага РДР Таццяны Карнеевай — нарадзіць трэцяе дзіця. Але, нягледзячы на хуткі дэкрэтны адпачынак, яна дбае і аб праектах творчых.

Першы звязаны з наданнем гуртку выяўленчага мастацтва звання “ўзорны”. У гуртку, якім кіруе Святлана Скавырка, — штогод па дваццаць дзяцей. Займаюцца яны маляванкамі — роспісам па палатне, унікальным відам мастацтва, які бярэ свой пачатак ад Язэпа Драздовіча…

Другі праект звязаны з павелічэннем відаў платных паслуг. Маніторынгі паказалі, што маладажоны пасля заключэння шлюбу гатовы наведаць РДР, каб прыдбаць там творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што стануць абярэгамі для іхняга далейшага сумеснага жыцця. Адзін з такіх абярэгаў — маляўнічыя плеценыя паясы. Іх вырабам займаецца майстар-метадыст Вера Байкова.

Застаецца дадаць, што Глыбоцкі РДР быў створаны на пачатку 1990 года і стаў першым не толькі на Віцебшчыне, але і ў рэспубліцы. Пашанотнае першынство мясцовыя народныя майстры імкнуцца захоўваць ва ўсіх кірунках сваёй творчасці.

На здымках: супрацоўнікі Свіслацкага РДР пад час адной з выставак-продажаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"