У галерэі “Мастацтва” Беларускага саюза мастакоў працуе персанальная выстаўка жывапісца Андрэя Пяткевіча “Збройная палата”.
На маю думку, экспазіцыі больш пасуе назва “Арсенал”, бо Збройная палата — гэта музей, дзе ўласна зброя складае толькі частку багатай калекцыі. Між тым, на дадзенай выстаўцы яна — галоўны чыннік і сэнсавы стрыжань: на ўсіх карцінах Пяткевіча не проста прысутнічаюць, але прыцягваюць увагу прылады, якія страляюць, рэжуць, колюць. Яны належаць да розных эпох і маюць розную “нацыянальнасць”, аднак агрэсіўная канфігурацыя як выяўленне функцыі і родавы знак яднае старажытны ятаган і сучасную штурмавую вінтоўку. Аўтар знаходзіць для кожнай такой прылады ўласны, які адпавядае менавіта ёй, візуальны кантэкст: нацюрморт, партрэт, краявід.
Цікава, што нават архаічныя ўзоры зброі ўспрымаюцца на карцінах Андрэя Пяткевіча не музейнымі рарытэтамі, якія “рукамі кранаць нельга”, а, так бы мовіць, жывымі істотамі. Гэткаму бачанню спрыяе і разняволеная жывапісная манера аўтара. Ды ўвогуле, работы Пяткевіча — гэта найперш якасны жывапіс: мастак дэманструе ўменне працаваць з колерам, будаваць кампазіцыю.
Відаць, гэтая выстаўка будзе мець поспех у мужчынскай часткі глядацкай аўдыторыі: схільнасць моцнай паловы чалавецтва ва ўсіх узростах захапляцца “гульнёй у салдацікі” даўно ўвайшла ў показкі ды выслоўі. Адчуваецца, што і сам аўтар у пэўным сэнсе “хворы на зброю”: ён малюе яе з такой жа замілаванасцю, як іншыя творцы — аголеных натуршчыц. Пры гэтым мастак мае пастаўленае вока і цвёрдую руку, як снайпер, кожны стрэл якога — у “дзясятку”.